1-га студзеня пачала дзейнічаць у Польшчы сістэма электроннай дастаўкі лістоў — электронны эквівалент традыцыйных пісьмовых адпраўленняў з паведамленнем аб атрыманні. З новага года абавязак выкарыстання электроннай дастаўкі датычыць большасці дзяржаўных арганізацый, у тым ліку Ведамства сацыяльнага страхавання (ZUS), органы мясцовага самакіравання, некаторых прадпрымальнікаў і асоб, якія выконваюць прафесіі грамадскага даверу, напрыклад, юрыстаў.
Кінга Дабжынь (Kinga Dobrzyń), менеджар па развіцці традыцыйных і лічбавых паслуг Poczta Polska, адзначае, што сістэма электроннай дастаўкі значна эканоміць час:
— Больш не трэба ісці на пошту і адпраўляць заказное пісьмо. Можна скарыстацца лічбавым эквівалентам. Можна такім чынам мець камунікацыю з дзяржаўнымі ўстановамі, з мясцовымі ўладамі, напрыкл., з гмінай, са школай, з садком, таксама з бізнес-партнёрамі. Электроннае пасведчанне адпраўкі ці атрымання ліста з’яўляецца паўнавартасным дакументам, які прызнаецца ў судовым справаводстве і наогул польскім заканадаўстве.
Намеснік міністра лічбавання Дарыюш Стандэрскі (Dariusz Standerski) кажа, што для выкарыстання электроннай дастаўкі заказнога ліста дастаткова мець электронную пошту.
— Можна зарэгістраваць сваю пошту на старонцы е-doreczenia.gov.pl або mObywatel.gov.pl у закладцы twoje skrzynki. Патрэбна запоўніць заяву і паведаміць адрас паштовай скрынкі. Калі заява будзе запоўнена правільна, на вашу электронную пошту будзе адпраўлена пацвярджэнне.
Пасля атрымання пацвярджэння можна адразу карыстацца сістэмай электроннай дастаўкі.
IAR/яс