Летам, што натуральна, людзі думаюць пра свой адпачынак, шукаючы ўнікальныя прапановы. У выніку яны больш ахвотна націскаюць на розныя спасылкі, рэкламу, конкурсы, шукаюць унікальныя магчымасці, і, на жаль, гэта можа спрыяць розным відам махлярства і пагроз, а кіберзлачынцы выдатна гэтым карыстаюцца.
Пра вакацыйную небяспеку папярэджвае польскі дзяржаўны даследчы інстытут «Навуковая і акадэмічная кампутарная сетка» (NASK).
Экспертка па справах будавання свядомасці аб кібербяспецы Анна Кваснік звяртае ўвагу, што кібермахляры ведаюць, што падчас вакацый людзі дзейнічаюць паспешліва, пад уплывам часу і эмоцый, яны больш успрымальныя да розных відаў хітрасцяў і маніпуляцый.
Сярод адных з папулярных небяспек, пра якія гаворыць NASK, з’яўляюцца фальшывыя браніраванні і махлярcтвы, звязаныя з квіткамі:
- Падчас сезону адпачынкаў многія з нас выкарыстоўваюць розныя тыпы прыкладанняў, сервісаў для браніравання жылля, мы шукаем унікальныя прапановы, і, на жаль, злачынцы гэтым карыстаюцца. Вельмі часта здараецца, што мы шукаем унікальную магчымасць, унікальны гатэль па супернізкай цане, мы сустракаем такую нібыта прапанову, пераходзім па спасылцы, робім тое, што ёсць у інструкцыі, але аказваецца, што гэта была падробленая абвестка. Здараецца, што мы забраніравалі гатэль на афіцыйным сайце, як нам здаецца, або скарысталіся папулярным сервісам браніравання і атрымліваем паведамленне па прыватных каналах, напрыклад, у мессенджерах, у Whatsapp або любых іншых, з просьбай выканаць фармальнасці, атрымліваем там інфармацыю, што нешта адбываецца з нашым браніраваннем, а нам трэба перайсці па спасылцы. Нас перанакіроўваюць на падробленую старонку ўваходу, напрыклад для анлайн-аплаты, уводзім нашыя дадзеныя, якія потым трапляюць да махляроў.
Комікс NASK аб вакацыйных пагрозах у інтэрнэце
Аналагічна дзейнічае сістэма пакупкі квіткоў на розныя канцэрты і фестывалі. У сацсетках можна знайсці мноства прапаноў продажу такога білета па прывабнай цане. Перавод зроблены, а квіток так і не даходзіць да нас. Такія фальшывыя квіткі прадаюць у розныя папулярныя на вакацыях месцы, як заапарк ці паркі з атракцыёнамі.
Анна Кваснік звяртае ўвагу, што старонкі падрыхтаваныя вельмі добра, на першы погляд гэтыя прапановы здаюцца нам рэальнымі:
- Сапраўды, калі мы чытаем рэкламу, нам можа здацца, што рэклама рэальная. Мы націскаем на яе, мы не правяраем вэб-сайт, мы не правяраем, ці сапраўды мы знаходзімся на афіцыйным сайце. Мы захоўваем свае дадзеныя, якія, на жаль, трапляюць у рукі злачынцаў. Менавіта наша зніжаная пільнасць, жаданне выкарыстаць кожную хвіліну адпачынку робіць нас больш успрымальнымі да розных відаў маніпуляцый, і мы вельмі ахвотна націскаем на атрыманыя спасылкі. На жаль, вельмі часта гэта прыводзіць да таго, што мы губляем свае зберажэнні ці губляем свае асабістыя дадзеныя.
У пераліку кіберпагроз, якія змяшчае NASK, ёсць рызыка карыстання даступнымі сеткамі Wi-Fi. Экспертка па справах будавання свядомасці аб кібербяспецы Анна Кваснік развейвае памылковае перакананне, што выкарыстанне адкрытых сетак Wi-Fi можа быць небяспечным, і што ні пры якіх абставінах нельга падключацца да такой сеткі:
- Тут я хацела б адзначыць, што гэта не пытанне небяспечнай інтэрнэт-сеткі. Пагроза ёсць, калі мы заходзім на некаторыя вэб-сайты, не правяраючы, ці сапраўды сайт бяспечны, ці сапраўды гэта афіцыйны сайт. Выкарыстанне адкрытых сетак Wi-Fi можа быць бяспечным пры ўмове, што мы выконваем асноўныя правілы бяспекі, г.зн. перш за ўсё мы павінны заўсёды правяраць, ці з'яўляецца сайт, на якім мы знаходзімся, афіцыйным. Калі мы дзейнічаем паспешліва, калі мы дзейнічаем пад уплывам моманту, эмоцый, мы не заўсёды правяраем, ці з'яўляецца сайт, які нібыта належыць пэўнай установе, пэўнай славутасці або пэўнай гасцініцы, сапраўдным, мы проста націскаем на яго, не задумваючыся, уводзім свае дадзеныя, і нашы дадзеныя проста трапляюць у рукі кібермахляроў.
Экспертка рэкамендуе выкарыстоўваць прыкладанні банкаў, гатэляў, турбюро ці ўстановаў, таму што выкарыстанне прыкладанняў зніжае рызыку таго, што хтосьці перахопіць нашы асабістыя дадзеныя.
Апошняя рэч, на якую ў нашай размове звяртае ўвагу Анна Кваснік, з’яўляецца ахова прыватнасці ў Інтэрнэце падчас адпачынку. У час адпачынку папулярным з’яўляецца публікацыя ў сацыяльных сетках фатаграфій і асабістай інфармацыяй, забываючыся пра бяспеку. Аднак такая адкрытасць можа прывесці да непажаданых наступстваў — ад выкарыстання фотаздымкаў дзяцей трэцімі асобамі да рызыкі крадзяжу ў нашых дамах, бо злодзеі ведаюць, што мы адсутнічаем дома. Таму вельмі важна сачыць за наладамі прыватнасці і не адкрываць доступу да асабістай інфармацыі ўсім карыстальнікам інтэрнэту.
ав
слухайце аўдыё