Беларуская Служба

У залатой клетцы. Дубай па-польску

03.05.2025 12:04
Дубай для іншаземцаў - шмат у чым казка. Кажуць, жыццё там камфортнае і бяспечнае.
ДубайShutterstock/Iakov Kalinin

Усё больш палякаў з'язджае ў Дубай. Яны вядуць там камфортнае жыццё, але калі парушаюць адну з запаведзяў шэйха, рай ператвараецца ў пекла, піша Рэната Кім у тыднёвіку Newsweek.

Палякі працуюць у Дубаі кваліфікаванымі работнікамі, напрыклад у турыстычнай галіне, агентамі нерухомасці, у міжнародных карпарацыях.

Зрэшты, каб там жыць, абавязкова трэба мець працу. У сітуацыі, калі хтосьці яе страціць - мусіць за тры месяцы знайсці новую. У адваротным выпадку мусіць з'ехаць. Хто хоча жыць у Дубаі, абвязаны таксама рэзка прытрымлівацца мясцовых правіл.

Палякаў у Дубаі звыш дзясятка тысяч. Усе прыехалі на год-два, а засталіся на дзесяць і больш. Кожны жыве сваім жыццём, не задае пытанняў і не крытыкуе.

— Нельга казаць нічога дрэннага пра Дубай. Ніхто ўвесь час не сочыць за Facebook ці Instagram, але калі ўзнікае канфліктная сітуацыя, паліцыя праглядае сацыяльныя сеткі, кажа журналіст Марцін Маргелеўскі (Marcin Margielewski), які жыў там шмат гадоў і напісаў кніжку «Дубай, пабудаваны з крыві».

Паўсюль вісяць партрэты лідараў Дубая, якія нагадваюць, хто тут кіраўнік і хтo вызначае правілы.

Сярод правіл «нулявая цярпімасць да алкаголю». Піць можна толькі ў гатэлях, барах, рэстаранах, ні ў якім разе ў грамадскіх месцах. Замежніка могуць за гэта аштрафаваць, арыштаваць ці нават дэпартаваць.

Паўсюль знаходзяцца камеры відэаназірання. Камеры ўсталяваныя нават у таксі і ліфтах. Гэта стрымлівае крадзяжы, за якія пагражае да трох гадоў пазбаўлення волі і вылоўлівае ўсіх парушальнікаў мясцовых правіл.

Палякі ведаюць усе правілы і папярэджваюць сваіх дзяцей, што іх паводзіны ўплываюць на будучыню ўсёй сям'і. Калі яны зробяць нешта забароненае, ім усім давядзецца з'ехаць.

Сярод іншага, у Дубаі забаронена «распаўсюджваць плёткі і ілжывыя навіны», увогуле любую крытычную інфармацыю пра шэйха і яго сям'ю. СМІ паведамляюць адны толькі добрыя навіны.

У Дубаі можна лёгка нарабіць сабе непрыемнасцяў, напрыклад, лепш не лайкаць пост пра польскую дабрачынную арганізацыю, таму што забараняецца падтрымліваць дабрачынныя арганізацыі, якія не зарэгістраваныя ў Дубаі, тлумачыць Марцін Маргелеўскі.

Суразмоўцы тыднёвіка Newsweek карыстаюцца ў Дубаі прывілеямі, недаступнымі ў іншым месцы, і не хочуць іх губляць. Яны кажуць «жыць тут камфортна і бяспечна: выдатны заробак, плюс не трэба плаціць падаходны падатак. Да гэтага захапляльная архітэктура, пальмы і мора: усё як на фотаздымках у Instagram. Проста рай».

Полька Агнешка адразу пасля прыезду заўважыла, што арабы пагардліва ставяцца да імігрантаў з Азіі і Афрыкі, і лепш да іншаземцаў з Еўропы і ЗША.

«А ўсё ж, Дубай жыве дзякуючы працы тысяч пакістанскіх будаўнікоў, індыйскіх таксістаў, філіпінскіх нянь і эфіопскіх прыбіральшчыц». Полька адзначае, што гэта сучаснае рабства.

Марцін Маргелеўскі, аўтар кніжкі пра Дубай, расказвае пра жахлівыя ўмовы працы і жыцця гэтых рабочых. 

«Я зусім не здзіўлены, што людзі ў захапленні ад Дубая. Я таксама быў. Пакуль там жывеш, не бачыш нічога, што псавала б гэтую райскую карцінку», падводзіць Маргелеўскі.

яс