Беларуская Служба

Беларуская і ўкраінская дыяспара ў Польшчы: ад недаверу да супрацоўніцтва

11.06.2025 16:02
Польскія даследчыкі зацікавіліся стасункамі паміж украінскай і беларускай дыяспарай у Польшчы ды Еўропе.
Аўдыё
  • Украінская і беларуская дыяспара ў Польшчы
    .
Акцыя беларускай дыяспары ў Польшчы. Ілюстрацыйнае фотаMichał Zieliński/PAP

З 2020 года ў Польшчы знайшлі ратунак дзясяткі тысяч беларусаў. З 2022 года ў Польшчу прыехалі сотні тысяч чалавек з Украіны, якія ратаваліся ад расійскай агрэсіі. Польскія даследчыкі зацікавіліся стасункамі паміж украінскай і беларускай дыяспарай у Польшчы ды Еўропе. Спачатку быў недавер і варожасць, якія з часам змяніліся на разуменне і супрацу. У гэтым шмат высілкаў беларускіх грамадскіх ініцыятыў ды актывістаў, кажуць польскія навукоўцы.

Даследаваннямі міграцыі ў Польшчы актыўна займаецца Інстытут канвергенцый і міграцый ды Цэнтр вывучэння міграцыі Варшаўскага ўніверсітэта. Адно нядаўніх з даследаванняў было прысвечанае вывучэнню феномена мабілізацыя ўкраінскай дыяспары ў першыя два гады расійскай агрэсіі ў Польшчы, ім займалася прафесарка Агнешка Фігель. Апроч гэтага даследчыца займалася таксама вывучэннем адносін паміж украінскай і беларускай дыяспарай у Польшчы. Мы паразмаўлялі з ёй пра тое, што характарызуе гэтыя адносіны.

— Я даследавала ў першую чаргу беларускія і ўкраінскія асацыяцыі ў Польшчы і Францыі і размаўляла з актывістамі. Ва ўсіх зробленых інтэрв'ю гучала слова «складаныя адносіны». Гэтыя адносіны былі складанымі спачатку, але з часам яны змяняліся. 

На пачатку беларусы сутыкаліся з вялікім недаверам і нават варожасцю з боку ўкраінскіх актывістаў, якія ў абвінавачвалі іх у тым, што яны не пазіцыянуюць смела і канкрэтна, што выступаюць супраць вайны. 

Беларусы  ж спрабавалі падкрэсліць агульны лёс паміж бежанцамі з Беларусі, што ў іх аднолькавыя пагрозы, ім важна было паказаць, што яны з украінцамі.

Што яшчэ, на вашу думку, правакавала той недавер?

— Ва Украіне веды пра рэжым Лукашэнкі былі адносна неглыбокімі, і Лукашэнка быў самым папулярным замежным палітыкам да вайны. І ў нашых інтэрв'ю гэтае няведанне з боку ўкраінцаў было відавочным адносна таго, што ў Беларусі існуе аўтарытарны рэжым і што ёсць апазіцыянеры, якія яму супрацьстаяць.

Калі пачалася вайна і расійскія войскі прайшлі праз Беларусь, украінцы паставіліся да беларусаў як да ворагаў, як да прадстаўнікоў краіны, якая ўдзельнічае ў вайне з боку агрэсара. Адсюль варожасць і недавер. З цягам часу гэты недавер і варожасць былі пераадолены вельмі інтэнсіўнай дапамогай, магчыма, нават навязваннем з боку беларусаў падтрымкі ўкраінскім актывістам. У 2022 годзе структуры беларускай апазіцыі ўжо існавалі ў Еўропе, напрыклад, у Францыі менавіта беларускія актывісты дапамагалі ўкраінскім уцекачам. Яны пачалі арганізоўваць дапамогу бежанцам, дапамагалі ім ствараць асацыяцыі, займацца справамі ў мэрыі, займацца, напрыклад, падачай заявак на дэманстрацыі ў прэфектуры, рознымі іншымі дробязямі. Гэта ж адбылося і ў Польшчы, але тут дапамога ад беларусаў была значна менш бачная, бо ўкраінскія арганізацыі ўжо былі вельмі добра развітыя ў Польшчы ў 2022 годзе.

У якім кірунку змянялася стаўленне ўкраінцаў да беларусаў?

 — Менавіта, у бок узмацнення супрацоўніцтва і інтэграцыі. Праз некаторы час украінцы ўбачылі, што беларускія арганізацыі сапраўды хацелі ім дапамагчы і сапраўды стаялі на іх баку, калі нават навязваліся са сваёй гуманітарнай дапамогай. Я памятаю такое інтэрв'ю, калі высветлілася, што ўкраінскія бежанцы вучацца французскай мове ў буйных гарадах Францыі ў беларускіх бежанцаў, у тых, хто прыбыў некалькі гадоў раней.

У вашым даследаванні гаворыцца пра тое, што ўкраінская дыяспара вельмі актыўная ў Еўропе, звяртаюцца да палітыкаў на розных узроўнях. Як беларуская дыяспара выглядае ў гэтым аспекце?

— Гэта складанае пытанне, і складанасць у асноўным вынікае са звычайнай дэмаграфіі. Я маю на ўвазе, што беларуская дыяспара настолькі малая, што ў яе проста менш шанцаў прабіцца. Пра Беларусь не кажуць столькі, колькі гавораць пра Украіну і пра бежанцаў з Украіны. Іх проста шмат. У звязку з гэтым украінцы маюць перавагу ў палітычных адносінах. Выключэннем з'яўляецца Польшча, дзе ў беларусаў ужо былі моцныя кантакты, гэта значыць важныя кантакты, напрыклад, у Сенаце і на высокім узроўні сярод польскіх уладаў. Аднак у іншых краінах такога няма.

Можа гэта яшчэ пытанне менталітэту ці нацыянальнага характару?

 — Маё даследаванне аднабаковае ў тым сэнсе, мае веды тут абмежаваныя, мне цяжка даваць ацэнку.

Я думаю, што беларусы знаходзяцца ў горшай сітуацыі, бо іх проста менш, і іх не заўважаюць, напрыклад, улады буйных гарадоў: Лодзі, Варшавы, а ўкраінцы ўжо прысутнічаюць у розных дарадчых органах гарадоў. 

Беларуская дыяспара  таксама развіваецца. У 2022-м годзе былі арганізацыі, якія былі толькі створаныя дзеля дапамогі бежанцам з Украіны, для размеркавання гуманітарнай дапамогі і самаарганізацыі, потым формы іх дзейнасці пашыраліся, напрыклад, у бок падтрымання нацыянальных звычаяў, беларускай мовы, культуры. Я таксама назіраю пэўную тэндэнцыю ўмацавання беларускай самасвядомасці менавіта на хвалі той шырокай сацыяльнай мабілізацыі.

Як, на вашу думку, цяпер выглядаюць адносіны паміж украінскай і беларускаю дыяспарамі?

— На маю думку, пры канцы 2022 года, у 2023 годзе развівалася супрацоўніцтва. Цяпер пачаўся чарговы этап  — адноўленая засяроджанасць абедзвюх дыяспар на сваіх уласных справах. Я маю на ўвазе, што калі гуманітарны крызіс  мінуў, адбылося ўмацаванне арганізацый, яны здолелі выпрацаваць свае ўласныя шляхі ў руціннай дзейнасці на штодзённай аснове, тады дыяспары зноў пачалі зачыняцца ў сабе і засяроджвацца на сваіх уласных справах: украінская  - вакол пытанняў, звязаных з украінскімі бежанцамі і праблемамі ва Украіне, а беларуская зноў пачала засяроджвацца на пытаннях, звязаных з Беларуссю.

Няма больш супольных мерапрыемстваў?

— Ёсць, калі паглядзець на ўкраінскія дэманстрацыі, напрыклад, можна ўбачыць бел-чырвона-белыя сцягі з Беларусі. Не  скажу, што яны не ведаюць адзін аднаго, сеткі кантактаў ужо наладжаныя, і яны могуць ладзіць нешта сумесна, але я думаю, што гэта натуральная хада падзей, што гэтыя дзве дыяспары ўжо перайшлі ў паўсядзённае жыццё і проста пачалі крыху рабіць паводле сваіх магчымасцей, займацца сваёй паўсядзённай дзейнасцю.

Размаўляў Юры Ліхтаровіч