Беларуская Служба

Апытанне: У пытанні сімпатыяў да народаў моладзь у Польшчы найніжэй ацэньвае ўкраінцаў, беларусаў і расіянаў

03.06.2024 14:39
Ажно 51% апытаных маладых людзей сказалі, што ўкраінцы ў Польшчы надта патрабавальныя, і толькі 12%, што ўкраінцы станоўча ўплываюць на дзяржаву, а яшчэ 37% не маюць на гэты конт свайго меркавання. 
Аўдыё
  • Апытанне: У пытанні сімпатыяў да народаў моладзь у Польшчы найніжэй ацэньвае ўкраінцаў, беларусаў і расіянаў
Ілюстрацыя Фота: Shutterstock/William Perugin

Сябры, сям'я і свабода слова – найважнейшыя каштоўнасці польскіх 18- і 19-гадовых маладзёнаў. Больш за ўсё яны баяцца адзіноты і галечы, менш за ўсё нянавісці ў інтэрнэце. Такія дадзеныя прыводзяцца ў даследаванні Моладзевага даследчага цэнтру пры Інстытуце журналістыкі і міжнародных дачыненняў Педагагічнага ўніверсітэту ў Кракаве. Даследаванне таксама закранула праблематыку адносінаў польскіх маладзёнаў да іншаземцаў.

У сацыялагічным прынялі прынялі ўдзел 4 тысячы сёлетніх польскіх выпускнікоў. Паводле аўтара даследавання прафесара Пятра Длугаша, сёлетнія выпускнікі – першае за дзесяцігоддзі пакаленне, якое ўступае ў дарослае жыццё ў небяспечны і няпэўны час. На яго думку, «сённяшняе становішча выпускнікоў нагадвае скакуноў у ваду, якія ляцяць у прорву, не ведаючы, колькі метраў будзе да вады».

«Гэта пакаленне катастроф. З аднаго боку, яны перажылі пандэмію і абцяжараныя яе траўмай, з другога – перажылі вайну, наплыў бежанцаў і ўсё больш частыя папярэджанні ў СМІ, што вайна не абміне Польшчу», – перакананы прафесар.

Ажно 51% апытаных маладых людзей сказалі, што ўкраінцы ў Польшчы надта патрабавальныя, і толькі 12%, што ўкраінцы станоўча ўплываюць на дзяржаву, а яшчэ 37% не маюць на гэты конт свайго меркавання. У пытанні сімпатыяў да народаў найніжэй ацэньваюць украінцаў, беларусаў і расіянаў. Пацікавіліся ў нядаўняга выпускніка, а цяпер студэнта Ваеннай тэхнічнай акадэміі ў Варшаве Матэвуша Вацлавяка, ці падпадае ён пад гэтую статыстыку.

– Я маю на ўвазе, што з пачатку вайны ва Украіне я заўважыў крыху больш людзей, якія прыязджаюць, уцякаючы ад вайны. Я павінен гэта прызнаць. Але чамусьці мяне гэта ніколі так не турбавала як некаторых іншых. Раней я таксама меў зносіны з замежнікамі, таму што мая бабуля хварэла на хваробу Альцгеймера, і за ёй даглядала жанчына з Украіны, з якой наша сямʼя вельмі зблізілася. На ўзаемаадносіны былі вельмі добрымі.

З пачаткам вайны іншаземцаў паболела. Палякі ў большасці сваёй не адрозніваюць акцэнт у беларусаў і ўкраінцаў. Таму з той прычыны, што ўкраінцаў папросту болей, беларусаў, якія гавораць па-польску, нерэдка ўспрымаем як украінцаў. Істотнае павелічэнне колькасці ўласна замежнікаў мяне не турбуе, але я заўважыў, што ў некаторых людзей узнікаюць супрацьлеглыя адчуванні. Мне здаецца, што гэта вынікае з адсутнасці ведаў і асабістага вопыту. На жаль, часам такія непажаданыя рэакцыі набываюць лавінападобны характар.

У выпадку са сталымі і дарослымі людзьмі такая рэакцыя можа быць зразумелай, але чаму сярод польскай моладзі таксама існуе негатыўнае стаўленне да іншаземцаў? Здаецца, што моладзь больш адкрытая на свет.

– Але калі гаворка ідзе пра моладзь, гэта таму, што ў некаторых людзей у сямʼі могуць быць людзі, якія думаюць, што, напрыклад, я не ведаю, людзі з Усходу, будзем шчырымі, там краіны крыху бяднейшыя за Польшчу. адтуль прыязджаюць сюды, каб зарабіць, і некаторыя палякі скажуць, што яны прыязджаюць і забіраюць у нас працу.

Вось такі прыклад з сямʼі. Вядома, гэта няпраўда. Зараз Польшча зʼяўляецца развітай краінай і ёсць праца як для палякаў, так і для людзей, якія прыязджаюць з-за мяжы. Таксама для развіцця краіны ў цэлым патрэбна рабочая сіла на ўсіх узроўнях, як мэнаджары, так і чорнарабочыя.

Тут ты закрануў тэму эканамічнай міграцыі, а ў выпадку з уцекачамі, на жаль, як мне здаецца, стаўленне падобнае ці ўсё ж крыху сітуацыя выглядае прасцей, як ты лічыш?

– Я лічу, што краіны павінны дапамагаць адна адной і, напрыклад, Польшча павінна прымаць уцекачоў, але блізкіх культурна, моўна, ментальна. Напрыклад, хоць польская, украінская ці беларуская культуры розныя, але карані ў нас падобныя. У нас падобнае мысленне. Ці, напрыклад, эмігрант з Італіі, дарэчы аднаго такога ведаю аднаго. Нягледзячы на ​​тое, што Італія далёка і ў нас іншая культура, усё роўна гэта Еўропа, і мы думаем аднолькава.

Польшча зменяцца, змяняецца даволі хутка. Пасля вайны на працягу 70 гадоў Польшча была монаэтнічнай, зараз гэта мяняецца. І гэта добра бачна літаральна па ўсё краіне, не толькі ў вялікіх гарадах. Як ты лічыш, гэта пагроза для Польшчы, ці шанец?

– Можа, дзіўны прыклад, але Нью-Ёрк – горад, поўны розных культур. Там людзі з усяго свету і ў той жа час гэта прыклад таго, што там можна ладзіць і жыць амаль бесканфліктна. Таму, як мне здаецца, гэта не надта вялікая праблема, бо мы жывем у такую ​​эпоху глабалізацыі.

Мне здаецца, што пакуль дадзеная група паважае месца, дзе яна знаходзіцца, то бок Польшчу, яна паважае мову і звычаі, усё будзе добра. Я не кажу, што яна павінна прыняць гэта сілай, проста паважаць гэта. На мой погляд, гэта карысна і выклікае менш канфліктаў.

Што б ты мог параіць замежнікам, каб ім было лепш у Польшчы? І адпаведна, што ты мог бы параіць сваім суайчыннікам, каб лепш і прасцей суіснаваць усім разам у адной краіне?

– Што тычыцца маіх суайчыннікаў, то палякі – вельмі імпульсіўная нацыя, і мой галоўны заклік да маіх суайчыннікаў – правярайце інфармацыю, якую вы атрымліваеце пра іншых, бо не ўсе крыніцы надзейныя. Лепш праверыць і пераканацца, а не слепа верыць чуткам, напрыклад, пра ўкраінцаў і беларусаў.

А калі казаць пра замежнікаў, то, як мне здаецца, мы ўсё ж адносна адкрытая нацыя, таму проста запрашаем! Я думаю, што нам проста трэба даць час. Трэба даць час проста пераварыць новыя абставіны, прывыкнуць да іх, і пасля гэтага кароткага, спадзяюся, перыяду, мне здаецца, усё наладзіцца.

Слухайце аўдыё!

эж