Беларуская Служба

У Польшчы ёсць першая пацверджаная смяротная ахвяра фентанілу

15.06.2024 12:34
Вынікі таксікалагічных даследаванняў пацвердзілі, што 19-гадовая дзяўчына, якая памерла ў лістападзе ў Познані, мела перадазіроўку фентанілу.
Лекіstevepb/pixabay.com/CC0

Наркотык, у сто разоў мацнейшы за марфін, забіў ужо амаль 250 тысяч чалавек у ЗША, піша выданне Rzeczpospolita.

Цела 19-гадовай жанчыны было знойдзена ў адной з кватэр у Познані ў лістападзе 2023 года. Прычыну смерці не ўдалося вызначыць падчас ускрыцця і высветлілі толькі таксікалагічныя даследаванні. Устаноўлена, што яна памерла ад перадазіроўкі фентанілу. Гэта першая пацверджаная ахвяра гэтага наркотыку ў Польшчы.

У цяперашні час паліцыянты праводзяць мерапрыемствы па высвятленні таго, якім чынам да будучай пацярпелай трапіў фентаніл, наркатычны, а таксама лекавы прэпарат, які адпускаецца па рэцэпце.

Дагэтуль звесткі пра ашаломленых людзей, якія ўжываюць фентаніл, і рухаюцца як зомбі, паступаюць з амерыканскіх гарадоў. Цяпер, праўда, такія здымкі зʼявіліся ў сацсетках, але яны з Польшчы – з Познані.

На запісе бачна, як двое маладых людзей, адзін з іх стаіць на каленях на тратуары, апусціўшыся галавой на зямлю, другі хістаецца побач, з цяжкасцю ўтрымліваючы раўнавагу.

Падазраецца, што наркотык мог стаць прычынай смерці да 5 чалавек у Журоміне, невялікім мястэчку з насельніцтвам каля 9 тысяч чалавек у Мазавецкім ваяводстве.

Што такое фентаніл і чым ён так небяспечны? Фентаніл не новы, ён выкарыстоўваецца ў ЗША з 1960 года ў якасці ўнутрывенных анестэтыкаў. Фентаніл – самае моцнае абязбольнае ў свеце. На жаль, ён таксама валодае моцным псіхаактыўным дзеяннем, што робіць яго папулярным рэкрэацыйным наркотыкам. Аднак ён вельмі небяспечны і выклікае прывыканне.

Фентаніл – надзвычай магутны сінтэтычны апіоід, падобны на марфін, але больш моцны. Часта сустракаецца ў выглядзе пластыраў і пасцілак, ён выкарыстоўваецца для лячэння моцнага і хранічнага болю, выкліканага ракам і іншымі захворваннямі і траўмамі.

Гэта лекі, якія адпускаюцца па рэцэпце, але яны таксама вырабляюцца нелегальна і часам змешваюцца з іншымі нелегальнымі наркотыкамі – такімі як гераін і какаін. Фентаніл выклікае моцную залежнасць і падвяргае карыстальнікаў высокай рызыцы перадазіроўкі.

У апошнія гады нелегальна выраблены фентаніл становіцца ўсё больш распаўсюджаным у Злучаных Штатах, што прывяло да значнага павелічэння колькасці смерцяў ад перадазіроўкі наркотыкаў.

ав/Rzeczpospolita