Важнейшыя выданні на першай паласе друкуюць здымкі двух кандыдатаў у прэзідэнты Польшчы – Рафала Тшаскоўскага і Караля Наўроцкага. Калі выданні аддавалі ў друк, не было яшчэ вядома, хто напэўна перамог. Першыя вынікі давалі перамогу Тшаскоўскаму, але пасля амаль поўнага падліку галасоў аказалася, што галавой дзяржавы стаў Наўроцкі.
«Польшча трэснула напалову» – чытаем у Gazeta Wyborcza. Трэба гэтую Польшчу пасшываць, паколькі грамадства вельмі моцна падзелена. Такая выразная палярызацыя стрымлівае развіццё дзяржавы, паколькі палова грамадзян ставіцца да дзяржавы як да ворага, калі кіруе супрацьлеглы палітычны лагер. Падзеленыя нават сем’і і сябры – нагадвае журналіст выдання Раман Імельскі. Задача палітыкаў складаная – спрабаваць прамаўляць не толькі да сваіх прыхільнікаў, але таксама да праціўнікаў. Дарэчы, гэта задача не толькі для палітыкаў, а для ўсіх жыхароў краіны, падсумоўвае каментатар.
У газеце Rzeczpospolita некалькі каментарыяў. Міхал Шулджыньскі піша пра найгоршы варыянт развіцця падзей. Так бы сталася, калі б хтосьці вырашыў засумнявацца ў выніках выбараў і пачаць змяншаць давер да дзяржавы і дэмакратыі.
Меркаваннем іншага каментатара, Артура Барткевіча, галоўная задача новага прэзідэнта – супакоіць боязі, якія пасля выбараў паявіліся ў практычна паловы грамадзян. Перад выбарамі два бакі паказалі сваё найгоршае аблічча – яны змагаліся не на аргументы, а на кампрамат супраць суперніка.
Аналітык Наталля Гатальска падкрэслівае, што мы прывыклі выбіраць па прынцыпу «альбо — альбо» — кот або сабака, ровар або аўтамабіль і г. Д. Тым часам, свет складаецца з супрацьлегласцяў, якія пераплятаюцца, таму лепш яго апісваць прынцыпам «і — і». Людзям неабходна практыкаваць дыялектычны падыход: моцны і ўражлівы, парадак і змена, аўтаномія і супраца.
Гаворка ідзе не пра тое, каб не выбіраць, а каб прыняць тое, што ёсць людзі, якія заўсёды галасуюць інакш, чым мы, каторыя прэзентуюць іншыя погляды. Патрэбныя агульныя мэты, якія мы можам паставіць перад сабою, незалежна ад таго, якая партыя перамагла на выбарах. На думку Гатальскай, такім выклікам магло б стаць тэхналагічнае развіццё Польшчы, у якім Еўропа ўсё больш адстае ад так званага Глабальнага Поўдня.
нг