Што ты зробіш, калі сярод ночы пачуеш сірэну? Дзе будзеш шукаць інфармацыю, калі знікне інтэрнэт? Ці ёсць у цябе дома запасы вады, ежы і наяўных грошай? Паралізуючы страх перад вайной прымушае нас пазбягаць думак пра яе. Аднак падрыхтаванае і стойкае грамадства настолькі ж важнае, як і добра ўзброеная армія.
Прэзентацыя кнігі польскай журналісткі Агнешкі Ліхнэровіч (справа) «Ідзе вайна? Спадзявайся на лепшае, а рыхтуйся да найгоршага», Варшаўская ўсходнееўрапейскай канферэнцыя па бяспецы, 17 чэрвеня 2025 г.
Менавіта гэтаму прысвечана кніга вядомай польскай журналісткі Агнешкі Ліхнэровіч «Ідзе вайна? Спадзявайся на лепшае, а рыхтуйся да найгоршага» (Idzie wojna? Spodziewaj się najlepszego, przygotuj na najgorsze). У гэтай кнізе трынаццаць экспертаў распавядаюць журналістцы пра тое, што польскае грамадства можа зрабіць ужо сёння, каб быць гатовым у крызісны момант.
— Я журналістка, і ўжо больш за дзесяць гадоў асвятляю расійскую агрэсію ва Украіне. І тое, што для мяне было і застаецца істотным з самага пачатку працы ва ўмовах збройнага канфлікту, — гэта рэакцыя дзяржаўных інстытуцый і грамадства. Найбольш мяне цікавіла, як і грамадства, і дзяржінстытуты адаптуюцца да крызіснай сітуацыі. Асабліва пасля 2022 года я зразумела, што, хоць армія і яе магчымасці — гэта, безумоўна, ключавое для экзістэнцыйнай барацьбы ўкраінцаў, гэтая барацьба была б немагчыма без удзелу ўсяго грамадства.
І гэтае разуменне, здаецца мне, не да канца пранікае ў Польшчу — што армія патрабуе агульнанацыянальных высілкаў, што цяпер многа гаворыцца пра стойкасць, розныя формы ўцягвання грамадзян і дзяржаўных інстытуцый — ці то ў наўпроставыя дзеянні на фронце, ці то ў падтрымку працы дзяржавы і стойкасці грамадства.
Мой улюбёны прыклад, якім я захаплялася з самага пачатку, поўнамаштабнай вайны — гэта, вядома, «Укрзалізниця». Яна стала асноўным элементам у працэсе эвакуацыі грамадзян, у перакідцы ўсяго неабходнага на фронт і з фронту — людзей, рэчаў, сродкаў. Таксама я многа разважала пра тое, як украінскае грамадства з 2014 года паступова адаптуецца і вучыцца жыць у новых умовах, умовах вайны.
— Ці ўсведамляюць палякі пагрозу рэальнай вайны? Ці грамадства і дзяржава сапраўды рыхтуюцца да такога сцэнарыя?
— У мяне ёсць глыбокае адчуванне, што хоць у Польшчы вядзецца праца над мадэрнізацыяй арміі, пра што шырока гаворыцца, асабліва ў экспертных колах, то ў дачыненні да цывільнага кампаненту — асабліва грамадскага — мы яшчэ не адаптаваліся да новай геапалітычнай рэальнасці. Гэтая кніга павінна пераканаць людзей, што не варта пазбягаць сутыкнення з рэальнасцю. Страх не дае многім палякам адкрыта прызнаць, што рэальнасць змянілася. Я спадзяюся таксама, што яна дойдзе да тых, хто пры ўладзе, бо, як вядома, улада неахвотна ўключае грамадзянскую супольнасць у дзеянні, асабліва ў галіне грамадзянскай абароны ці шырэйшых кансультацый пра комплексную абараназдольнасць краіны. А гэта ж цэлая сістэма.
—Нават у вядучай абарончай праграме Польшчы «Шчыт Усход», за якую таксама ўжо адпавядае ЕС, грамадская стойкасць згадваецца як адзін з трох асноўных кампанентаў на роўні з сілай хаўрусаў і сілай арміі. Ці ў Польшчы насамрэч гэта ўлічваецца?
— Уцягнутасць грамадства мае вялікае значэнне. Па-першае, досвед Украіны паказвае, што ангажаванае грамадства крытычна важная для абароны дзяржавы. Па-другое, індывідуальна для людзей — веды, пачуццё ўплыву і г.д. зніжаюць страх. Па-трэцяе, нават падчас паводкі ў Польшчы высветлілася, што нашы сістэмы бяспекі і крызіснага рэагавання настолькі мілітарызаваныя, што ключавую ролю мае войска. Але патрэбна развіваць цывільныя здольнасці і шырэй уцягваць грамадства.
Гэта не толькі павялічыць нашыя магчымасці, але і будзе добрым для стану дэмакратыі. Бо калі ўсюды пануе рыторыка бяспекі, ёсць спакуса абмежаваць правы, нават канстытуцыйныя. А шырэйшы ўдзел грамадства дае празрыстасць, магчымасць абмеркавання і абароны правоў грамадзян. Калі паглядзець, напрыклад, на крызіс на мяжы з Беларуссю — там бракавала ўнутранага дыялогу, што магло б знізіць напружанне і ўнутраную палярызацыю. І адпаведна, аслабіла б здольнасць Расіі і Беларусі падзяляць палякаў.
— У гэтым кантэксце вельмі часта эксперты звяртаюць увагу на фінскі вопыт грамадзянскай абароны, якая пасля Зімняй вайны 1940-41 гг. на працягу дзесяцігоддзяў разбудоўвала сістэму так званай татальнай абароны. Ці ў выпадку з Польшчай фінскі досвед рэлевантны?
— Так, Фінляндыя часта згадваецца як прыклад. Але важна разумець: у нас іншая культура — менш даверу да дзяржавы і адно да аднаго. Таму фінскія рашэнні будзе цяжка перанесці на польскую глебу. Але досвед Украіны, асабліва ўключэнне грамадзян у абарону, мне падаецца больш блізкім і карысным.
У іх таксама шмат абгрунтаванага недаверу да дзяржавы, нават значна больш, чым у Польшчы але, нягледзячы на гэта, грамадства актыўна далучаецца да абароны краіны. Гэта якраз прыклад «татальнай абароны» — але не толькі супраць поўнамаштабнай агрэсіі з боку РФ. Гэта і пра рэакцыю на кліматычныя, экалагічныя, сацыяльныя крызісы, якіх будзе болей. Удзел грамадства не толькі павялічвае абараназдольнасць, але і ўмацоўвае дэмакратыю.
— Калі глядзець на назву вашай кнігі — што ў гэтым працэсе самае важнае?
— Сутыкнуцца з рэальнасцю — гэта ключ. Але гэта працэс, кожны праходзіць яго ў сваім тэмпе. Прыняцце закона пра грамадзянскую абарону — важны крок. Шкада, што ён зроблены толькі праз дзесяць гадоў пасля пачатку расійскай агрэсіі супраць Украіны. Мы страцілі час.
І варта глядзець не толькі на Фінляндыю, але і на інавацыі ва Украіне. Як казаў польскі публіцыст Эдвін Бендык, пасля 2022 г. украінцы ўжо вучацца жыць у постапакаліптычным свеце, дзе старыя мадэлі — ліберальная дэмакратыя, свабодны рынак — ужо не працуюць.
Нам трэба быць устойлівымі да зменаў, да няпэўнасці, да крызісаў — не толькі вайсковых, але і, пэўна, эканамічных. І аднаго войска для гэтага мала.
Слухайце аўдыё!
эж