З нагоды Сусветнага дня бежанцаў, некамерцыйная арганізацыя Tent Partnership for Refugees (гэтая міжнародная структура аб'ядноўвае больш за 500 глабальных кампаній, якія дапамагаюць бежанцам) зладзіла ў Варшаве мерапрыемства, на якім маглі сустрэцца прадстаўнікі наймальнікаў і асобы з Украіны, Беларусі ды іншых краін, якія шукаюць працу. У сустрэчы ўдзельнічалі 13 працадаўцаў і кампаній, гатовых наймаць бежанцаў і даць ім магчымасць працягваць прафесійную кар'еру. «Гэтыя асобы прывезлі з сабой шмат талентаў і ўменняў», — адзначае Паўліна Яворска (Paulina Jaworska), дырэктар польскага аддзелу Tent Partnership for Refugees.
— Бежанцы, якія прыехалі ў Польшчу, гэта перш за ўсё тыя асобы, якія прыбылі сюды пасля 2022 года. Пераважна мы засяроджваем сваю ўвагу на ваенных бежанцах з Украіны, паколькі іх вельмі шмат. Яны прывезлі з сабой самыя розныя таленты, уменні і прафесійныя навыкі. Як вядома, гэта галоўным чынам жанчыны. І гэтыя жанчыны ў сваёй большасці (больш за 60%) маюць вышэйшую адукацыю. На жаль, у Польшчы кампаніі яшчэ не да канца здольныя выкарыстоўваць багатыя прафесійныя навыкі бежанцаў. Ёсць, канешне, сур’ёзны бар’ер, якім з’яўляецца мова. Многія наймальнікі патрабуюць добрага валодання польскай мовай. А вялікая колькасць кандыдатаў пакуль толькі вывучаюць мову. І таму ім прыходзіцца працаваць на пасадах ніжэй за іх кваліфікацыю. Мы на гэтай біржы працы стараемся дапамагчы людзям, якія ўжо падрыхтаваныя, каб працаваць тут згодна са сваёй прафесіяй. Гэта значыць, валодаюць мовай на дастатковым узроўні, прайшлі адпаведныя курсы, аформілі неабходныя сертыфікаты. І мы запрасілі наймальнікаў, якія гатовыя прымаць бежанцаў на пасады, якія адказваюць іх прафесійнай падрыхтоўцы.
Мы паразмаўлялі таксама з наведвальнікамі біржы – як прадстаўнікамі працадаўцаў, якія шукаюць супрацоўнікаў, так і супрацоўнікамі, якія зацікаўленыя ў новым месцы працаўладкавання.
— Эдыта Градкоўска (Edyta Gradkowska), кіраўнік Аддзела працаўладкавання кампаніі IKEA у Польшчы: Мы прымаем на працу ў нашыя крамы людзей з розных краін. Канешне, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, паявілася шмат украінцаў, у тым ліку з нашых аддзелаў ва Украіне. У нас працуюць таксама беларусы. Асабліва мы стараемся дапамагчы людзям з вопытам бежанства. Ім патрэбна больш часу, каб уцягнуцца ў працу, пазнаць правілы кампаніі. Ёсць асобы, якія хутка ўцягваюцца, яны выдатныя супрацоўнікі, а ёсць і людзі, якім такая праца не адпавядае. Гэта цяжкая праца, часта фізічная, з кліентам, не для кожнага. Нашы супрацоўнікі працуюць на працоўным дагаворы, на пачатку праходзяць падрыхтоўчыя курсы. Шмат людзей з Украіны і Беларусі ў нас працуюць, для нас гэта важна, паколькі сярод нашых кліентаў таксама многа асоб з гэтых краін. Самае галоўнае – унутраная матывацыя, жаданне супрацоўнічаць з іншымі, дзейнічаць і не баяцца памылак. Калі нешта не атрымліваецца, гэты вопыт нас чамусьці вучыць.
— Людміла Маліноўская, псіхолаг і аўтар гульняў, Украіна: Я прыйшла сюды, каб шукаць працу для сябе і сваіх сваякоў. Тут шмат вакансій, цікавы сегмент, які падзяліўся на два. Адзін сегмент – гэта вакансіі пачатковага ўзроўню, пераважна фізічная праца, а другі сегмент – высокага ўзроўню вакансіі, у сферы ІТ або кансалтынгу. Для сябе я шукаю тут цікавыя кантакты, сувязі, якія ўдалося атрымаць. Паразмаўляла, запытала, ці адпраўляць рэзюмэ – сказалі, для карпаратыўных псіхолагаў вакансій пакуль няма, але вы адпраўляйце, можа, паявяцца. Так што я рэкамендую ўсім – нават калі няма для вас вакансій, прыходзьце, кантактуйце, паколькі вы ніколі не ведаеце, каго вы сустрэнеце. Пра вас могуць успомніць праз паўгода, год, і нават пазней.
— Вольга, Беларусь: Мы жывём у Варшаве два гады, зараз шукаю працу, бо раней была ў дэкрэце, калі пераехалі. У мяне, відаць, нерэлевантны вопыт, таму хаджу на такія афлайн кірмашы, каб што-небудзь адшукаць. Усе вельмі мілыя, прыемныя, запрашаюць да сябе, але ў Linkedin, на сумоўях усе таксама прыемныя, але заўсёды атрымліваеш адмову. Магчымасці ёсць, але я пакуль у іх не трапляю. Таму выкарыстоўваю тое, што ёсць зараз.
— Я з Беларусі, з Мінска. Працаваў у Польшчы ў галіне продажаў. Было цікава паглядзець, якія цяпер ёсць вакансіі. Тут шмат прадстаўлена кампаній, міжнародных і польскіх. На самой справе вакансій вельмі шмат. Даволі цяжкі этап, паколькі патрэбнае веданне польскай мовы на высокім узроўні, калі хочаш працаваць у Польшчы. І патрэбныя таксама іншыя замежныя мовы – як мінімум англійская. Рынак вельмі канкурэнтны, але цікава, ёсць магчымасць працаваць па ўсёй Еўропе. Я польскую мову ведаю на ўзроўні В2, магу кантактаваць з палякамі. У кожным разе польскую трэба вучыць, каб быць больш канкурэнтным на рынку.
Згодна справаздачы УВКБ ААН (Упраўлення высокага камісара ААН па справах бежанцаў) і Deloitte, Валавы ўнутраны прадукт Польшчы вырас на 2,7% дзякуючы працы асоб з Украіны, якія прыбылі ў дзяржаву пасля расійскага ўварвання. У Польшчы пражывае да 1,5 мільёна ўкраінцаў. Беларусы – на другім месцы па колькасці замежнікаў. Па інфармацыі Цэнтра беларускай салідарнасці, у Польшчы пражывае больш за 300 тысяч грамадзян Беларусі. Дакладную лічбу немагчыма назваць, паколькі людзі атрымліваюць дакументы розных катэгорый.
нг