Беларуская Служба

«Спаць спакойна» — фотагісторыі пра жыццё нанова

23.05.2024 15:37
У цэнтры Варшавы цяпер можна паглядзець фотавыставу пра беларускіх уцекачоў.
Аўдыё
  • Ірына Арахоўская: «Гэта толькі выглядае так проста, што мы прыехалі і жывём. У нас шмат у душы, і не ўсе мы можам спаць спакойна».
    .
Ірына Арахоўская і Пётр Вуйцік.facebook.com/iryna.arakhouskaya

«Спаць спакойна» – гэта назва выставы і, на жаль, недасяжная цяпер мара для многіх беларусаў, калі яны знаходзяцца ў сваёй краіне. Гэта сумесны польска-беларускі праект, над якім працавалі фатограф Пётр Вуйцік (Piotr Wójcik)і фатограф, журналістка Ірына Арахоўская.

Выстава – гэта фотагісторыі беларусаў, якія вымушана з’ехалі са сваёй краіны, многія з іх ехалі ў Польшчу праз Украіну і зведалі досвед падвойнай эміграцыі пасля пачатку вайны.

«Кожны праект, які быў рэалізаваны ў маім жыцці на пачатку выглядае так, што быццам мы ведаем шмат па тэме. А потым, калі вывучаем пра нешта і некага, выяўляецца, што нічога мы насамрэч не ведалі, гэта толькі здавалася. Таму гэты праект для мяне быў адкрыццём: і яго рэалізацыя, і знаёмства з героямі. Гэта быў новы вялікі досвед, моцнае перажыванне. Мы сустрэліся з людзьмі, чый досвед быў значна большы, за мой. Хаця б таму, што яны былі вымушаныя ўцячы са сваёй краіны, а я не меў такой патрэбы», – гаворыць Пётр Вуйцік.

«Для мяне міграцыя – гэта жыццё нанова, абсалютна, пачынаючы ад рэчаў і сканчваючы людзьмі, якія вакол мяне. Але мне пашанцавала, што я апынулася ў Варшаве, бо Варшава цяпер выглядае крыху копіяй Мінска – мне падаецца, што ўсё з’ехала разам са мной, усе з’ехалі разам са мной. Я пра людзей, установы, культуры. Мы маем тут сваю маленькую Беларусь, праўда, не тую, якую хацелася б. На жаль», – кажа Ірына Арахоўская, разважаючы, што такое працэс міграцыі для чалавека.


Выстава "Спаць спакойна" ў Варшаве. Выстава «Спаць спакойна» ў Варшаве.

«Мы паўтара года працавалі з Ірынаю. Яна мне паказвала гэты свет, дзякуючы ёй я даведаўся пра свет людзей, якія былі вымушаныя выехаць з Беларусі. Гэта паўтара года працы, было б шкода, калі б мы гэтую работу закрылі толькі выставаю на паўтара месяца ў Варшаве. Так рабіць не будзем, пакажам гэты праект яшчэ ў іншых гарадах. І гэта не толькі надзея, я ведаю, што так будзе, бо нашая работа ёсць важнай, — гаворыць Пётр Вуйцік. — Чаму я ўвогуле прапанаваў Ірыне гэтае супрацоўніцтва, у чым была мая мэта? Мая мэта была адной: мы пачалі праект восенню 2022 года. Я падумаў, што на той момант мінула два гады, калі прыехалі першыя ўцекачы з Беларусі, першыя людзі, якія былі ангажаваныя ў прэзідэнцкія выбары. І мы ў Польшчы ўжо забыліся, што з намі тут беларусы. Было цікава, што з імі ўвогуле тут адбываецца, якія іх лёс, ці далі сабе рады быць у краіне, у Польшчы, дзе няма міграцыйнай палітыкі. І гэта вялікая праблема, бо калі б была такая міграцыйная палітыка, то былі зразумелыя ўмовы знаходжання, людзям было б лягчэй. І раз такой палітыкі няма, то было цікава, якія гэтыя людзі самі па сабе спраўляюцца, ці здольныя сябе ўтрымліваць, гэта была мая мэта – даведацца і паказаць».

«Для мяне было вельмі важна, каб нашыя гісторыі гучалі, каб пра нас даведваліся – што з намі адбылося. Гэта выглядае толькі так проста, што мы прыехалі і жывём. У нас шмат у душы, і не ўсе мы можам спаць спакойна», – гаворыць Ірына Арахоўская.

Выстава «Спаць спакойна» будзе працаваць у Варшаве да 30 чэрвеня па адрасе Warecka 4/6.

Чацвер-нядзеля (15.00-19.00).



вх