Беларуская Служба

У Польшчы ветэраны міратворчых місій адзнаюць сваё свята

29.05.2024 16:30
Больш за 30 тысяч чалавек маюць статус ветэрана замежных місій у Польшчы. 29 мая адзначаецца іх прафесійнае свята - Дзень ветэрана замежных дзеянняў.
Аўдыё
  • Дзень ветэрана замежных дзеянняў
          .
Імша за ветэранаў замежных місій ды іх сем’яў у саборы св. Яна Хрысціцеля і св Яна Евангеліста ў ЛюблінеPAP/Wojtek Jargiło

Дзень ветэранаў замежных дзеянняў  — адносна новае свята ў польскім афіцыйным календары. Яно было заснаванае польскім Сеймам у 2011 годзе пасля прыняцца закона «Аб ветэранах дзеянняў за мяжой».

Упершыню гэты дзень афіцыйна адзначаўся 29 мая 2012 года. Варта зазначыць, што дадзенае свята пераклікаецца з Міжнародным днём міратворцаў Арганізацыі Аб'яднаных Нацый. ААН усталявала гэты дзень у снежні 2002 года ў памяць аб падзеях 1948 году, калі пасля заканчэння тагачаснай араба-ізраільскай вайны, была створана місія па наглядзе за выкананнем перамір'яў (UNTSO), якая была першай у гісторыі ААН міратворчай аперацыяй.

У Польшчы сённяшняе свята пазіцыянуецца ў першую чаргу, як нагода нагадаць пра ўдзел палякаў у міжнародных міратворчых місіях ды іншых дзеяннях за мяжой. Польскія вайскоўцы служылі ў місіях і аперацыях за межамі краіны з паловы ХХ-га стагоддзя, першапачаткова пад эгідай ААН, пазней НАТА і Еўрапейскага Саюза. Найбольш вядомыя місія - гэта Польскі вайсковы кантынгент у Косаве, удзел у стабілізацыйных аперацыях у Іраку ды Афганістане, а таксама ў місіях Аператыўных сіл Еўрапейскага Саюза ў Босніі ды Герцагавіне ды Афрыцы.

Разам з тым дадзенае свята – гэта даніна павагі для салдат, якія выконваюць місіі і аперацыі за мяжой, напрыклад, у рамках ААН, НАТА і Еўрапейскага саюза, але таксама ўдзельнікаў выратавальных груп Дзяржаўнай пажарнай службы, кантынгентаў паліцыі і Памежная аховы або іншых супрацоўнікаў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, якія ўдзельнічаюць у замежных аперацыях, растлумачыла дырэктар Цэнтра ветэранаў дзеянняў за мяжой падпалкоўнік Катажына Жадкоўска.

– Дзень ветэрана замежных дзеянняў – гэта свята ўсіх, хто выязджаў за мяжу Польшчы са службовай місіяй. З 1953 года Польшча ўдзельнічае ў міжнародных місіях. З таго часу больш за 100 тысяч чалавек выязджалі на місіі, гэта жаўнеры ды цывільныя асобы, дзе яны служылі ў рамках міратворчых місій, стабілізацыйных ды іншых. Польскае заканадаўства прызнае ветэранам замежных дзеянняў асобы, якія бралі ўдзел у такіх місіях на працягу мінімум 60 дзён за межамі Польшчы.

Такім чынам слова ветэран у Польшчы больш не асацыюецца выключна з жаўнерамі ІІ Сусветнай вайны. Цяперашнія ветэраны – гэта, з аднаго боку,  вайскоўцы, якія служылі ў міратворчых місіях за межамі краіны ў рамках аперацый ААН, ЕС, НАТА ды кааліцыйных сіл. З другога боку, статус ветэрана маюць таксама ўдзельнікі аварыйна-выратавальных атрадаў, дзяржаўнай пажарнай аховы, кантынгентаў паліцыі, памежнікаў, якія бралі ўдзел у замежных місіях.

Падрыхтоўкай асоб, якія паедуць на міжнародныя місіі займаецца адмысловы цэнтр у горадзе Кельцэ. У першую чаргу гэта робіцца на загад дзяржавы, кажа экспертка.

– На місію едуць толькі тыя, каго высылае камандуючы Генеральнага штабу, адпраўка жаўнераў на замежныя місіі адбываецца менавіта на загад кіраўніцтва Генштабу краіны.

Пры гэтым пасля вяртання з місіі ветэран вяртаецца на месца сваёй службы. Больш за тое ветэраны замежных місій і дзеянняў па-за межамі краіны маюць спецыяльныя ільготы ў Польшчы.

- У Польшчы дзейнічае закон аб ветэранах замежных дзеянняў, які вызначае статус ветэрана, а таксама пацярпелага ветэрана. Гэта чалавек, які будучы за мяжой падчас службы ў замежнай місіі, атрымаў пашкоджанне здароўя падчас баявых дзеянняў. Ён мае права атрымаць статус пацярпелага. Закон комплексна апісвае дапамогу, якую такія ветэраны могуць атрымаць. Напрыклад, яны маюць доступ да спецыялізаваных лекараў без чаргі, дармовыя лекі, даплаты і фінансавую дапамогу на лячэнне ды навучанне, калі яны захочуць вучыцца. Маюць фінансавую прэмію для ветэранаў у залежнасці ад памераў пашкоджанняў. Ветэраны, якія вярнуліся цэлымі і здаровымі з місіі, маюць права на бясплатны ўваход у дзяржаўныя музеі, у спартовыя залі да басейны, якія належаць да муніцыпалітэтаў, а таксама бясплатны праезд у гарадскім транспарце ў Любліне, Уроцлаве ды Познані, а таксама іншыя ільготы.

Сёння ў Польшчы больш за 30 тысяч ветэранаў замежных місій, у тым ліку больш за 800 чалавек маюць статус пацярпелага ветэрана. Сёлета галоўныя ўрачыстасці з нагоды Дня ветэранаў дзеянняў за мяжой адбыліся 29 мая ў Любліне.

- Урачыстасці пачаліся імшой у Люблінскім кафедральным саборы, пасля чаго адбыўся парад падраздзяленняў, якія служылі ў замежных місіях, вуліцамі горада яны прайшлі на Замкавую плошчу. На плошчы прайшоў урачысты сход, падчас якога адбылося ўручэнне ўзнагарод ветэранам, параненым асобам і супрацоўнікам іншых служб – Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі, - якія таксама ездзілі на місіі за межы краіны. З ветэранамі сустрэлася камандаванне нашай арміі. Завяршыліся ўрачыстасці паказам вайсковай тэхнікі на Замчышчы.

Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч