Чэслаў Ланг — постаць, якую не трэба прадстаўляць у Польшчы. Легендарны шашэйны велагоншчык, алімпійскі прызёр і чэмпіён свету, а сёння арганізатар і генеральны дырэктар роварнай гонкі Tour de Pologne. Яго жыццё — прыклад таго, як мары могуць быць здзейснены дзякуючы запалу, працы і рашучасці, ад сціплых пачаткаў у кашубскай вёсцы да поспехаў на найбуйнейшых спартыўных арэнах свету. Ён выйграў сярэбраны медаль на Алімпійскіх гульнях 1980 года ў Маскве, стаяў на п'едэстале чэмпіянату свету і выступаў за лепшыя прафесійныя каманды Італіі. Пасля завяршэння спартыўнай кар'еры ён аддаў усё сваё сэрца арганізацыі Tour de Pologne, які ператварыў мясцовую гонку ў прэстыжны турнір сусветнага маштабу, прыцягваючы найвялікшых зорак веласпорту і папулярызуючы Польшчу па ўсім свеце.
81-ы Tour de Pologne ў Кракаве
Нягледзячы на тое, што з моманту заканчэння яго прафесійнай кар'еры прайшлі гады, Чэслаў Ланг не змяншае тэмпу. У інтэрв'ю з Польскім радыё ён распавядае пра свае карані, свой шлях да вяршыні і каштоўнасці, якія кіруюць ім па жыцці.
Чэслаў Ланг успамінае сваё дзяцінства ў Кашубіі. Гаворыць, што гэта час, які сфармаваў яго характар. Ланг распавядае пра свой першы ровар і пра тое, як ён адкрыў для сябе радасць язды, нягледзячы на сціплыя ўмовы:
- Маім першым роварам была старая дамка маёй маці. Ён быў занадта вялікі, таму я сеў на раму, круціў педалі як мог і тармазіў нагамі. Але гэта не мела значэння — важна была свабода. Ровар дазваляў мне ехаць наперад, адкрываць для сябе свет, марыць. І ён з'яўляецца спадарожнікам усяго майго жыцця.
Працэс сталення ў вёсцы азначаў адказнасць і цяжкую працу. Чэслаў Ланг прызнаецца, што з самых ранніх гадоў жыццё вучыла яго адказнасці і сістэматычнасці, што пазней стала асновай яго спартыўных поспехаў:
- У мяне было шмат хатніх абавязкаў. Трэба было дапамагаць: я пасвіў кароў, калоў дровы, карміў жывёл. Я асабліва ненавідзеў праполваць, гадзінамі стаяць на каленях у полі. Але менавіта тады загартаваўся мой характар. Пазней мне гэта вельмі дапамагло ў жыцці. Гэта было выхаванне пры дапамозе працы. Я ведаў, што такое цяжкая праца і церпялівасць. І гэта паўплывала на мяне, калі я пачаў ездзіць на ровары. А прафесійная язда на ровары – гэта вельмі цяжкі спорт, які вымагае ад нас шмат ад чаго адмаўляцца, імкнуцца да мэты. І менавіта гэтая праца на вёсцы мяне гэтаму навучыла.
Чэслаў Ланг таксама згадвае настаўнікаў, якія натхнялі яго, і тое, як школьныя спартыўныя спаборніцтвы сталі пачаткам большай прыгоды:
- У нас быў цудоўны настаўнік, спадар Аляксандр Сілюта. Ён выкладаў хімію, фізіку, але таксама арганізоўваў спаборніцтвы, заахвочваў да спорту. Ладзіў футбольныя матчы, выбіваў памяшканне для заняткаў тэнісам. Усе дзеці з ваколіцы збіраліся вакол яго. Дзякуючы яму я пакахаў спорт, бо ў маёй сям'і не было спартыўных традыцый. Ён дапамог мне запісацца на першыя спаборніцтвы, на якіх я стартаваў на дамцы мамы.
З часам невялікія поспехі ператварыліся ў мары пра вялікі спорт. Ланг прызнаецца, што шлях да алімпійскага п'едэстала быў доўгім, але кожная перамога яго падсілкоўвала:
- Я заўсёды марыў пра самае вялікае. Спачатку я хацеў быць лепшым у клубе, хутка гэта рэалізаваў, марыў перамагчы ў чэмпіянаце павету – перамог, чэмпіянаце ваяводства - выйграў, Польшчы – выйграў. Канешне, цяжкай працай. Я марыў пра гонку міру, а потым мара пра медаль чэмпіянату свету. Я стаў віцэ-чэмпіёнам. І самы важны медаль - сярэбраны медаль на алімпіядзе ў Маскве ў 1980 годзе. У Польшчы адбываліся сістэмныя змены, «Салідарнасць», Лех Валенса. Усе палякі былі вельмі аб'яднаныя, каб змяніць сістэму, вывесці расійскія войскі з Польшчы. І гэты спорт быў больш, чым проста спортам. Чаму? Таму што P гэтага. Перамагаць, як казалі, у расіянаў, і гэта прыносіла радасць нам, і радасць заўзятарам.
Сёння Чэслаў Ланг — не толькі легенда польскага веласпорту, але і арганізатар, і душа Tour de Pologne. Ён гаворыць, што для яго гэта больш, чым проста гонка. Гэта папулярызацыя Польшчы, яе краявідаў, традыцый, гасціннасці. Гэта таксама школа жыцця для маладых гоншчыкаў. Самае галоўнае — марыць і верыць, што можна ажыццявіць свае мары, кажа госць Польскага радыё. Але адных толькі мар недастаткова, трэба шмат працаваць дзеля іх, быць паслядоўным і паважаць людзей вакол. Трэба атрымліваць асалоду ад самога шляху, а не толькі ад фінішу.
Збігнеў Краеўскі/ав
слухайце аўдыё