Журналіст Радыё Свабода Алег Груздзіловіч у снежні 2021 году быў арыштаваны рэжымам Лукашэнкі за тое, што асвятляў пратэсты. Не прызнаў віны і быў асуджаны да 1,5 года зняволення. Адбываў пакаранне ў мінскім СІЗА па вуліцы Валадарскага і ў калоніі пад Магілёвам.
Перапоўненыя камеры, катаванні палітвязняў, этапы, штрафныя ізалятары — пра свой турэмны досвед Алег Груздзіловіч распавёў у кнізе «Мае турэмныя муры». Ён таксама аўтар кнігі з малюнкамі для дзяцей і дарослых «Прыгоды дзядзі Віці на Валадарцы».
Аўтарская сустрэча з Алегам Груздзіловічам
— Алег, ці наогул бываюць былыя палітвязні?
Алег Груздзіловіч: У прынцыпе, бываюць. Іншая рэч, што шмат хто з палітвязняў застаюцца ў гэтай парадыгме. Цяпер яны актыўныя ў сваёй дзейнасці - працягваюць падтрымліваць палітвязняў, аказваюць салідарнасць з тымі, хто там застаўся, кантактуюць з імі па меры магчымасці, бо кантактаваць цяпер вельмі складана. Удзельнічаюць у акцыях падтрымкі. Трэба аднак сказаць, што не ўсе. Пабыўка ў беларускай вязніцы гэта вельмі цяжкае маральнае і псіхалагічнае выпрабаванне. І шмат хто, ну - ва ўсялякім разе - такія ёсць, стараецца гэта забыць як найхутчэй, пераключыцца на іншыя справы і за гэта людзей нельга абвінавачваць. Гэта нармальна, натуральна.
Але некаторыя застаюцца палітвязнямі на ўсё жыццё нават.
Я, як выйшаў на волю, то ездзіў у Нямеччыну. Там непадалёк польскай мяжы ёсць такая старая турма, дзе ўтрымлівалі немцаў, якія хацелі ўцячы з ГДР на захад у ФРГ. Там іх шмат тысяч было. І ў гэтай турме зараз знаходзіцца музей. Займаецца ім былы палітвязень... той, які сядзеў у гэтай турме. Ён нам сам сказаў: я не магу зараз адысці адсюль, гэта маё жыццё і я зараз прыкладаю ўсе намаганні, каб гэта не паўтарылася, расказваю людзям, ваджу экскурсіі па гэтай турме.
І мне тады падумалася, што магчыма і наш лёс будзе такім, што мы, нават калі даможамся сваёй перамогі, усё роўна будзем неяк так рабіць усё, каб не забыліся гэтыя старонкі нашага жыцця. Менавіта з гэтай прычыны, каб гэта больш не паўтаралася.
Алег Груздзіловіч і Яраслаў Іванюк
З былым палітвязнем размаўляў Яраслаў Іванюк.
Гутарка ў далучаным файле