Удзельнікі ехалі на роварах з бел-чырвона-белымі сцягамі, былі заклікі «Жыве Беларусь», «Свабоду палітвязням, «Верым, можам, пераможам». Гэтак выглядаў велапрабег у цэнтры Беластока, які наладзіла ў нядзелю беларуская дыяспара ў падтрымку палітычных вязняў рэжыму Лукашэнкі ды людзей, якія выступаюць за перамены.
Беларусы праехалі на роварах з бел-чырвона-белымі сцягамі па цэнтральных вуліцах Беластока. «Такім чынам мы выказваем сваю салідарнасць і падтрымку зняволеным суродзічам», – гаворыць Ян Абадоўскі з беларускай дыяспары.
- Мы прыдумваем розныя спосабы, каб нагадаць свету, што ў Беларусі тысячы палітвязняў сядзяць за кратамі, сітуацыя з правамі чалавека катастрафічная, людзей саджаюць за лайкі ў Фэйсбуку, тэлеграм-каналах, за тое, што ў 2020 годзе выходзілі на акцыі пратэсту. Мы павінны прыцягваць увагу еўрапейскага грамадства, грамадзян Польшчы, грамадзян Беластока да сітуацыі, якая адбываецца тут непадалёку, 50 км ад мяжы Польшчы. Мы робім усё, каб прыцягнуць увагу, а таксама выказваем сваю салідарнасць.
Гэта не адзіная акцыя падтрымкі, якую ладзіць беларуская дыяспара. Беларусы ў Беластоку арганізуюць розныя маршы пратэсту, акцыі перад консульствам, маржуюць, бегаюць, выказваюць сваю салідарнасць усялякімі крэатыўнымі мірнымі спосабамі.
Ганна Пятроўская
Велапрабег у Беластоку.
Велапрабег у Беластоку.