Не скончыў вучобу, але знайшоў сваю справу
Максім ужо каля дваццаці гадоў жыве ў Польшчы. Прыехаў сюды пасля заканчэння сярэдняй школы, паступіў у аграрны ўніверсітэт, праўда, як прызнаецца, так і не скончыў яго. Вучыўся на факультэце дрэваапрацоўкі і, маўляў, нават спачатку падабалася, але потым яго пацягнула займацца рамесніцтвам.
Нейкі час працаваў у фірме, якая займаецца вытворчасцю вокнаў і дзвярэй з масіва дрэва, але, як сам кажа, зразумеў, што гэта не яго стыхія, і пачаў працаваць на вытворчасці мэблі.
— Калі я шукаў новую працу, то ўжо хацеў пазнаёміцца з вытворчасцю мэблі, што тыпова для майго профілю. У нас гэта называецца корпусная мэбля: ДСП, МДФ, фурнітура і г.д. І вось я ўжо шосты год працую ў гэтай сферы.
— А адкуль такая цікавасць да мэблі?
Суразмоўца на хвіліну сур’ёзна задумваецца.
— Магчыма, гэта маё прызначэнне, сапраўдная прафесійная любоў, але пакуль я не адчуваю сябе фанатам дрэваапрацоўкі. Проста я з дзяцінства побач з гэтым, бо тата займаўся вытворчасцю мэблі. Мне ў прынцыпе гэта цікава — дакрануцца да драўніны, адчуць яе. Напэўна, гэта ўплыў таты. І дзед мой быў “залатая ручка” — увесь час нешта майстраваў.
Нестандартныя праекты захапляюць больш
З часам Максім прызнаецца, што збіраць стандартную корпусную мэблю стала занадта сумна — яго цікавяць больш нестандартныя праекты, якія апошнім часам набіраюць папулярнасць у Польшчы. Каб набрацца досведу ў гэтай справе, ён плануе скарыстаць адпачынак на навучанне ў спецыялізаванай фірме.
Ён дадае, што нядаўна на яго фірме быў такі праект, у якім ён удзельнічаў, і падчас працы адчуў сапраўдную асалоду.
— Мая задача была зрабіць круглыя сталы з конуснымі ножкамі. Іх трэба было зляпіць, пакрыць шпонам. Гэта быў вельмі цікавы досвед, і я заўважыў, што гэта значна цікавей, чым проста займацца зборкай корпуснай мэблі. У Польшчы ёсць усяго некалькі выканальнікаў такіх кухняў. Дарэчы, яны дарагія — могуць каштаваць 200, 300, нават 400 тысяч злотых. Цікава, што большасць такіх выканаўцаў знаходзіцца ў Вялікапольшчы, бо гэты рэгіён лічыцца калыскай польскага сталярства, а асноўныя заказчыкі — у Варшаве, бо там болей заможных людзей.
Найлепшы вынік — там, дзе давяраюць
Гаворым з Максімам пра калектыў, у якім даводзіцца працаваць, і пра адносіны з кіраўніцтвам. Паводле яго, у розных калектывах бывала па-рознаму — былі і непаразуменні, і канфлікты. Але найлепшы вынік, па яго словах, — там, дзе давяраюць.
— Калі я прыйшоў да гэтага шэфа, дзе працую цяпер, ён даў нам шмат свабоды. У тым сэнсе, што даваў замову, і мы павінны былі яе выканаць. Не было такога, што нехта сачыў, зрабіў ты нешта ці не, — проста выконвалася праца. Ён пабудаваў з намі такія адносіны, што не заўсёды прысутнічаў на вытворчасці, але справа ішла. Гэта дало мне свабоду развівацца. Нада мной не было ніякіх начальнікаў, якія прыніжалі б або абмяжоўвалі. Я даволі хутка ўсяму навучыўся, і цяпер мне давяраюць самыя складаныя аперацыі.
Хоча працаваць на сябе
Максім кажа, што ён ужо саспеў да таго, каб працаваць не на гаспадара, а на сябе. Пытаюся, што яму цяпер перашкаджае гэта зрабіць?
— Адзінае, што пакуль нараджае страх перад уласнай справай, — адсутнасць канкрэтных планаў, мэтаў і ідэй. А так — ужо не хачу працаваць на гаспадара. І гэта звязана не толькі з маёй прафесіяй — ёсць іншыя мэты.
Марыць пра падарожжа ў Грузію
Акрамя працы, у Максіма шмат іншых інтарэсаў. Ён захапіўся японскай кухняй, яму падабаецца падарожнічаць, праўда, пакуль што пераважна па Польшчы. Цікаўлюся, у якую краіну хацеў бы паехаць.
— Першая краіна, куды хачу паехаць, — гэта Грузія. Я раней спяваў у царкоўным і свецкіх хорах. І мне вельмі падабаюцца грузінскія спевы. Мяне прываблівае іх культура, іх любоў да сваёй культуры. Таму Грузія — першая краіна, куды хачу.
Адчувае сябе чужаком, але без дыскамфорту
Цікаўлюся ў Максіма, як у яго склаліся адносіны з Польшчай, бо ён пражыў тут ужо амаль дваццаць гадоў.
— Думаю, я найбольш гэта адчуў, калі прыязджаў у Беларусь. Быў момант, калі я затрымаўся дома на чатыры месяцы, і мне захацелася вярнуцца ў Польшчу. Адчуваю, што гэта, магчыма, не мой першы дом, але другі — дакладна. Не скажу, што тут шмат сяброў — усе лепшыя ў Беларусі. Але тут я сталеў, тут стаў тым, кім ёсць цяпер.
— А кім ты сябе тут адчуваеш — палякам, эмігрантам, чужынцам?..
— Увесь гэты час я казаў усім, што я тут знаходжуся, а не жыву. Не скажу, што цярплю ад гэтага, але ўсё ж адчуваю сябе чужынцам. Але нейкага ціску ці дыскамфорту не адчуваю.
Беларуская мова і музыка — сувязь з Радзімай
Нягледзячы на тое, што Максім амаль два дзесяцігоддзі жыве ў Польшчы, у яго выдатная беларуская мова. Пытаюся, як яму ўдаецца яе захоўваць.
— Як бы дзіўна гэта ні гучала, але часам даводзіцца разважаць па-беларуску ўголас. Кнігі чытаю, фільмаў шмат не паглядзіш. З усімі знаёмымі і роднымі я гавару па-беларуску — нехта адказвае, нехта не. Але найбольшы ўплыў аказвае беларуская музыка. Канешне, Лявон Вольскі і яго цудоўная мова. Яшчэ «Стары Ольса», «Крамбамбуля» — ад іх самы вялікі ўплыў. І шмат сучасных гуртоў. Беларускай музыкі слухаю шмат.
Калі будзе магчымасць — вярнуся дадому
Напрыканцы цікаўлюся ў Максіма, ці хацеў бы ён вярнуцца ў Беларусь, каб адкрыць там сваю справу, калі б наступілі сапраўдныя дэмакратычныя змены.
— Хачу прыехаць, прыняць такі выклік. Я разумею, што маё стаўленне да Беларусі, магчыма, рамантычнае — бо любіць здалёк прасцей. Але я хачу прыехаць, паспрабаваць. У мяне ёсць такая мэта: набрацца максімальнага досведу тут, у сваёй справе. І я імкнуся гэта зрабіць у Польшчы. Магчыма, яшчэ паеду кудысьці працаваць. Але пры магчымасці буду імкнуцца вярнуцца дадому і адкрыць уласную справу.
Максім кажа гэта цалкам сур’ёзна, без аніякай усмешкі.
Павел ЗАЛЕСКІ
Слухайце аўдыё!