Беларуская Служба

«За Паўлам ішлі людзі, а за прапагандай людзі не ідуць». У Варшаве прайшоў вечар салідарнасці з Паўлам Севярынцам

12.06.2024 15:11
У рамках «справы Ціханоўскага» у 2021 годзе ён быў асуджаны на сем гадоў калоніі.
Аўдыё
  • Вечар салідарнасці з Паўлам Севярынцам ды іншымі палітвязнямі.
             .
Аб'ява вечара салідарнасці з Паўлам Севярынцам у рамках "беларускіх аўторкаў" у Вітрыне ўсходняга дома. Фота: Тэлеграм-канал "Беларускія аўторкі" ВУД

У Варшаве адбыўся вечар салідарнасці з беларускімі палітвязнямі. У рамках беларускіх аўторкаў у Вітрыне ўсходняга дома згадвалі перш за ўсё лідара Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі Паўла Севярынца, які быў затрыманы чатыры гады таму. Яго асудзілі на сем гадоў калоніі.

Беларускі грамадскі і палітычны актывіст Павел Севярынец быў затрыманы за два месяцы да прэзідэнцкіх выбараў, у чэрвені 2020 года. Праз год ён быў прыгавораны да 7 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Лідар партыі Беларуская дэмакратыя, пісьменнік, абаронца Курапатаў, актывіст «Маладога Фронту» умеў пераконваць людзей, за ім ішлі нават звычайныя вяскоўцы, яны верылі ў яго слова. Беларускія ўлады вельмі баяцца такіх лідараў, – сказала журналістка Галіна Абакунчык.

- Павел уцягваў у сваю дзейнасць сваімі ідэямі. Звычайныя людзі ішлі за ім, вяскоўцы, дзе ён адбываў «хімію» – людзі, дзе ён працаваў, жыў. Ён натхняў сабой. Кола яго прыхільнікаў увесь час павялічвалася. Гэта для ўлады самае небяспечнае – калі людзі ідуць за праўдай, святлом, а яго слова ніяк не сыходзілася з дзяржаўнай ідэалогіяй. За Паўлам ішлі людзі, а прапаганда, колькі не працуе, а за ёй людзі не ідуць.


Актывіст БХД у Польшчы Яўген Дудкін. Актывіст БХД у Польшчы Яўген Дудкін.

Павел Севярынец таксама ў турме застаўся верны сваім каштоўнасцям. Напрыклад, ён прынцыпова размаўляе там толькі па-беларуску. У яго ёсць унутраны стрыжань, гэты чалавек годны займаць высокую дзяржаўную пасаду, – адзначыў палітык партыі БХД Яўген Дудкін.

- Мужны і адважны хрысціянін. Беларус, які бярэ на сябе адказнасць, глядзіць на будучыню з перспектывай, мае чулае сэрца, і пры гэтым мае ўнутры стрыжань. Гэта чалавек, годны на высокую пасаду, паколькі ён адказны за іншых. Ён служыць у палітыцы, аддаючы самога сябе. Мы недаацанілі яго філасофскую спадчыну. У беларусаў існуе запыт «Што рабіць?», але мы адкідваем такія глыбокія канцэпцыі, паколькі яны патрабуюць ад нас працы над сабой. Мы да гэтага не гатовыя.

Сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Георгій Дзмітрук звярнуўся да прысутных па відэасувязі. Ён згадаў пра тое, што Павел Севярынец пазіцыянуе сябе перш за ўсё як хрысціянін, ён сапраўды кіруецца ў жыцці хрысціянскімі каштоўнасцямі. Акрамя таго, ён – добры муж сваёй жонкі, бацька свайго сына і лідар беларускага народа.

- Гэты чалавек вядзе нас наперад, яго ідэі з’яўляюцца асноўнымі для нас. Павел быў ініцыятарам малітвы за Беларусь, якая адбываецца кожны дзень бесперапынна ўжо некалькі гадоў. Толькі з Богам мы можам змяніцца самі і змяніць нашу краіну.

Беларусы замежжа могуць маліцца за палітвязняў, але ў іх няма ніякай магчымасці паўплываць на іх лёс, – мяркуе Вячаслаў Сіўчык з руху салідарнасці «Разам».

- Дыяспара займаецца зусім іншым. Усё, што мы напрацавалі за дзясяткі гадоў, цалкам разбурана. Апазіцыя ў турмах. У тым ліку Павел Севярынец – сапраўдны лідар. Ён, а таксама іншыя вядомыя палітыкі, не давалі лукашэнкаўскай бандзе праводзіць рэпрэсіі. У 20-ым годзе плаціну прарвала, такога тэрору, як сёння, Еўропа не ведала 50 гадоў.

Падчас сустрэчы згадвалі таксама іншых беларускіх палітвязняў, у тым ліку палітыка Мікалая Статкевіча, які адбывае 14-гадовы тэрмін нібыта за «арганізацыю масавых беспарадкаў». Наталля Папкова распавяла, што больш за год ад палітвязня няма ніякіх звестак. Актывістка БХД Таццяна Малашчанка прачытала вершы беларускіх палітвязняў – Андрэя Войніча і Максіма Вінярскага. Яны былі асуджаныя падчас таго ж судзілішча, што і Павел Севярынец. Таксама можна было набыць кнігі і карціны Паўла ды ўнесці ахвяраванне на перавыданне яго твораў.

нг