Беларуская Служба

Польскія ўлады абяцаюць сур'ёзныя змены на ўроках фізкультуры

15.06.2025 07:19
Новая базавая праграма павінна ўлічваць разнастайнасць спартыўных дысцыплін. Змены павінны быць уведзены ў школах з 1 верасня 2025 года.
Аўдыё
  • Польскія ўлады абяцаюць сур'ёзныя змены на ўроках фізкультуры
.
.фота: Pixabay.com/anncapictures

Спорт на свежым паветры і большая разнастайнасць урокаў фізкультуры. Гэта асноўныя рэкамендацыі па новай базавай праграме фізічнага выхавання, якая павінна сфарміраваць жыццёвую патрэбу ў фізічнай актыўнасці, развіцці навыкаў руху і свядомай пазіцыі ў сферы здароўя.

Аўтары новай праграмы адзначаюць, што фізічная актыўнасць — гэта не толькі натуральная патрэба, але і каштоўнасць, якая падтрымлівае развіццё чалавека. Падкрэсліваецца, што фізічнае выхаванне — гэта складаны, шматэтапны і міждысцыплінарны працэс, які інтэгруе веды з навук пра здароўе, псіхалогію, педагогіку, сацыялогію і прыродазнаўчыя навукі.

«Гэты падыход дазваляе вучням не толькі развіваць фізічную падрыхтоўку, але і лепш разумець уплыў фізічнай актыўнасці на здароўе ў фізічным, псіхічным і сацыяльным вымярэннях», — тлумачылася. Было падкрэслена, што мэтай з'яўляецца фарміраванне ў вучняў кампетэнцый, якія дазваляюць свядома кіраваць уласнай фізічнай падрыхтоўкай і эфектыўна выкарыстоўваць фізічную актыўнасць у паўсядзённым жыцці.

Змены ў базавай праграме фізічнага выхавання былі абвешчаныя ў верасні 2024 года, калі міністр адукацыі Барбара Навацкая і міністр спорту і турызму Славамір Нітрас абмеркавалі вынікі праверкі маторных навыкаў вучняў. Даследаванне паказала, што рухальныя навыкі вучняў у цяперашні час горшыя, чым 15-20 гадоў таму, і ў пэўным узросце іх эфектыўнасць зніжаецца.

Навучальная праграма ў школах павінна быць пабудавана такім чынам, каб вучні, акрамя моўных, матэматычных і лічбавых кампетэнцый, таксама набывалі  кампетэнцыі для руху. Міністр спорту Славамір Нітрас падкрэслівае, што праблему індывідуальных звальненняў ад заняткаў з-за кепскага самаадчування вучняў неабходна вырашаць.

- Мы хочам, каб урокі фізкультуры былі больш эластычныя. То бок, каб настаўнік не быў вымушаны рабіць нешта канкрэтнае, але меў больш свабоды. Каб больш заняткаў адбывалася на свежым паветры. Возьмем прыклад скандынаўскі, там клімат не лепшы за наш, але там мноства заняткаў адбываецца на вуліцы. Каб калі вучань, у якога горшае самаадчуванне, рабіў іншае, напрыклад, шпацыраваў, а не сядзеў на лаўцы.

У горшай кандыцыі знаходзяцца дзяўчаты. Іх фізічная падрыхтоўка зніжаецца, а 70 працэнтаў вучаніц не жадаюць удзельнічаць у пазакласных спартыўных мерапрыемствах. За чатыры гады пасля пандэміі фізічная падрыхтоўка вучаніц не палепшылася. Цікавасць да спартыўных заняткаў знізілася на 20 працэнтаў, кажа рэктар Акадэміі фізічнага выхавання ў Варшаве, прафесар Барташ Молік:

- Бацькі на заняткі фізкультуры глядзяць дастаткова стэрэатыпна, як заняткі для хлопчыкаў, а не для дзяўчат. У сувязі з гэтым узровень фізічнага развіцця ў дзяўчынак значна ніжэйшы. Мы павінны павысіць прывабнасць заняткаў фізкультуры і скіраваць іх таксама ў бок дзяўчат.

Па замове Міністэрства навукі і вышэйшай адукацыі Акадэміі фізічнага выхавання праводзіць даследаванне, каб паказаць, што неабходна для паляпшэння гэтай сітуацыі. У гэтым годзе да пяці каманд, якія працуюць, далучылася шостая, якая будзе правяраць фізічную падрыхтоўку дашкольнікаў. Фізічная актыўнасць можа прынесці вельмі добрыя вынікі нават у дзяцей дашкольнага ўзросту, падкрэслівае Агнешка Стэмпень, якая ўзначальвае каманду:

- Гэта вельмі важны перыяд. Са свайго досведу скажу, што калі мы заўважаем у дзяцей парушэнні рухальнага апарата ці заўважаем нежаданне рухацца, то, нават у Варшаве, не хапае месцаў, якія б займаліся дашкольнікамі. Няма месцаў, якія праводзілі б заняткі для дзяцей дашкольнікаў.

З адсутнасцю руху моцна звязана праблема празмернай вагі сярод дзяцей. Польскія дзеці і моладзь хутчэй за аднагодкаў з іншых еўрапейскіх краін таўсцеюць, а 30% вучняў маюць празмерную вагу.

Аўтары даследавання, апублікаванага ў часопісе «The Lancet», прагназуюць, што калі ўрады не прымуць тэрміновых мер, да 2050 года больш за палову дарослых і траціну дзяцей і моладзі ў свеце будуць змагацца з залішняй вагой або атлусценнем.

Аўтары даследавання, прысвечанага дзецям і падлеткам, прагназуюць павелічэнне колькасці выпадкаў захворванняў, а колькасць людзей з атлусценнем павялічыцца на 121 працэнт да 360 мільёнаў у 2050 годзе. Паводле слоў даследчыкаў, гэта не толькі пацягне за сабой значную нагрузку на службу аховы здароўя, але і будзе фактарам рызыкі для гэтых людзей на працягу дзесяцігоддзяў і паўплывае на іх нашчадкаў.

ав