Супрацоўніцтва польскіх гарадоў, а шырэй усяго Еўрасаюза, з Украінай адыгрывае надзвычай важную ролю ў падтрымцы ахвяры расійскай агрэсіі. Сярод іншага, на гэтую тэму вяліся перамовы падчас фінальнага дня канферэнцыі, прысвечанай пасляваеннай адбудове Украіны, якая прайшла ў Берліне.
Вялікую ролю ў дапамозе Украіне адыгрывае Еўрапейскі камітэт рэгіёнаў, дзе мэр Гданьска Аляксандра Дулькевіч з'яўляецца старшынёй працоўнай групы па адбудове Украіны. Як падкрэсліла палітык у размове з намеснікам дырэктара Польскага радыё для замежжа Пятром Пагажэльскім, падтрымка ўкраінскіх гарадоў датычыцца ўсяго, нават таго, што ў Еўропе можа здавацца дробяззю:
- У мінулым месяцы ў Дняпры прайшла гарадская канферэнцыя. Нашы прадстаўнікі, як з Гданьску, так і з іншых гарадоў Польшчы, якія спецыялізуюцца на камунальных пытаннях, інфраструктуры водазабеспячэння, утылізацыі сцёкавых вод і абыходжанні з адкідамі. Гэта вельмі і вельмі важныя рэчы.
Я разумею, што калі ў нас у глыбіні душы вайна, мы не заўсёды думаем пра гэта, але здаецца, што такія рэчы, як доступ да чыстай вады і збор сцёкавых вод у наш час таксама зʼяўляюцца элементарнымі правамі чалавека. Таму на нашым узроўні мы забяспечваем апаратную падтрымку, калі можам, мы абменьваемся вопытам, каб камунальная інфраструктура ў гарадах Украіны сёння была нават больш сучасная, чым у Польшчы.
Вядома, падчас вайны, якая працягваецца ўжо два з паловай гады, падтрымка людзей, якія фізічна пацярпелі ў яе выніку, як вайскоўцаў, так і грамадзянскіх, зараз надзвычай важная. Гэта перш за ўсё аб праекце Unbroken, у рамках якога яны атрымліваюць усебаковую дапамогу:
- Што тычыцца Львова, акрамя сантыментаў і сімвалізму, таму што ёсць шмат рэчаў, якія звязваюць Гданьск і Львоў, у тым ліку маё асабістае сяброўства з мэрам Андрэем Садавым, але таксама вельмі канкрэтная фінансавая дапамога. Летась горад Гданьск ахвяраваў Unbroken Center значную суму. Гэта праект, які мэр Садавы будуе і развівае вельмі смела. Праект дае шанец на новае жыццё не толькі вайскоўцам, але і мірным ахвярам, людзям, якія страцілі канечнасці ў выніку баявых дзеянняў.
І ў Львове ёсць такі рэабілітацыйны цэнтр, гэта не проста лякарня, гэта рэабілітацыйны цэнтр, які падтрымлівае чалавека псіхічна і фізічна, але таксама ёсць цэлая фабрыка перадавых пратэзаў, якія дазваляюць вярнуцца да нармальнага жыцця. Варта прыгадаць таксама такі праект, як Горад Салідарнасці, горад, дзе 44 гады таму паўстала легендарная Салідарнасць. Мы таксама падтрымлівалі матэрыяльна і пастаянна сочым за патрэбамі. Дапамагаем, чым можам.
Мэр Львова Андрэй Садавы не хавае падзякі за атрыманую дапамогу. У інтэрвʼю Польскаму радыё для замежжа ён падкрэсліў, што супрацоўніцтва паміж органамі мясцовага самакіравання мае вялікае значэнне:
-Гэта партнёрства паміж гарадамі – гэта тысячы мастоў, якія вельмі неабходныя для стабільнасці нашай дзяржавы. Спадарыня Аляксандра Дулькевіч адна з першых падтрымала нашу «сістэму роўнасці» Unbroken. З Гданьска мы атрымалі 1 мільён злотых.
І ў нашым цэнтры ёсць апараты, набытыя за гэтыя грошы. Мы ўжо прынялі 17 тысяч чалавек, кожны дзень прыходзяць новыя. Мы ўвесь час дадаем і перабудоўваем новыя пакоі, таму што фізічна няма месца для іх размяшчэння. Гэтыя прыстасаванні дапамагаюць ветэранам і пацярпелым у выніку вайны ў будучым жыць нармальна.
Але ўкраінскім гарадам дапамагае не толькі Гданьск. Андрэй Садавы падкрэслівае, што прасцей пералічыць тыя польскія гарады, якія не дапамагаюць Украіне, чым тыя, якія дапамагаюць:
-Усе вялікія гарады маюць вельмі цесныя кантакты са Львовам, у тым ліку Варшава, і з усімі гарадамі на ўсходзе і захадзе Польшчы. Гэта сімвалічна. Таму я думаю, што калі прэмʼер-міністр Дональд Туск вырашыць абараніць Львоў і ўсю Заходнюю Украіну польскай супрацьпаветранай абаронай, гэта будзе адзін з найважнейшых крокаў у супрацоўніцтве Польшчы і Украіны. Тады мы зможам павялічыць вытворчасць, зрабіць больш карысці для нашай краіны і абараніць параненых, якіх мы сустракаем кожны дзень.
Станоўча пра супрацоўніцтва з Польшчай выказваецца і мэр украінскай сталіцы Віталь Клічко. Палітык падкрэслівае, што Варшава падтрымлівае Кіеў у розных сферах. На думку мэра ўкраінскай сталіцы, важна таксама тое, што Польшча можа быць узорам для Украіны, калі гаворка ідзе пра развіццё краіны:
- Цяпер я ехаў у Берлін на машыне і зноў злавіў сябе на думцы, што зайздрошчу палякам. Я быў у Польшчы першы раз у 1987 годзе, і тады я ўбачыў, як мянялася Польшча. Сёння гэта развітая еўрапейская краіна, і ў нас былі роўныя магчымасці, калі разваліўся Савецкі Саюз у 1991 годзе.
Мы пачалі будаваць незалежную краіну, але Польшча зрабіла вялікі прагрэс, і мы павінны вучыцца ў яе, яе поспеху і на яе памылках. Давайце тут разлічваць на партнёрства і дзякаваць Польшчы за падтрымку Украіны практычна ва ўсіх сферах. І ў ваеннай дапамозе, і для перасяленцаў, у гуманітарнай сферы. Мы ўдзячныя палякам і не забудзем іх добрай волі ў цяжкія часы.
Канферэнцыя ў Берліне, якая завяршылася ў сераду, 12 чэрвеня, сабрала больш за 2 тыс. палітыкаў, прадстаўнікоў органаў мясцовых уладаў і няўрадавых арганізацый з Украіны і ўсяго свету, якія зацікаўленыя ў падтрымцы гэтай краіны як цяпер, так і пазней, пасля заканчэння вайны.
З Берліну Пётр Пагажэльскі, Польскае радыё для замежжа