Нацыянальны дзень памяці ахвяр нямецкіх нацысцкіх канцлагераў і лагераў смерці быў ўсталяваны ў 2006 годзе рашэннем Сейму Рэспублікі Польшча.
Гэтая дата абраная, каб ушанаваць памяць пра першую дэпартацыю палякаў нацыстамі ў канцэнтрацыйны лагер Аўшвіц. 14 чэрвеня 1940 года немцы накіравалі туды з тарнаўскай турмы групу з 728 чалавек. Сярод іх былі жаўнеры Войска Польскага, члены падпольных незалежніцкіх арганізацый, вучні старэйшых класаў школ і студэнты, а таксама невялікая група польскіх яўрэяў. Гэтая дата лічыцца пачаткам функцыянавання лагера. Тое, што рабілі там гітлераўцы – гэта сапраўдны генацыд, свет павінен пра гэта ведаць, згадвае Барбара Навіцка-Гац’е, якая трапіла дзіцём у канцлагер.
- Свет павінен ведаць і памятаць, што гэтае злачынства мела месца. Пра гэта заўсёды казалі вязні з першага транспарту, якія да канца сваіх дзён сюды прыходзілі. Цяпер настала наша чарга – дзяцей Асвенціма– сюды прыязджаць і казаць пра тыя злачынствы.
У Любліне галоўныя ўрачыстасці адбыліся ў Дзяржаўным музеі ў Майданку. А 11.00 у Цэнтры абслугоўвання наведвальнікаў адбылася сустрэча студэнтаў з Любліна з былымі вязнямі канцлагера. Паўтары гадзіны пазней удзельнікі цырымоніі ўсклалі кветкі і запалілі свечкі перад Маўзалеем на тэрыторыі музея.
Ушанаванне памяці ахвяр нямецкіх нацысцкіх канцлагераў прайшло таксама ў Шчэціне. Урачыстасці пачаліся апоўдні на Цэнтральных могілках. Арганізатарамі цырымоніі былі Заходнепаморскі ваявода Адам Рудаўскі і дырэктар Шчэцінскага аддзялення Інстытуту нацыянальнай памяці (ІПН) Кшыштаф Мэціньскі. Месца, дзе адзначаўся Нацыянальны дзень памяці ахвяр нямецкіх нацысцкіх канцлагераў у Шчэціне, падрыхтавалі да ўрачыстасці вязні з мясцовага следчага ізалятара ў рамках праграмы па рэсацыялізацыі.
Дэлегацыі ІПН ушанавалі памяць ахвяр нямецкіх нацысцкіх канцлагераў таксама ў іншых месцах Польшчы. Адбылося ўрачыстае ўскладанне кветак да помніка палякам, выгнаных цэлымі сем’ямі са сваіх дамоў, і зняволеных у нямецкім лагеры Лебрэхтсдорф пад Быдгашчам, а таксама ля помніка ў памяць аб вязнях лагера Stutthof KL у Паліцы - Мсцінцы і ля Помніка пакутніцтва ахвяр канцлагераў у Тшэсна.
З нагоды 84-й гадавіны першай дэпартацыі вязняў у лагер смерці памятныя ўрачыстасці адбыліся ў Асвенціме. На цырымоніі прысутнічалі былыя вязні, кажа Павал Савіцкі з музею Аўшвіц-Біркенаў.
- Ва ўрачыстасцях з нагоды 84 гадавіны першай вывазкі палякаў у нямецкі канцлагер Аўшвіц узялі ўдзел ацалелыя. Гэта была група з некалькіх чалавек. Спачатку яны пабылі на імшы, а потым наведалі памятныя месцы.
А 13-й гадзіне адбылося ўскладанне вянкоў да дошкі памяці аб дэпартацыі палякаў каля былой чыгуначнай рампы. Затым удзельнікі цырымоніі прайшлі маршам да Сцяны смерці на тэрыторыі былога канцлагера.
- Памятная ўрачыстасць праходзіла ў музеі перад 11 блокам. Спачатку былі прамовы, а потым урачыстае ўскладанне вянкоў і запальванне свечак пад Сцяной смерці перад 11 блокам. Урачыстасць была сімвалічнай, каб ушанаваць памяць усіх ахвяра канцлагеру Аўшвіц.
З першых вязняў нямецкага лагера смерці Аўшвіц-Біркенаў вайну перажылі 325, загінулі 292, невядомы лёс 111 чалавек. Тыя, хто выжыў, шмат гадоў удзельнічалі ў юбілейных мерапрыемствах. Цяпер усе былыя вязні з першага транспарту ў Асвенцім памерлі.
Да ўрачыстасцяў у Асвенціме далучыліся таксама сем'і ўкраінскіх вайскоўцаў, зняволеных расіянамі. Яны выступілі ў музеі з заклікам аб вызваленні сваіх блізкіх і выкананні міжнародных канвенцый. Некалькі дзясяткаў маці, жонак і сясцёр, у тым ліку абаронцаў Марыупаля, ушанавалі памяць ахвяр гітлераўскага генацыду. З імі размаўляў карэспандэнт Польскага Радыё Павал Паўліца.
- Наталля Епіфанава ўжо больш за 2 гады не бачыла свайго мужа, які быў сярод абаронцаў заводу «Азоўсталь» У Марыупалі. Яна паведаміла, што расіяне катуюць украінскіх ваеннапалонных. Украінцы патрабуюць, каб міжнародныя арганізацыі, у тым ліку Чырвоны Крыж пачалі выконваць свой мандат. Украінскі бок дамагаецца выканання трох галоўных пунктаў перамір’я: гарантыі бяспекі для атамных электрастанцый, харчовую бяспеку ды вяртанне ўсіх ваеннапалонных ды выкрадзеных дзяцей ва Украіну.
Украінцы накіроўваюцца ў Швейцарыю, дзе плануюць узяць удзел у міжнародным саміце міру, які пройдзе ў суботу і нядзелю. Гэты саміт ладзіцца, каб спыніць расійскую агрэсію супраць Украіны.
Падрыхтаваў Юры Ліхтаровіч