Беларуская Служба

У Польшчы маштаб трансплантацыі пашырыўся на 20 працэнтаў

13.06.2024 12:05
«Палепшала якасць выкананых аперацый, выкарыстоўваюцца наватарскія метады перасадак».
Здымак мае ілюстрацыйны характарShutterstock/amab

Летась у Польшчы было перасаджана 1805 органаў. Гэта на 20 працэнтаў больш, чым у 2022 годзе, калі было зроблена 1404 перасадак, – паведаміў намеснік міністра аховы здароўя Марэк Кос.

Польская трансплантацыйная медыцына пастаянна развіваецца, што бачна па колькасці перасаджаных органаў, зазначыў Марэк Кос.

- З першага студзеня да канца траўня 2024 г. было перасаджана 890 органаў. Калі дынаміка будзе захаваная, то колькасць перасаджаных органаў у гэтым годзе павінна перавысіць 2 100.

«Палепшала якасць выкананых аперацый, выкарыстоўваюцца наватарскія метады перасадак», адзначыў рэспубліканскі кансультант па клінічнай транспланталогіі прафесар Міхал Гронт (Michał Grąt).

– Мы пачалі дзяліць адну пячонку для двух пацыентаў. У тым ліку гэта наш адказ на недахоп органаў для перасадкі. Таксама мы робім лапараскапічны забор печані ад жывых донараў.

У выніку колькасць аперацыяў трансплантацыі пячонкі ў Польшчы з мінулага года вырасла на 57%.

Сёння ў Любліне на эканамічным факультэце Універсітэта Марыі Кюры-Складоўскай пачаліся XIX Нацыянальныя гульні для людзей пасля трансплантацыі і людзей на дыялізе. Запланаваныя спаборніцтвы па настольным тэнісе і дартсе.
Мерапрыемства суправаджаецца канферэнцыяй «Так для трансплантацыі».
Гульні працягнуцца да нядзелі.

яс/Яанна Станкевіч