Беларуская Служба

Косці дзяцей, манеты, кулі: што знайшлі археолагі ў Пузьніках

11.07.2025 11:42
У Польшчы ўпершыню адзначаюць Дзень памяці ахвяр генацыду, учыненага УПА.
Аўдыё
  • Косці дзяцей, манеты, кулі: што знайшлі археолагі ў Пузьніках
Месца пахавання польскіх ахвяр Валынскай разні ў ПузьнікахPAP/Vladyslav Musiienko

Упершыню ў Польшчы адзначаюць Нацыянальны дзень памяці палякаў — ахвяр генацыду, учыненага Арганізацыяй украінскіх нацыяналістаў і Украінскай паўстанчай арміі на ўсходніх тэрыторыях Другой Польскай Рэспублікі.

Гэта дзень памяці каля 80 жыхароў ужо неіснуючай вёскі Пузьнікі, дзе пасля шматгадовых перамоваў польскага і ўкраінскага бакоў удалося правесці першую эксгумацыю ахвяр. 

Апагей Валынскай разні прыйшоўся на ліпень 1943 года, а сімвалічнай датай з'яўляецца 11 ліпеня 1943 года. Восемдзесят два гады таму, падчас так званай Крывавай нядзелі, адбылася найбуйнейшая хваля жорсткіх забойстваў палякаў — жанчын (у тым ліку цяжарных), дзяцей, мужчын і пажылых людзей. 11 і 12 ліпеня 1943 года Украінская паўстанцкая армія (УПА) распачала скаардынаваны напад на польскіх жыхароў прыблізна 150 вёсак ва Уладзімірскім, Гарохаўскім, Ковельскім і Луцкім раёнах. Гэтая акцыя стала кульмінацыяй хвалі забойстваў і выгнанняў палякаў з іх дамоў, якая працягвалася з пачатку 1943 года.

Да падзей Валынскай разні адносіцца таксама забойствы польскага насельніцтва ў вёсцы Пузьнікі ў лютым 1945 году, калі, найбольш верагодна, былі забітыя каля 80 палякаў. Іх смерць заставалася забароненай тэмай на працягу дзесяцігоддзяў. У выніку дамоўленасці паміж Польшчай і Украінай удалося правесці эксгумацыю масавай магілы, месца якой было ідэнтыфікавана ў жніўні 2023 года.

Эксгумаваныя астанкі прынамсі 42 чалавек, у тым ліку каля 10 дзяцей, жанчын і мужчын. Пасля правядзення дакладных аналізаў будзе вядомая іх дакладная колькасць, пол і ўзрост.

Кіраўнік украінскай арганізацыі «Валынскія старажытнасці», археолаг, цяпер жаўнер Аляксей Златагорскі гаворыць, што на падставе знойдзеных у брацкай магіле астанкаў і рэчаў уступна можна сказаць, што гэта напэўна былі палякі. Ён гаворыць, што Пузьнікі былі ўнікальнай мясцовасцю, дзе амаль цалкам захавалася монаэтнічнае, польскае насельніцтва:

- Усё ж такі там былі католікі, адпаведна гэта былі палякі. Там знойдзеныя каталіцкія крыжыкі, каталіцкія медальёны, польская ваенная ўзнагарода за абарону Львова ў 1918 годзе. Паводле даты манет канца 1930-х гадоў і патронаў, якія былі знойдзены альбо паміж целамі, альбо ў целах, магіла датуецца не пазней за 1945 год. Гэта значыць, няма ніводнага артэфакта, які быў бы з 1946 году. Адпаведна, гэта тая магіла, якую мы шукалі, і яна супадае з гістарычнымі архіўнымі звесткамі, што тая крывавая падзея адбылася менавіта ў 1945 годзе.

Раскопкі таксама паказалі, што павінна быць яшчэ адна брацкая магіла, паколькі знойдзеныя рэшткі каля 42 чалавек, а ахвяр было прынамсі 80.

Эксгумаваныя астанкі сведчаць аб тым, што гэтыя людзі памерлі ад раненняў, несумяшчальных з жыццём, удар прыкладам ці сякерай, агнястрэльныя раненні, але гэта не быў мэтанакіраваны расстрэл, гэта былі раненні ад бою ці падчас уцёкаў.

Пытанне Валынскай разні, як тыя падзеі называюць палякі, а ўкраінцы – Валынскай трагедыяй, не раз былі прычынай напружанасці на самым найвышэйшых узроўні. Польскі бок гаворыць пра разню мірнага польскага насельніцтва, частка ўкраінскіх гісторыкаў гаворыць пра змаганне УПА з палякамі, якія належалі да савецкага Знішчальнага батальёну.

Археолаг «Валынскіх старажытнасцяў» Ігар Шаўчэнка кажа, што брацкая магіла з’яўляецца наяўным доказам страшнай трагедыі, калі людзі ў пэўныя моманты часу даходзяць да ажно такой нянавісці. Незалежна ад пункту гледжання на гістарычныя падзеі, такога быць не павінна:

- З майго пункту гледжання, гэтага не павінна здарыцца. Гэта, ведаеце, як кажуць, урок для будучых пакаленняў, што мы павінны прызнаць гэтую трагедыю. Калі ёсць віна, прызнаць віну і не спыняцца на адным месцы, а рухацца далей, і, разважаючы пра перыяд, калі гэта было здзейснена, і пра гэтую трагедыю, мы павінны жыць наадварот, рабіць лепш, каб такія трагедыі не паўтараліся. Таму што, як археолаг, я бачыў, што там былі косці дзяцей, жанчын і мужчын рознага ўзросту.

Аляксей Златагорскі перакананы, што такія эксгумацыі будуць пазітыўна ўплываць на польска-ўкраінскія адносіны:

- Для мяне, як чалавека, які займаецца пахаваннямі, павага да пахаванняў з'яўляецца важнай рэччу. Я ведаю, што гэта вельмі важна для грамадзян Польшчы і грамадзян Украіны. Я заўсёды казаў і працягваю казаць, што ў такіх даследаваннях Украіна і Польшча — вялікія сябры. Насамрэч, мы ведаем, хто наш вораг. У такіх даследаваннях не патрэбна ніякая палітыка. Я б папрасіў і ўкраінскіх, і польскіх палітыкаў розных лагераў займацца праблемай Пуціна, праблемай вайны, а не гісторыяй, не ўлазіць у яе і не сварыць нашыя народы.

Навуковы кіраўнік экспедыцыі з польскага боку, прафесар Анджэй Асоўскі стрымана выказваецца пра ацэнку гістарычных падзей. Удзельнікі экспедыцыі мелі свядомасць кантэксту і напружанасці вакол гэтай гістарычнай падзеі, але галоўная мэта – годнае перапахаванне ахвяр:

- Наша задача — не эскалаваць, бо гэта ні да чаго не прывядзе. Трэба падысці да гэтай справы гуманна і перапахаваць ахвяры, годна іх пахаваць і ідэнтыфікаваць, бо гэта тое, чаго гэтыя ахвяры абсалютна заслугоўваюць. Гэта права чалавека быць ідэнтыфікаваным. Я думаю, што сёння ва Украіне няма патрэбы нікому гэта тлумачыць у кантэксце вайны, бо пытанне ідэнтыфікацыі ахвяр канфлікту — гэта жывое пытанне. Кожны хоча ведаць, што здарылася з яго блізкім, нават калі праўда вельмі жорсткая, ведаць, што могуць пахаваць іх і наведаць іх магілу. Як навукоўцы, мы тут не для таго, каб ацэньваць гістарычныя падзеі, і мы тут не для таго, каб ацэньваць іншыя палітычныя падзеі. У нас ёсць канкрэтная задача. Супрацоўніцтва з украінскім бокам было сапраўды выдатным, і я быў вельмі прыемна здзіўлены такой адданасцю.

Шлях да эксгумацыі ў Пузьніках з удзелам польскіх экспертаў не быў лёгкім. Таму гэтую канкрэтную справу віцэ-старшыня фонду «Свабода і дэмакратыя» Мацей Данцэвіч лічыць поспехам:

- У гэтым канкрэтным выпадку, з майго пункту гледжання і вопыту, можна казаць пра прарыў. Я займаўся гэтымі пытаннямі яшчэ раней, працуючы ў Савеце па ахове памяці барацьбы і пакутніцтва, а пазней у Міністэрстве культуры. Можна сказаць, што адбыўся прарыў у падыходзе ўкраінскіх уладаў да гэтага пытання, таму што ўсё, што мы там перажылі, вынікала з удзелу і дапамогі ўкраінскага боку, як на цэнтральным узроўні ў Кіеве, так і пазней у абласным, у Цярнопалі, і лакальна. Такім чынам, супрацоўніцтва было вельмі добрым. Зараз мы чакаем дазволу на пошукі яшчэ адной магілы, бо мы ведаем, што іх было дзве. Адпаведная дакументацыя пададзена ў Цярнопаль. Наколькі я чуў, згода Цярнопаля ёсць, і наступны крок — дазвол з Кіева, які завершыць пошукі другой магілы. Калі яна будзе знойдзена, то наступны крок — гэта дазвол на эксгумацыю і перапахаванне.

У дадзены момант працягваюцца генетычныя аналізы і ідэнтыфікацыя ахвяр. На пачатак верасня плануецца годнае перапахаванне астанкаў жыхароў Пузьнік.

ав

слухайце аўдыё