Прастытуцыя пад кантролем дзяржавы? У Польшчы з'явілася прапанова змяніць правілы
— Зменам у заканадаўстве адносна сексуальных паслуг у Польшчы, безумоўна, павінна папярэднічаць грамадская дыскусія, — падкрэслівае ў інтэрв'ю газеце Rzeczpospolita аўтар петыцыі адвакат Павел Асінскі (Paweł Osiński).
У петыцыі адвакат прапануе мадыфікацыю артыкула 204 Крымінальнага кодэкса, які праследуе сутэнёрства.
Сёння пакараннем за прымушэнне і садзейнічанне прастытуцыі ў абмен на фінансавую выгаду з'яўляецца пазбаўленне волі — ад трох месяцаў да пяці гадоў (і ад аднаго да дзесяці гадоў у выпадку непаўналетняга). Аўтар петыцыі прапануе пакінуць у кодэксе суровыя санкцыі, але караць толькі тады, калі, мае месца эксплуатацыя, прымус, пагрозы або гандаль людзьмі.
На думку адваката, дзяржава павінна кантраляваць сферу, якая сёння эфектыўна кантралюецца ў некаторых краінах ЕС, напрыклад, у Германіі.
— Кантроль ажыццяўляецца над месцамі прадастаўлення паслуг, усе, хто працуе ў галіне, плацяць падаткі, і дзяржава бярэ на сябе абавязак гарантаваць, што не будзе эксплуатацыі, гвалту або прымусу, — сцвярджае адвакат Асінскі. «Любое рэгуляванне рынку, а не толькі выгляд, што тэма не існуе, аўтаматычна робіць гэтую справу менш прывабнай для злачынных груп», — адзначае ён.
У сваёй петыцыі адвакат сцвярджае, што неабходнасць рэгулявання таксама абумоўлена рухамі ўнутры самога ЕС (існуе праект рэзалюцыі Парламенцкай Асамблеі Савета Еўропы аб абароне правоў чалавека і паляпшэнні якасці жыцця і правоў асоб, якія займаюцца сексуальнымі паслугамі, або рэзалюцыя Еўрапейскага парламента аб рэгуляванні прастытуцыі ў ЕС).
Таксама, на думку адвакаткі Кінгі Камінскай (Kinga Kamińska), змены дазволяць рэгуляваць дзейнасць, якая ў цяперашні час застаецца ў «шэрай зоне», г.зн. сферу паслуг, якія прадастаўляюцца салонамі тантрычнага масажу.
— Адсутнічаюць канкрэтныя правілы, якія б паказвалі, як такую дзейнасць трэба класіфікаваць: ці ўсё яшчэ як масаж, ці ўжо як сексуальныя паслугі, — тлумачыць экспертка.
Адвакат Асінскі ў сваёй петыцыі спасылаецца на дадзеныя Цэнтра даследаванняў грамадскай думкі, якія ў 2001 годзе паказалі, што, на думку большасці рэспандэнтаў, прастытуцыя і дзейнасць публічных дамоў у Польшчы павінны быць легальнымі.
яс