У Польшчы назіраецца тэндэнцыя росту сектару прыватных студэнцкіх інтэрнатаў. Цяпер яны прапануюць студэнтам 14 тыс. 500 ложкаў і маюць 95-працэнтную запоўненасць. Яшчэ 4 тыс. 500 месцаў знаходзяцца на стадыі будаўніцтва або планавання, паведамляе партал Business Insider.
Нягледзячы на гэты рост, прыватныя ўстановы такога тыпу складаюць толькі каля 13% ад агулу інтэрнатаў для студэнтаў. У суме ў Польшчы – больш чым 440 інтэрнатаў, якія прапануюць агулам 115 тыс. 300 месцаў. Большасць з іх належаць дзяржаўным і прыватным універсітэтам.
Рынак прыватных студэнцкіх інтэрнатаў у Польшчы ўсё яшчэ знаходзіцца на ранняй стадыі развіцця, таму на сённяшні дзень было праведзена толькі некалькі інвестыцыйных здзелак у дачыненні да такіх актываў, паведаміла кампанія Knight Frank, якая інвестуе ў такога роду нерухомасці.
Таксама было адзначана, што на рынку студэнцкага жылля існуе значны разрыў паміж попытам і прапановай, бо ў Польшчы – 1 млн 220 тыс. студэнтаў, а месцаў – толькі 115 тыс. 300.
Арэндная плата ў Варшаве ў прыватным інтэрнаце ў залежнасці ад стандарту звычайна вагаецца ад 1 тыс. 400 злотых (323 еўра) да 3 тыс. 300 злотых (762 еўра) у месяц за аднамесны нумар і ад 1 тыс. 200 злотых (277 еўра) да 2 тыс. злотых (461 еўра) у месяц за ложак у двухмесным нумары.
Актуальна ўзровень рэнтабельнасці для прыватных студэнцкіх інтэрнатаў у Польшчы ацэньваюцца ў 6% і застаецца вышэйшым за ўзровень у іншых еўрапейскіх краінах, дзе ён звычайна вагаецца ад 4% да 5%.
вс