Беларуская Служба

Загадчык Кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта: «Ідуць пазітыўныя працэсы, адбываецца рэнесанс мовы»

11.06.2025 07:25
Пры гэтым не хапае прасторы, дзе маглі б збірацца інтэлектуалы, — адзначае Андрэй Масквін. 
Аўдыё
  • Гутарка з загадчыкам Кафедры беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта.
Uniwersytet Warszawski
Uniwersytet Warszawski Pixabay

Кафедра беларускай філалогіі Варшаўскага ўніверсітэта існуе з 1956 года. Так што неўзабаве супрацоўнікі і студэнты будуць святкаваць ужо 70-годдзе працы навучальнай установы. З 2024/2025 навучальнага года кафедрай кіруе прафесар Андрэй Масквін.

З якімі ўласнымі ідэямі, думкамі вы прыйшлі на кафедру. І ці ўдаецца ўжо іх ажыццяўляць? Ці працягваеце пакуль што справу тых, хто быў перад Вамі?

— Канешне, працягваю. Дыдактыка і навуковае развіццё – гэта дзе дысцыпліны, на якія мы звяртаем увагу. Перш за ўсё падручнікі па беларускай мове. І хацелася б выдаць манаграфію, слоўнік па беларускай літаратуры. Напрыклад, пра пісьменнікаў, якія пісалі ў эміграцыі, шмат інфармацыі ў Скарынаўскай бібліятэцы ў Лондане. Няма дастатковай колькасці падручнікаў для навучання беларускай мове – гэта галоўная праблема. Мы паспрабуем выдаць падручнік для пачынаючых. Не хапае таксама добрай публіцыстыкі, такога сайта, якім калісьці быў TUT.BY. Мы сустракаемся з велізарнай колькасцю праблем.

Што казаць, калі беларуская мова ў самой Беларусі практычна разгромленая...

— Але ў Польшчы, за мяжой мы маем зусім іншую сітуацыю. Людзі, якія сюды прыязджаюць, ахвотна карыстаюцца мовай. І хочуць яе вучыць. Я прыехаў на нейкі фестываль у Познань і, памятаю, пачуў, як дзве дзяўчыны прыгожа размаўляюць па-беларуску. Людзі карыстаюцца і вывучаюць. Ідуць пазітыўныя працэсы, адбываецца рэнесанс. Можа, мы яго не бачым, ён не відавочны, але мы заўважым праз некалькі гадоў, што з’явілася сур’ёзная беларуская супольнасць.

А да вас ідуць студэнты? Пасля 2020 года быў уздым зацікаўлення беларускай мовай у Польшчы. Ці ён ужо сышоў, ці яшчэ назіраецца?

— Мы працуем у Польшчы найперш для маладых палякаў, якія заканчваюць ліцэй і павінны працягваць адукацыю. Канешне, нам цяжка, сітуацыя мяняецца кожны год. З гэтым трэба працаваць. Я наведаў ліцэі ў Гайнаўцы і Бельску Падляшскім, я б хацеў супрацоўнічаць з імі, праводзіць там заняткі. Але шмат што не залежыць ад нас. Добра было б прыдумаць нейкую камбінацыю еўрапейскай мовы і беларускай, каб аб’яднацца з іншымі філалогіямі. Ёсць думкі, спрабуем дамаўляцца і іх вырашаць. Трэба мяняць праграму, так што гэта вымагае кардынальных зменаў.

Цяпер шмат беларусаў у Польшчы, якія прыехалі з Беларусі. Ці яны да вас прыходзяць?

— Прыходзяць. Другі ўзровень адукацыі – магістарскі – перш за ўсё для беларусаў, якія атрымалі ліцэнцыят дзесьці ў іншым месцы, на іншым факультэце, а навучанне могуць працягваць на нашай кафедры.   

Калі хтосьці марыць вывучаць у Варшаве беларускую мову і літаратуру, дзверы Варшаўскага ўніверсітэта адчынены. 5 чэрвеня пачаўся прыём дакументаў для жадаючых прайсці навучанне. 

Слухайце далучаны гукавы файл

нг