Беларуская Служба

Тры гады пад небам свету: шлях да сябе

08.06.2025 19:11
Беларускі вандроўнік Аляксандр Гойшык пасля трохгадовага падарожжа вакол свету вярнуўся ў Еўропу. Аб убачаным і ўражаннях з ім гутарыць наш карэспандэнт.
Аўдыё
  • Тры гады пад небам свету: шлях да сябе
 :  .
На здымку: Аляксандр Гойшык. Фота Паўла Залескага, radyjo.net

— З паведамленняў аб вашых падарожжах мяне вельмі ўразіла тое, што нейкі час вы правялі сярод талібаў. Ці адчувалі там небяспеку і ці былі моманты, калі вы сапраўды баяліся за жыццё?

— Насамрэч, гэта даволі стэрэатыпнае ўяўленне пра Талібан. Улада, якая цяпер у Афганістане, вельмі адрозніваецца ад тых талібаў, што былі напачатку двухтысячных гадоў. Наколькі яны могуць развіваць турызм — развіваюць яго, гарантуюць бяспеку для турыстаў. І цяпер гэта краіна, дзе сапраўды можна не баяцца за сваю бяспеку.

Іншая справа, што падарожжа па гэтай краіне цябе выматвае, бо трэба атрымліваць дазвол на знаходжанне ў кожнай правінцыі, вельмі часта правяраюць дакументы. Прычым гэтыя талібы, маладыя хлопцы, часта не ўмеюць нават чытаць, а твой пашпарт глядзяць дагары нагамі.

— А як выглядае жыццё ў доме пад зямлёй у Аўстраліі? Што найбольш здзівіла ў такім стылі жыцця?

— Жыццё звычайнае, і гэта вельмі камфортны дом пад зямлёй. Гэта хутчэй так гучыць — «дом пад зямлёй», а насамрэч — гэта звычайная кватэра. Проста яна збудаваная сваімі рукамі ў месцы, дзе ў іх некалі былі шахты. Я б сказаў, што там узровень камфорту значна вышэйшы, чым у шмат якіх кватэрах, дзе я бываў у Еўропе.

А паўсядзённае жыццё ў Аўстраліі, як і паўсюль, толькі са сваімі нюансамі. Трэба, да прыкладу, заўсёды памятаць пра сонца, якое вельмі агрэсіўнае. І калі ты забыўся памазаць твар крэмам, то праз 15 хвілін можаш згарэць і пасля тры тыдні хадзіць з аблезлым носам. Яшчэ трэба пастаянна піць ваду, і там паўсюль пра гэта нагадваюць. Я вынес гэты ўрок адтуль і цяпер, калі яркае сонца, заўсёды мажуся крэмам і нашу з сабой запас вады.

— Чаму, на вашу думку, Гватэмала — недаацэненая краіна для падарожнікаў? Што там варта абавязкова ўбачыць?

— Гватэмала — гэта краіна, самая цікавая з пункту гледжання культуры. Напэўна, гэта адзіная краіна ў свеце, дзе ўсё карэннае насельніцтва — індзейцы. У дадзеным выпадку — гэта індзейцы Майя. І яны ўсё яшчэ складаюць большасць. Яны захавалі сваю спадчыну, мовы, традыцыі, культуру, вопратку. І ты ўсё гэта можаш чуць і бачыць штодня, можаш дакрануцца да іх аўтэнтычнай культуры.

А што датычыцца таго, чаму недаацэненая. Справа ў тым, што індзейцы Майя жылі не толькі ў Гватэмале, але і ў частцы Мексікі. І калі Мексіка развівала турызм у другой палове ХХ стагоддзя, у Гватэмале вялася грамадзянская вайна, якая перарасла з часам у генацыд Майя. І ў той час практычна ўсю спадчыну Майя перацягнула на сябе Мексіка. Яны здолелі ўсё гэта развіць і прыцягнуць увагу ўсяго свету да гэтай старажытнай культуры. І таму Гватэмала вельмі недаацэненая ў гэтым сэнсе.

— Вы пабывалі ў дзясятках краін — у якой адчулі сябе найбольш «у дома» і чаму?

— Каб настолькі, як у сябе дома, то, напэўна… не. Былі краіны, якія ўспрымаліся па-рознаму на кантрасце. Калі ты доўга вандраваў па розных экзатычных краінах, як, напрыклад, пасля Афганістана з гэтымі талібамі, з гэтай разбуранай інфраструктурай, праверкамі на блокпастах, і раптам прыязджаеш ва Узбекістан, дзе чысценька, зялёна і людзі размаўляюць на зразумелай табе мове, нават беларускія прадукты ў крамах прадаюцца і беларускія сябры там жывуць — там я сябе адчуваў часткова, як дома.

— Ці былі краіны, куды вы б больш ніколі не вярнуліся? Што там пайшло не так?

— Такіх краін, напэўна, не было. Былі тыя, што спадабаліся менш, а былі тыя, што больш. Трэба ўмець глядзець так, каб заўважаць цікавае і прыгожае ў любой краіне. І кожная краіна мае нешта сваё. Проста трэба ўмець гэта заўважыць.

— Вы шмат падарожнічаеце адзін. Што даюць сольныя вандроўкі, чаго не атрымаеш у кампаніі?

— З кампаніяй ты шмат не навандруеш, бо ў кожнага чалавека свае жаданні. Можна з тыдзень павандраваць разам з сябрамі падчас вакацый, але гэта падарожжа не было вакацыямі. Гэта была сапраўдная краязнаўчая экспедыцыя, каб паглядзець свет і спазнаць сябе. Між іншым, гэта падарожжа — у глыб сябе. І калі ты насамрэч хочаш зразумець сябе, то павінен вандраваць адзін.

— Ці быў у вас момант, калі хацелася кінуць усё і вярнуцца дадому?

— Не, такіх момантаў не было, каб усё кінуць, але былі моманты, калі вельмі стамляўся. Напрыклад, праехаўшы ўсю Лацінскую Амерыку амаль за паўтара года, адчуў, што пачынаю выдыхацца, і ўсё зліваецца, а таму зрабіў перапынак і амаль цэлы месяц спаў.

— Як вандроўкі змянілі ваша стаўленне да Беларусі і беларусаў?

— Адной з мэтаў гэтага падарожжа было шукаць беларусаў ва ўсім свеце, і я мэтанакіравана спрабаваў іх знаходзіць. Я наведаў 51 краіну і ў 20 сустракаў беларусаў. Недзе гэта былі арганізаваныя дыяспары, вельмі моцныя, асабліва ў ЗША ці ў Аўстраліі, а недзе былі паасобныя беларусы, як у В’етнаме, ці Кітаі, альбо ў Лацінскай Амерыцы.

Я скажу, што яшчэ больш палюбіў Беларусь і беларусаў, сустрэў шмат цікавых людзей, пачуў шмат цікавых гісторый. Я стараюся зараз расказваць іх гісторыі ў Еўропе і спадзяюся, некалі раскажу іх і ў Беларусі. І я стараўся людзям у розных краінах расказваць пра Беларусь. Шмат хто ў розных краінах упершыню бачылі беларуса, і ім было цікава, яны шмат распытвалі.

— Аляксандр, што вас наогул прывяло да падарожжаў?

— Я пачаў вандраваць яшчэ ў дзяцінстве разам з мамай. Яна — веруючы чалавек, і мы часта ездзілі ў паломніцкія паездкі. І ўжо тады я адчуваў гэты смак падарожжаў. Недзе ў падлеткавым узросце зразумеў, што ў мяне ёсць вялікая мара — праехаць вакол свету. Я шчаслівы чалавек — я рэалізаваў сваю мару.

— І якое ў вас уражанне ад гэтага свету?

— Свет поўны добрых людзей, свет прыгожы і цікавы. Трэба толькі ўмець разглядзець у ім гэтую цікавасць, разглядзець цікавых людзей. Трэба навучыцца прымаць у ім тое, што табе можа нават не падабацца. Калі ўсё гэта ўмець — можна быць сапраўды зачараваным тым, у якім цікавым свеце мы жывём і колькі ўсяго цікавага вакол існуе…

Гутарыў Павел ЗАЛЕСКІ

Слухайце аўдыё!