Беларуская Служба

106 гадоў таму ў Варшаве была створаная арганізацыя, якая працавала на карысць беларуска-польскай федэрацыі

31.05.2025 06:03
Ініцыятары стварэння арганізацыі былі перакананыя, што бальшавікі жадаюць «адзінай і непадзельнай Расіі» і ніколі не дазволяць беларусам стварыць уласную дзяржаву.
Аўдыё
  • 106 гадоў таму ў Варшаве была створаная арганізацыя, якая працавала на карысць беларуска-польскай федэрацыі
       , .  ( ):  ,  ,  ,  ; :  ,  ,  .  1919
Кіраўнікі прадстаўніцтваў і місій БНР у еўрапейскіх краінах, Берлін. Сядзяць (злева направа): Яўген Ладноў, Васіль Захарка, Пётра Крачэўскі, Леанард Заяц; стаяць: Лявон Дубейкаўскі, Янка Чарапук, Яўхім Бялевіч. Кастрычнік 1919 годакрыніца: Рада БНР/грамадскі набытак

Грамадска-палітычная арганізацыя называлася «Польска-беларускае таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі» ды працавала ў Варшаве ў 1919–1920 гадах. У яе склад уваходзілі асобныя прадстаўнікі беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху і кансерватары-памешчыкі, галоўным чынам з Магілёўскай і Мінскай губерняў.

Таварыства было створанае 106 гадоў таму – 31 мая 1919 года ў Варшаве. Ініцыятарамі стварэння арганізацыі выступілі беларускія дзеячы Лявон Дубейкаўскі (на галоўным здымку першы злева ў другім шэрагу) і Эдвард Вайніловіч. Таварыства паўстала для палітычнай падтрымкі ідэі федэрацыйнага саюза Беларусі і Польшчы, як было напісана ў дакументах арганізацыі, «для ўзаемнага пазнання і збліжэння Польшчы і Беларусі».

Арганізацыя з’явілася ва ўмовах польска-бальшавіцкай вайны 1919-1920 гадоў і стварэння Грамадзянскага ўпраўлення Усходніх зямель. Гэты орган улады быў створаны пры камандаванні польскай арміі на занятых ёй тэрыторыях Беларусі і Літвы па ўказу кіраўніка Польшчы Юзэфа Пілсудскага. Польска-беларускае таварыства для палітычнага і культурнага супрацоўніцтва на Беларусі за галоўную мэту ставіла вырашэнне пытання беларускіх зямель пасля заканчэння ваенных дзеянняў паміж Польшчай і бальшавіцкай Расіяй.

Эдвард Вайніловіч (1847–1928), 1903 год Эдвард Вайніловіч (1847–1928), 1903 год

Таварыства аб’яднала асобных прадстаўнікоў беларускага нацыянальнага руху і ўплывовых кансерватыўных землеўладальнікаў з Беларусі, якія, ратуючыся ад бальшавікоў, аселі ў Варшаве. Яны былі прыхільнікамі палітычнай суб'ектнасці Беларусі, для прыкладу, той жа Эдвард Вайніловіч. На яго думку, збліжэнне часткі прадстаўнікоў беларускага нацыянальна-дэмакратычнага руху з кансерватыўна настроенымі польскамоўнымі і каталіцкімі землеўласнікамі Беларусі было вынікам пераканання, што бальшавікі жадаюць «адзінай і непадзельнай Расіі» і ніколі не дадуць магчымасці беларусам нацыянальна развівацца, а Беларусь «патоне ў рускім моры» і асімілюецца.

З іншага боку, і самі польскамоўныя ды каталіцкія землеўласнікі з тэрыторыі Беларусі былі прыхільнікамі палітычнай субʼектнасці Беларусі і хацелі саюза, а не інкарпарацыі Беларусі ў склад Польшчы. Эдвард Вайніловіч быў перакананы, што ва ўмовах бальшавіцкай пагрозы толькі саюз Беларусі і Польшчы, праз адраджэнне федэратыўнай Рэчы Паспалітай, можа гарантаваць культурнае развіццё беларусаў і палітычную субʼектнасць Беларусі.

Паводле прынятага статута, таварыства ставіла за мэту дамагацца «цяснейшай прыязнасці паміж беларускім і польскім народамі, грунтоўнае і шырокае азнаямленне польскага грамадства з Беларуссю і, наадварот, беларускага грамадства з Польшчай, будаўніцтва ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў галіне культурнай, эканамічнай і асабліва палітычнай, як роўны з роўным, вольны з вольным».

У склад кіраўніцтва ўваходзілі, у прыватнасці, Міраслаў Абязерскі (старшыня), Лявон Дубейкаўскі (віцэ-старшыня), Канстанцін Гардзялкоўскі (сакратар і скарбнік), Павел Аляксюк, Эдвард Вайніловіч, Аляксандр Лядніцкі, Раман Скірмунт, Браніслаў Тарашкевіч і інш. Як бачна, яго членамі былі ў тым ліку вядомыя беларусы, актыўныя грамадскія дзеячы і палітыкі часоў Беларускай Народнай Рэспублікі і 20-30 гадоў мінулага стагоддзя.

Таварыства арганізоўвала публічныя канферэнцыі, лекцыі па польска-беларускай праблематыцы, праз польскую і беларускую прэсу асвятляла грамадска-палітычнае становішча і перспектывы дзяржаўнай федэрацыі абодвух краін, патрабавала ўвядзення ў школьныя праграмы польскіх і беларускіх навучальных устаноў прадметаў па гісторыі, геаграфіі, этнаграфіі Польшчы і Беларусі.

Таварыству ўдалося вызваліць у Варшаве з лагераў ваеннапалонных шмат беларусаў, якія не па ўласнай волі ваявалі ў шэрагах бальшавікоў супраць польскіх войскаў.

У кастрычніку 1919 года быў створаны Мінскі аддзел таварыства, у працы якога ўдзельнічала, у прыватнасці, вядомая Магдалена Радзівіл. У верасні 1919 года, у разгар польска-бальшавіцкай вайны, таварыства выдала адозву да грамадзян беларуска-літоўскіх зямель, у якой заклікала да яднання Польшчы і Беларусі.

Дарэчы, у палітычных колах Польшчы ў той час ішла працяглая барацьба вакол пытання: ствараць федэрацыю ці інкарпараваць занятыя польскімі войскамі беларускія і ўкраінскія землі. Паступова перамаглі польскія нацыяналісты, прыхільнікі ўключэння часткі беларускіх і ўкраінскіх зямель у склад польскай дзяржавы, нягледзячы на тое, што прыхільнікам федэратыўнай сістэмы быў кіраўнік Польшчы Юзэф Пілсудскі.

Падчас Слуцкага паўстання ў лістападзе 1920 года асобныя члены таварыства, у тым ліку Лявон Дубейкаўскі, безвынікова намагаліся правесці сумесную палітычную нараду па абмеркаванні ваенна-палітычнага становішча ў Беларусі і наладжванні каардынацыі паміж польскімі фарміраваннямі і вайсковымі часцямі генерала Станіслава Булак-Балаховіча з мэтай арганізацыі ўзброенага выступлення супраць бальшавіцкай улады.

У верасні 1921 года Польска-беларускае таварыства спыніла сваё існаванне, бо не ўдалося дасягнуць галоўнай мэты – стварэння польска-беларускай федэрацыі. Паводле рашэнняў Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 года заходнебеларускія землі былі ўключаныя ў склад Польшчы, прычым у статусе звычайных польскіх ваяводстваў, без аўтаноміі ці нацыянальнага кіравання.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

пры падрыхтоўцы рубрыкі выкарыстаныя матэрыялы з кнігі «Польска-беларускае таварыства» Уладзіміра Ляхоўскага

Больш на гэтую тэму: Машына часу