Кожны трэці супрацоўнік у Польшчы адчувае псіхалагічны гвалт на працы, – кажа псіхолаг Яанна Календа, адна з аўтараў дакладу пра мобінг «Працаваць па-людску». У Польшчы найбольш распаўсюджаным спосабам спынення мобінгу з'яўляецца звальненне з працы асобы, якая падвяргаецца мобінгу.
«Найвышэйшыя вынікі (80 – 60 працэнтаў) паказваюць на распаўсюджванне так званага «мяккага мобінгу», які часта не заяўляецца афіцыйна, бо яго бывае цяжка даказаць. Між тым, яго наступствы такія ж сурʼёзныя, як і фізічны гвалт – зніжэнне самаацэнкі, трывожныя расстройствы, звальненне з працы або поўнае выключэнне з прафесійнага жыцця. Гэтыя вынікі паказваюць, што наймацнейшыя формы мобінгу «нябачныя» звонку. Іх цяжка даказаць, але яны псіхічна разбуральныя. Гвалт адбываецца праз выключэнне, падрыў аўтарытэту і сістэматычнае пазбаўленне дзеяздольнасці», – гаворыцца ў дакладзе «Працаваць па-людску».
Вынікі даследавання грунтуюцца на апытанні 1084 чалавек ва ўзросце ад 18 да 81 года праз анлайн-анкетаванне. Даследаванне праводзілася з 12 сакавіка па 30 красавіка 2025 года.
Пакаленне Z не зменіць мобінгу, але змяніць падыход да яго.
У даследаванні прынялі ўдзел 81 працэнт жанчын, 18,5 працэнта мужчын і 0,5 працэнта асоб, якія ў графе «пол» адзначылі адказ «іншая». «З пункту гледжання аналітыка мяне найбольш здзівіў той факт, што пераважная большасць апытаных, якія прымалі ўдзел у даследаванні на тэму мобінгу, – гэта жанчыны, але ўжо падчас першых аналізаў выявілася, што менавіта яны часцей за мужчын адчуваюць псіхічны і/або фізічны здзек на працоўным месцы. У сувязі з гэтым большы ўдзел жанчын у гэтым канкрэтным даследаванні можа быць абумоўлены большай частатой адчування імі мабінгуючых паводзін на месцы працы», – каментуе аналітык Бюро даследаванняў і статыстычнага аналізу, доктар Кшыштаф Каліта.
Больш за 70 працэнтаў рэспандэнтаў даследавання сцвярджаюць, што прыблізны ўзрост чалавека, які займаўся мобінгам на працы, складаў ад 36 да 55 гадоў. Гэта былі ў асноўным асобы, якія займалі дырэктарскія пасады (27,8 працэнта), менеджарскія пасады сярэдняга (24,3 працэнта) і вышэйшага ўзроўню (20,7 працэнта). Пасады прэзідэнтаў указалі 16,8 працэнта рэспандэнтаў.
«Можна заўважыць пэўную тэндэнцыю, якая паказвае, што чым старэйшыя супрацоўнікі, якія адчулі мобінг на працы, тым часцей яны вызначалі адносіны пасады як падначалены (мабінгуемы) – кіраўнік (мобер), у сваю чаргу маладзейшыя ў большай ступені ўказвалі: супрацоўнік (мабінгуемы) – супрацоўнік (мобер). У сувязі з гэтым можна канстатаваць, што ацэнка вопыту мобінгу, як уплыву на фізічнае і псіхічнае здароўе, а таксама на будучыню ў прафесіі, не залежыць ад узросту, стажу працы, месца жыхарства, займаемай пасады, велічыні арганізацыі, яе месцазнаходжання і ад пасады мобера», – падкрэсліваюць аўтары даследавання.
– Пакаленне Z не зменіць гэтай зʼявы, бо яна ўжо існуе, зменіцца аднак іх падыход да мобінгу. Наша даследаванне ўжо даказала, што маладыя людзі найменш часу трывалі пераследы. Яны казалі: «Баста» значна хутчэй, чым пакаленне Y, X ці нават міленіалы, – кажа Яанна Календа, суаўтарка даследавання. – Яны не будуць дазваляць такія адносіны да сябе і хутчэй будуць запускаць у інтэрнэце папярэджанні пра дадзенага працадаўцу, альбо будуць шукаць новую працу. У іх няма пафасу жа працы. Ім можна закінуць марныя перакананні на ўласны конт, але сапраўды яны маюць больш магчымасцей, якія даюць ім значна шырэйшыя гарызонты ўспрымання свету як глабальнай вёскі. Сямейная атмасфера і фруктовыя чацвяргі іх зусім не цікавяць. Яны хочуць перш за ўсё ведаць, у колькі скончаць працу, каб заняцца сваімі справамі«.
Жанчыны складаюць большасць сярод мобераў
Большасць апытаных – 61,9 працэнта – указала, што гэта жанчыны здзекаваліся над імі. Мобер-жанчына часцей за ўсё абірае сабе ў якасці ахвяры жанчыну, а мужчына-мобер – мужчыну. Чаму жанчыны маюць большую схільнасць да злоўжывання ўладай над іншымі асобамі? Яанна Календа падкрэслівае, што прычын шмат, а некалькі з іх яна абмяркоўвае на аснове свайго кабінетнага досведу.
– Важны культурны аспект: жанчыны выхаваны ў пакорлівасці. Яны павінны быць ціхімі, ветлівымі і мілымі. А калі ў іх ёсць шанец адпомсціць, яны сеюць разбурэнне вакол. Іх так трактавалі мужчыны ці бацькі, таму там, дзе яны могуць мець уладу, яны аддаюць гэта ў выглядзе пэўнай хвалі. Жанчыны бʼюць па жанчынах, бо тыя слабейшыя за мужчын – глядзі пункт першы – тлумачыць псіхолаг.
– Сястрынства – гэта прыгожы вобраз, але ён дзейнічае толькі ў супольнасцях, у якіх жанчыны сумесна нараджаюць дзяцей, кормяць іх; там, дзе існуе культура цёткавання, яны ўтвараюць статак як ільвіцы. У нас жа жанчына жанчыне – воўк, і гэта не толькі на працы. Дастаткова паглядзець каментары ў сацыяльных сетках пад фотаздымкамі, на якіх жанчына выступае, напрыклад, у новай сукенцы. Гэта іншая жанчына зверне ёй увагу, што яна – на яе думку – занадта кароткая. Мужчыны часцей падтрымліваюць адзін аднаго ў бізнесе, заўзеюць адзін за аднаго. Калі жанчына стварае новую фірму, пачынае недзе «вылучацца», сутыкаецца з велізарнай крытыкай – кажа даследчыца.
– Тут таксама ўзнікае пытанне, якое, безумоўна, зʼяўляецца тэмай для іншага даследавання, што адбываецца з эмацыянальнасцю тых, хто здзяйсняе мобінг, якую цану яны за гэта плацяць, – разважае Яанна Календа. – Мы больш адчувальныя за мужчын і больш эмпатычныя, бо так вынікае з будовы нашага мозгу і нашых гармонаў, а аднак нейкія дэфіцыты, траўмы і дэманы прыводзяць да таго, што жанчыны прычыняюць боль іншым. Магчыма, гэта вынікае з недахопу месцаў па-за працай, дзе яны могуць спакойна будаваць пачуццё ўласнай годнасці…
Са справаздачы вынікае, што галіны, у якіх найчасцей адбываецца мобінг, – гэта адміністрацыя (74,8 працэнта), вытворчасць (7 працэнтаў) і гандаль (71,2 працэнта). Далей у гэтым спісе ідуць паслугі (49,7 працэнта) і ахова здароўя (55 працэнтаў). Найчасцей скардзяцца на мобінг менеджары ніжэйшага звяна (70,1 працэнта) і лінейныя супрацоўнікі (69,3). Больш рэдка – старшыні праўленняў (6,5 працэнта).
Не заяўляюць, бо не вераць, што гэта нешта зменіць
У Польшчы найбольш распаўсюджаным спосабам спынення мобінгу з'яўляецца не заява пра гэта, а звальненне з працы асобы, якая падвяргаецца мобінгу.
І, паводле апытання, толькі 31 працэнт апытаных адважыўся паведаміць пра мобінг у арганізацыі. «Гэта разбуральнае сведчанне ўзроўню недаверу да сістэм паведамлення аб злоўжываннях у арганізацыях, а таксама да рэальнай эфектыўнасці абароны работніка», – мяркуюць аўтары дакладу.
«Чаму так шмат людзей, адчуваючы псіхічны гвалт на працы, не спрабуе абараніць свае межы? Прычыны складаныя – страх перад адплатай, стратай працы, высмейваннем, стыгматызацыяй. Часта таксама недахоп ведаў пра тое, куды і як паведаміць пра праблему, альбо перакананне, што ўсё роўна нічога не зменіцца.
Аўтарамі даследавання зʼяўляюцца Яанна Календа, псіхолаг, псіхатраўматолаг, якая стварае інструменты, што падтрымліваюць арганізацыі ў HR-працэсах, а таксама вядзе дзейнасць на карысць асоб, якія хварэюць на дэпрэсію, і іх блізкіх; Адрыяна Рыхтэр, якая кіруе брэндам HR poPrawnie, Пшэмек Хубіш – псіхолаг і інфарматык, які спецыялізуецца на ацэнцы і развіцці супрацоўнікаў, а таксама на праектаванні кампетэнтных сістэм, а таксама Дамініка Календа – мастачка і камунікатар навукі.
Rzeczpospolita/вх