Яшчэ ў мінулым годзе былі агучаныя падрабязнасці польскай касмічнай місіі пад кодавай назвай «Ignis». У місіі на Міжнародную касмічную станцыю (МКС) будзе ўдзельнічаць польскі астранаўт доктар Славаш Узнаньскі (Sławosz Uznański), які, між іншым, правядзе некалькі эксперыментаў на арбіце, падрыхтаваных польскімі кампаніямі, паведаміў Польскаму радыё старшыня Польскага касьмічнага агенцтва прафесар Гжэгаж Врохна (Grzegorz Wrochna).
— Кожная хвіліна касманаўта на Міжнароднай касмічнай станцыі —бясцэнная. Наш астранаўт будзе там працаваць - ён будзе праводзіць эксперыменты, падрыхтаваныя польскімі даследчыкамі і інжынерамі. Палёт, хутчэй за ўсё, адбудзецца напрыканцы мая, але ўжо цяпер вядзецца інтэнсіўная падрыхтоўка.
Разам з палякам у місію на МКС адправяцца астранаўты з ЗША, Індыі і Венгрыі. Палёт адбудзецца на ракеце Falcon 9, якая ўзляціць з мыса Канаверал у Фларыдзе і даставіць капсулу экіпажа Dragon на Міжнародную касмічную станцыю. Там астранаўты правядуць каля 14 дзён.
Калі ўсё пойдзе паводле плану, доктар Славаш Узнаньскі стане другім, пасля генерала Міраслава Гермашэўскага, палякам у космасе.
IAR/яс
Слухайце эфірны выпуск навукова-тэхнічнай перадачы