Беларуская Служба

Украінцы і беларусы ў Еўропе: уцекачы ці вымушаныя мігранты?

11.06.2025 15:03
Еўрапейскія навукоўцы спрабуюць даследаваць феномен вымушанай міграцыі з Беларусі ды Украіны ў ЕС за апошнія гады.
Аўдыё
  • Навукоўцы пра вымушаную міграцыю з Беларусі ды Украіны ў ЕС
Ілюстрацыйнае фотаImage by Mario from Pixabay/CC0

Працяглы палітычны тэрор у Беларусі ды расійская агрэсія ва Украіне выклікалі вялікую хвалю ўцекачоў з Беларусі ды Украіны ў Еўрасаюз. Еўрапейскія навукоўцы спрабуюць даследаваць гэты грамадскі феномен. Яны заўважаюць, што пасля ўздыму і вялікай салідарнасці да ўцекачоў з гэтых краін заўважаецца скарачэнне падтрымкі.

Даследаваннямі вымушанай міграцыі з Украіны ды Беларусі ў краіны ЕС актыўна займаецца Цэнтр вывучэння міграцыі Варшаўскага ўніверсітэту ды Французскі інстытут даследаванняў Усходняй Еўропы, Каўказа і Паўночнай Азіі ў Варшаве. На днях абедзве ўстановы зладзілі семінар на тэму «Вымушаная міграцыі і ўцекачоў з Украіны і Беларусі пасля 2022 года: стан спраў, праблемы і будучыя тэндэнцыі», у якім  ўзялі ўдзел навукоўцы з Францыі, Польшчы, Украіны ды Беларусі. Еўрапейскіх даследчыкаў цікавіць феномен апошніх год – масавай міграцыі з Беларусі, Украіны ды Расіі ў краіны ЕС па вымушаных прычынах. Гаворыць прафесар з Цэнтр Эміля Дзюркгейма пры Універсітэце Бардо, каардынатар даследчага праекта EXILEST Ранан Эрвуэ.

— Для нас пачаткам быў не 2022, а 2020 год і пратэсты ў Беларусі. Пасля тых дэманстрацый,  мы пачалі праект, прысвечаны даследаванню тэмы беларусаў у выгнанні. Падчас нашай працы пра беларусаў пачалося маштабнае ўварванне Расіі ва Украіну ў лютым 2022 года, таму хутка ўзнікла патрэба зразумець міграцыйныя рухі, вымушаную міграцыю яшчэ і з Украіны ды Расіі. Нам важна прааналізаваць, як вайна справакавала і трансфармавала міграцыю, а таксама формы палітызацыі ў сярод трох груп мігрантаў. Мы таксама спрабуем аналізаваць, хоць гэта і не так проста, адносіны паміж гэтымі трыма нацыянальнымі групамі ўцекачоў.

Адмыслоўцы зазначылі, што найбольшая хваля мела месца пры канцы лютага на пачатку сакавіка 2022 года, пазней наплыў паменшыў, а цяпер назіраецца сталы міграцыйны рух украінцаў у Польшчы і з Польшчы, патлумачыла прафесарка Варшаўскага  ўніверсітэта Агата Гурны.

— У выніку расійскага ўварвання ва Украіну некалькіх мільёнаў за вельмі кароткі прамежак часу паміж лютым і красавіком уцяклі за мяжу. Пасля, ужо ў другой палове 2022 года, мы ўжо назіралі своеасаблівае аднаўленне перамяшчэнняў з Украіны і ва Украіну, што, вядома, звязана з вяртаннем некаторых людзей, а таксама з аднаўленнем цыркулярнай міграцыі, якая была вельмі інтэнсіўнай да вайны. Важна, што ўкраінская супольнасць складае каля 1,5 мільёна чалавек, ці нават больш у Польшчы. Пры гэтым мы назіраем размытасць у вызначэнні статусу прыбылых: мігрант ці ўцякач ад вайны. У  Польшчы вельмі цяжка сказаць, хто з украінцаў з'яўляецца ўцекачом ад вайны, а хто не. Вядома, гэта звязана з прысутнасцю вялікай украінскай супольнасці яшчэ да вайны.  

Паводле даследчыкаў на дадзены момант з сістэмы PESEL (індывідуальны ідэнтыфікацыйны нумар) вынікае, што ў Польшчы пражываюць мільён трыста тысяч укріанцаў, больш за 60% - гэта жанчыны. 37% сярод іх – гэта мігранты, 18% уцекачы ад вайны. 69% сярод іх працуюць у Польшчы.

Што да мігрантаў ды ўцекачоў з Беларусі навукоўцы зазначылі, што іх лёс менш даследаваны, яны менш бачныя і заўважаныя ў краінах ЕС. Гэта звязана ў першую чаргу з меншай колькасцю, ускладаннем на іх адказнасці з дзеянні рэжыму Лукашэнкі, які дзейнічаў як суагрэсар, большымі праблемамі з легалізацыяй у Еўропе. Беларускія ўцекачы не пачуваюцца бяспечна ў эміграцыі, зазначыла даследчыца з  Універсітэту Бардо Мантэнь, удзельніца праекту EXILEST др. Таццяна Шукан.

— У адным з апошніх інтэрв’ю, беларус, які апынуўся ў вымушанай міграцыі, сказаў, што як уцякач можа знаходзіцца ў поўнай  бяспецы. Заўсёды ёсць залежнасць ад краіны, дзе ты знаходзішся, бо адміністрацыя вырашае, ці ты можаш застацца, ці зможаш працаваць, наладзіць сваё жыццё. На якой бы падставе мігранты не знаходзіліся ў краіне: па палітычных ці эканамічных прычынах, яны заўсёды будуць у залежнасці ад краіны, якая іх прымае.

Даследчыца заўважыла, што сярод беларускіх мігрантаў назіраецца змена стаўлення да беларускай мовы.

— Стаўленне да беларускай мовы характарызуецца большай павагай, нават калі не для ўсіх яна становіцца мовай штодзённага выкарыстання. Назіраецца жаданне мець з ёй больш кантактаў. Пасля расійскай агрэсіі на Украіну, бачна розніца паміж публічнай дэманстрацыяй ды прыватнай прасторай. Шмат для каго важна паказаць публічна сваю пазіцыю наконт мовы. Я бачу, што  больш беларускай мовы ўжываецца ў публічнай прасторы. Патрэбны час, каб яна пачала больш ужывацца ў прыватнай прасторы.

Беларуская міграцыя апошніх год характарызуецца большай грамадзянскай актыўнасцю, нават за мяжой людзі імкнуцца будаваць лепшую Беларусь, за якую яны выходзілі на вуліцы ў 2020-м годзе, зазначае Тацяна Шукан.

— У розных краінах ёсць розная колькасць беларусаў, яны жывуць у розных кантэкстах, але ім важна працягваць мець повязі з беларушчынай у сваім жыцці. Гэта прасцей у тых краінах, дзе больш беларусаў, дзе больш арганізацый ды дзейнасці. У разуменні людзей ёсць дзве Беларусі: адна, што асацыюецца з рэжымам Лукашэнкі ды рэпрэсіямі, а другая – тая, з-за якой людзі выходзілі на вуліцы ў 2020-м годзе. Бачна жаданне працягваць будаваць другую Беларусь, і калі немагчыма гэта зрабіць на беларускай тэрыторыі, яны працягваюць гэта рабіць у краінах, дзе апынуліся.

Паводле падлікаў экспертаў Цэнтру новых ідэй,   Такім чынам, толькі на пачатак 2024 года з краіны з’ехала прыкладна 500-600 тысяч чалавек. Цяпер гэтыя лічбы могуць быць яшчэ большыя. Гэта каля 7% ад афіцыйнай колькасці насельніцтва Беларусі.

Юры Ліхтаровіч