Беларуская Служба

Амерыканскі суд падтрымаў рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі аб неабходнасці продажу кітайскай сацсеткі

09.12.2024 15:12
TikTok ніколі наўпрост не абвяргаў абвінавачанняў у кантролі з боку кітайскіх уладаў.
    TikTok  .
Суд абавязаў прадаць прыкладанне TikTok у ЗША. Фота: Charles McClintock Wilson/ Shutterstock

Апеляцыйны Федэральны суд у ЗША пацвердзіў ранейшае рашэнне суда ніжэйшай інстанцыі, якое абавязвае кітайскую кампанію ByteDance прадаць папулярную сацыяльную платформу TikTok. Альтэрнатывай з’яўляецца фактычная блакіроўка доступу да прыкладання ў ЗША, піша Forsal.pl са спасылкай на амерыканскае выданне CNBC.

Суд у Вашынгтоне адхіліў аргументы кітайскага боку, які сцвярджаў, што забарона парушае Канстытуцыю ЗША і Першую папраўку, якая гарантуе свабодны доступ амерыканцаў да прыкладанняў.

Дэмакраты і рэспубліканцы ў Кангрэсе звяртаюць увагу, што TikTok уяўляе пагрозу для нацыянальнай бяспекі ЗША, паколькі мае сувязі з кітайскім урадам, які можа выкарыстоўваць прыкладанне для незаконнага збору дадзеных амерыканскіх карыстальнікаў. Сярод іншых абвінавачанняў у адрас TikTok — схаваныя маніпуляцыі з кантэнтам для дасягнення пэўных эфектаў уплыву на аўдыторыю.

Згодна з рашэннем суда, ByteDance павінна прадаць TikTok да 19 студзеня. Кітайская кампанія ўжо заявіла, што абскардзіць рашэнне ў Вярхоўным судзе ЗША. Абраны прэзідэнт Дональд Трамп пакуль не выказаў сваёй пазіцыі адносна забароны TikTok.

Калі ByteDance не выканае патрабавання аб продажу, прыкладанне будзе выдалена з інтэрнэт-крам Apple і Google, а таксама іншых хостынгавых сайтаў.

Суд адзначыў, што TikTok ніколі наўпрост не абвяргаў абвінавачанняў у кантролі з боку кітайскіх уладаў. У сваёй заяве ў адказ на рашэнне прадстаўнікі кампаніі заклікалі да абароны свабоды слова ў ЗША, спадзеючыся, што Вярхоўны суд улічыць гэты аргумент. «Рашэнне было прынята на падставе недакладнай, памылковай і гіпатэтычнай інфармацыі, што з’яўляецца яўнай цэнзурай амерыканскага грамадства», — гаворыцца ў заяве.

TikTok набыў велізарную папулярнасць, мільёны амерыканцаў карыстаюцца гэтым прыкладаннем. Прыхільнікі забароны заяўляюць, што карыстальнікі могуць лёгка знайсці альтэрнатыўныя платформы.

нг