Катаванні з'яўляюцца злачынствам у адпаведнасці з прынцыпамі міжнароднага права. Ва ўсіх адпаведных дакументах прымяненне катаванняў строга забаронена і не можа быць апраўдана ні пры якіх абставінах. Гэта замацавана ў міжнародным праве. Гэта азначае, што кожная краіна павінна прымяняць такі падыход, нават калі яна не заключыла спецыяльных дагавораў, якія забараняюць катаванні. Сістэматычнае або шырока распаўсюджанае прымяненне катаванняў з'яўляецца злачынствам супраць чалавечнасці.
Катаванні ў Беларусі застаюцца сістэмным злачынствам, нягледзячы на міжнародныя забароны, увагу праваабаронцаў і тысячы задакументаваных выпадкаў. Пра гэта асаблівым чынам нагадваецца сёння – у Міжнародны дзень ААН у падтрымку ахвяр катаванняў. З 23 па 29 чэрвеня беларусы праводзяць Тыдзень супраць катаванняў. Адным з яго арганізатараў з’яўляецца «Прававая ініцыятыва», якая дакументуе выпадкі катаванняў у беларускіх турмах.
Калі гаворыцца пра катаванні ў дачыненні да палітзняволеных у Беларусі, што маецца на ўвазе? Тлумачыць Сяргей Усцінаў з «Прававой ініцыятывы»:
- Гэта збіццё, аж да забойства. Мы зараз выпусцілі грамадскае расследаванне катаванняў у калоніі ў Шклове. Падрабязнасці пра Вітольда Ашурка. Усё паказвае на тое, што яго проста збівалі да такой ступені, што не аказалі медыцынскую дапамогу. Далей катаванні – гэта не аказанне медыцынскай дапамогі ў месцах несвабоды. Аж да забойстваў. Мэтанакіравана не аказваюць медыцынскую дапамогу. Ты ўжо павінен там фактычна паміраць, каб хоць нейкую ўвагу прыцягнуць. Адсутнасць медперсанала. Адсутнасць нейкіх лекаў. Мэтанакіравана. Ты проста прыходзіш і табе гавораць: Вось табе таблетка, ідзі працуй далей. А ў чалавека можа быць пнеўманія ці нейкае сур'ёзнае захворванне. Не аказанне медыцынскай дапамогі было і раней з простымі вязнямі. Мы займаемся гэтай праблемай з 2010 году. І часта фіксавалі смерці проста вязняў у месцах няволі ад не аказання медыцынскай дапамогі або неналежнага аказання.
Далей жорсткія ўмовы ўтрымання. ШІЗА за любую правіннасць. А ШІЗА гэта што? У ШІЗА гэта холад. Норма харчавання меншая. Катаванні, дэпрывацыя сну. Як гэта адбываецца? Калі пастаянны холад, то днём чалавек ходзіць, неяк рухаецца. Уначы ён кладзецца. Холад. Чалавек не можа заснуць. Чалавек ізноў жа ўстае, ходзіць, імкнецца рухацца. Гэта значыць недасыпанне. Гэта ўсё адбіваецца на псіхалагічным стане. Адбіваецца на здароўе чалавека. Ізноў жа псіхалагічны ціск, як я ўжо казаў. ШІЗА за найменшую правіннасць.
Гэта прыніжэнне ў форме абразаў. Прысваенне нізкага сацыяльнага статуту. Гэта значыць робяць людзей «пеўнямі». Гэтая іерархія падтрымліваецца адміністрацыяй ВК-17 да гэтага часу. Чалавек вынес смецце, а яго - у нізкі сацыяльны статут. Асобнае месца харчавання. Асобнае месца ў бараку. Гэта асобны псіхалагічны ціск.
Ізноў жа рэжым інкамунікада, калі казаць пра палітвязняў. Пазбаўленне пасылак і перадач. Адпаведна наступствы - страта вагі і шкода здароўю. Людзей мэтанакіравана калечаць.
Сяргей Усцінаў кажа, што ўмовы ўтрымання настолькі жорсткія, што іх прыраўніваюць да катаванняў.
Чаму беларускі рэжым абірае такое стаўленне да палітзняволеных? Паводле Сяргея Усцінавага, гэта помста.
- Гэта помста. Ва ўсіх палітвязняў жоўтыя біркі, яны адрозніваюць іх ад іншых зняволеных. Любыя зносіны з палітычным зняволеным, любая дапамога палітвязню караецца. Таму гэта ўжо асобная каста, да якой асаблівае стаўленне ў адміністрацыі калоній, жорсткае стаўленне. Гэта такая сістэма. Рэжым пабудаваў у Беларусі канцлагер. Усе людзі, якія іншадумцы, якія выказваюць гэта адкрыта, трапляюць у лагеры. І там адбываецца вось гэта ўсё: катаванні, жорсткае абыходжанне, якое прыраўноўваецца да катаванняў. Гэта помста людзям за тое, што яны інакш думаюць. За тое, што яны супраць улады. За тое, што яны жадаюць жыць па-іншаму.
Сяргей Усцінаў прызнае, што большы ціск аказваецца на тых, у каго статус экстрэміста і тэрарыста. Для іх ствараюцца ўмовы, якія павольна прыводзяць да забойства. Пытаннем абароны ад катаванняў наш суразмоўца займаецца з 2010 года. Аднак гэта 2020 год стаў пераломным.
- У 2020 рэжым ператварыўся ў карны рэжым за іншадумства. Мы памятаем 2015 год, калі была невялікая адліга. Цяпер вярнуўся не 2000, не 2010, нават не ведаю на колькі гадоў мы адскочылі. Татальная голая зямля, дзе не засталося грамадзянскай супольнасці. За іншадумства саджаюць і катуюць. Гэта ўжо грамадская палітыка - катаваць людзей. Сёння яны катуюць па палітычных матывах. Учора яны катавалі па артыкуле 328. Заўтра і сёння яны пачынаюць па крымінальных справах. Каб закрыць паказанні яны пачынаюць збіваць, катаваць людзей. І вырашаюць свае пытанні. Гэта ўжо стала сістэмай. Гэта прызнана ўсюды. Гэта робіцца супрацоўнікамі ГУБАЗІКу, карнымі падраздзяленнямі рэжыму. Адкрыта. З гонарам.
«Прававая ініцыятыва» фіксуе ўсе акты катаванняў. Адначасова ёсць разуменне, што гэта маленькая частка таго, што адбываецца насамрэч, паколькі толькі нямногія адважваюцца расказаць сваю гісторыю. Сабраныя матэрыялы можна будзе выкарыстоўваць у будучых расследаваннях.
- Мы гэта робім для далейшых незалежных расследаванняў, у незалежнай Беларусі. Рана ці позна гэта ўсё роўна будзе, праз 5-10 гадоў. Таксама мы ўсе гэтыя дакументы, усе гэтыя апытанні, дакументы, фіксацыі гатовы перадаць для незалежнага расследавання. Каб кожны карнік быў прыцягнуты да адказнасці. Цяпер мы пачынаем даведвацца пра рэпрэсіі ў Савецкім Саюзе з архіўных дакументаў, у асноўным чэкісцкіх, НКУС. Цяпер жа мы самі дакументуем для гісторыі, для гістарычнай справядлівасці. Каб ніводны дакумент, ніводнае сведчанне не знікла.
Міжнародны дзень у падтрымку ахвяраў катаванняў адзначаецца 26 чэрвеня — дзень, калі ў 1987 годзе Канвенцыя супраць катаванняў і іншых жорсткіх, бесчалавечных або прыніжаючых годнасць відаў абыходжання і пакарання ўступіла ў сілу. На сённяшні дзень бакамі Канвенцыі з'яўляюцца 174 краіны.
ав
слухайце аўдыё