Беларуская Служба

Як польскія разведчыкі Арміі Краёвай атрымалі доступ да нямецкай «Зброі адплаты» - ракеты V-2

25.05.2024 06:02
У Варшаву часткі ракеты ў вялікім сакрэце былі дастаўленыя ў Варшаву ў...мяшках з бульбай, а пазней – у Лондан.
Аўдыё
  • Як польскія разведчыкі Арміі Краёвай атрымалі доступ да нямецкай «Зброі адплаты» - ракеты V-2
 V-2      . 1943
Ракета V-2 у даследчым цэнтры ва ўсходняй Польшчы. 1943 годакрыніца: Вікіпедыя/грамадскі набытак

80 гадоў таму, 20 мая 1944 года, патруль Арміі Краёвай знайшоў на рацэ Буг абломкі нямецкай ракеты V-2. Калі б не польскія падпольшчыкі і навукоўцы, «Зброя адплаты», як яе называлі немцы, магла б нанесці значна большую шкоду Вялікабрытаніі, якую яны перыядычна абстрэльвалі зброяй дальняга радыусу дзеяння.

Ракеты V-2 былі другім з трох відаў «зброі адплаты», прызначаных для атакаў на далёкія цэлі. У адрозненне ад папярэдняй зброі V-1, беспілотнага рэактыўнага самалёта з выбухоўкай, V-2 была балістычнай ракетай. Гаворыць гісторык Міхал Ваявудскі, аўтар кнігі аб сакрэтнай нямецкай зброі. Архіўны запіс Польскага радыё з 1996 года.

- Ужо ў 1942 годзе польская разведка Арміі Краёвай даведалася пра распрацоўку зброі. Было нават устаноўлена, што галоўны цэнтр узбраення і выпрабаванняў знаходзіцца на востраве Узедам у Балтыйскім моры. Гэты востраў размешчаны на поўнач ад Шчэціна. На востраве была вёска, якая называлася Пэнемюндэ. І менавіта там з 1935 года немцы ў вялізным сакрэце вялі распрацоўкі V-1 і будучых ракет дальняга радыусу дзеяння V-2.

Дарэчы, гэты цэнтр узначальваў канструктар ракеты V-2, знакаміты нямецкі вучоны Вэрнэр фон Браўн.

Першапачаткова брытанцы лічылі, што пагроза ад новай зброі невялікая. І толькі даведаўшыся пра тое, што немцы будуюць дзіўныя аб'екты на берагах Францыі і Даніі, яны звярнуліся па дапамогу да польскага ўраду ў выгнанні. Польская разведка хутка вызначыла, што галоўным цэнтрам даследаванняў таямнічай зброі зʼяўляецца Узедам. У выніку 17-18 жніўня 1943 года англічане здзейснілі масіраваныя налёты на даследчы цэнтр у Пэнемюндэ.

Пасля гэтага немцы вырашылі перанесці канчатковыя працы над V-2 за межы радыусу дзеяння брытанскіх і амерыканскіх бамбавікоў, углыб акупаванай Польшчы. І ўжо вясной 1944 года выпрабаванні пачаліся ў вёсцы Блізна ва ўсходняй частцы Польшчы. Неўзабаве тэсты ракет пачалі прыносіць запланаваныя вынікі. Але падчас аднаго з выпрабаванняў ракета V-2 упала за 320 км ад Блізны, каля вёскі Сарнакі ў цэнтральнай Польшчы. Разведка адрэагавала імгненна: мясцовыя падпольшчыкі і прысланыя з Варшавы агенты сабралі дэталі ракеты. Знойдзеныя часткі перавёз у Варшаву падпольшчык, маёр і лекар Зыгмунт Няпокуй.

«Я заняўся гэтай справай, таму што мая машына стаяла ў акупантаў на ўліку для барацьбы з эпідэміяй. Яна не выклікала падазрэнняў. І мы паступова перавезлі часткі ў Варшаву ў мяшках з бульбай», – расказваў пасля вайны Зыгмунт Няпокуй. 

У канцы мая 1944 года ў Варшаву былі дастаўленыя часткі ракеты, знойдзеныя на беразе Буга. Аналіз ракеты праводзілі спецыялісты з Варшаўскага політэхнічнага ўніверсітэту, якія супрацоўнічалі з аддзелам даследаванняў польскай разведкі. Інжынеры падрыхтавалі падрабязнае апісанне зброі, а часткі ракеты былі дастаўленыя ў Англію.

Даволі цікавая будучыня чакала канструктара «Зброі адплаты» Вэрнэра фон Браўна.

У 1945 годзе, перад самым канцом вайны, навуковец здаўся амерыканцам. Яго вывезлі ў ЗША, дзе ён таксама заняўся будаўніцтвам ракет, але ўжо амерыканскіх.

Менавіта ракета фон Браўна вывела на арбіту экіпаж «Апалон-11», які прызямліўся на Месяцы.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

рубрыка падрыхтаваная паводле архіўных матэрыялаў Польскага радыё

 

 

Больш на гэтую тэму: Машына часу