Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі распаўсюдзіла паведамленне, што з 1 студзеня па 1 лістапада 2024 года на службу было прынята 5039 чалавек, што на 894 чалавекі больш, чым год таму. Але Галоўная ўправа прафсаюза супрацоўнікаў паліцыі паведамляе, што толькі ў снежні службу пакінулі 146 афіцэраў, а Варшаўскай паліцыі не хапае 2 475 паліцэйскіх.
Цяпер працягваецца акцыя пратэсту, арганізаваная прафсаюзам паліцыі, які патрабуе шэрагу зменаў. Яны тычацца памеру аплаты працы і правілаў выхаду на пенсію афіцэраў.
Прафсаюз паведамляе, што на 1 снежня ў паліцыі Польшчы было 12 928 вакансій, гэта 11,86 працэнта ад колькасці штатных работнікаў.
«У 2024 годзе са службы звольнілася 5786 афіцэраў і прынята на працу 5066, гэта значыць, што мы па-ранейшаму ў мінусе — 723», — гаворыцца ў паведамленні.
Прафсаюз паліцыі назваў, колькі людзей не хапае ў асобных падраздзяленнях:
Варшава — 2 475
Катавіцэ — 1593
Вроцлаў — 1211
Лодзь — 792
Гданьск — 659
Шчэцін — 536
«Гэта шэрая рэчаіснасць, і ніякія міністэрскія плакаты яе не зменяць. Патрэбны хуткія і комплексныя рашэнні, якія пакажуць, што дзяржава сапраўды клапоціцца пра ўнутраную бяспеку і сваіх афіцэраў», — сказана ў паведамленні Прафсаюза работнікаў паліцыі.
У сувязі з паглыбленнем кадравага крызісу правілы прыёму на працу будуць зменены. Цяперашні тэст на спартыўную падрыхтоўку складаецца з васьмі частак. Праект новай пастановы ўключае ў сябе чатыры спартыўныя тэсты, што тычацца рухальных навыкаў, патрэбных супрацоўнікам паліцыі, гэта — сіла, цягавітасць, спрыт і каардынацыя.
Супрацоўнікі паліцыі будуць здаваць наступныя тэсты на фізічную падрыхтоўку: кідок медыцынскага мяча вагой 3 кг наперад дзвюма рукамі з-за галавы, практыкаванні на прэс (падыманне тулава), бег са зменаю напрамку, бег з перашкодамі.
Паводле Dziennik Gazeta Prawna/вх