Беларуская Служба

«Я недзе прачытаў, што сапраўднымі патрыётамі становяцца па-за межамі радзімы. І сапраўды, нешта ёсць у гэтым і для мяне»

15.07.2025 11:14
Яны стварылі беларускую суполку ў касцёле, у іх ёсць беларускі святар, імша на беларускай мове, свой хор і біблійныя спатканні…
Аўдыё
  • «Я недзе прачытаў, што сапраўднымі патрыётамі становяцца па-за межамі радзімы»
Максім КавалёўФота з архіва Максіма Кавалёва

Польшча для мяне не была чужой краінай

Максім Кавалёў з’ехаў у эміграцыю з палітычных прычын пасля падзеяў 2020 года. Спачатку гэта была Украіна, але калі пачалася вайна, давялося рэлакавацца ў Польшчу. Цяпер ён жыве ў Кракаве і працуе ў сферы ІТ.

Наогул, кажа, што раней наведваў Польшчу як турыст, але пераязджаючы сюды з Украіны, адчуваў, што гэта не чужая краіна — падобная мова, агульная гісторыя, ды і тут ужо жылі яго знаёмыя.

— Я выязджаў з краіны досыць хутка, з адным заплечнікам за плячыма. Але ўсё роўна мне пашанцавала больш, чым астатнім, бо я айцішнік, працую на аддаленні і мне не давялося шукаць працу ў новай краіне.

Іншая справа — тое, што ў Мінску я набыў кватэру, яна яшчэ была ў растэрміноўцы, яшчэ не належала мне. Давялося афармляць розныя генеральныя даверанасці, перадаваць справы, адмаўляцца ад кватэры — вось гэта было цяжка.

А што датычыцца легалізацыі, то ў Польшчы гэта было прасцей зрабіць, чым ва Украіне. Канешне, напачатку былі складанасці, бо гэта ўсё ж іншая краіна, іншыя дзяржаўныя ўстановы, іншыя патрабаванні — трэба нешта даносіць, нейкія даведкі…

 

З намі заўсёды была тая салідарнасць з 2020 года

З усімі гэтымі праблемамі, як згадвае Максім, заўсёды дапамагалі сябры, якія ўжо мелі такі досвед. Маўляў, тая салідарнасць, якая праявілася ў беларусаў у 2020 годзе, нікуды не знікла — нават за мяжой.

— Калі я напісаў сваім сябрам, што тэрмінова выязджаю з Беларусі, адразу атрымаў адказ: прыязджай, дапаможам, пакажам, раскажам, заселім… Тая салідарнасць адназначна нікуды не знікла. І цяпер, калі нехта з беларусаў прыязджае, прыходзіць да беларускай каталіцкай суполкі ў Кракаве — мы адразу дапамагаем уладкаваць жыццё на новым месцы.

 

Мы разам будуем наш касцёл

У сваю чаргу Максім прыклаў намаганні, каб у Кракаве існавала беларуская каталіцкая суполка, бо сам з’яўляецца вернікам.

— Дзякуй Богу, людзі знайшліся. Я тады здымаў дом, бо жыў разам з сяброўкай і братам. І ў той час мне патэлефанавалі сябры і сказалі, што з Беларусі прыехаў ксёндз Юры, і яму няма дзе жыць. Я запрасіў яго да сябе, а літаральна праз месяц мы знайшлі касцёл, які нас прыняў. Усё атрымалася даволі хутка, і цяпер у нас добрая супольнасць — каля сарака чалавек, а на святы і больш збіраецца. У нас ёсць свой хор, біблійныя сустрэчы. Мы разам ладзім вандроўкі, удзельнічаем у актыўнасцях іншых супольнасцяў — будуем касцёл.

 

Беларускі касцёл дапамагае не асімілявацца з палякамі, а інтэгравацца з імі

Суразмоўца перакананы, што мець беларускую каталіцкую суполку вельмі важна, бо гэта дазваляе не страціць свайго і тым самым інтэгравацца з іншымі.

— Калі жыў ва Украіне, у Грузіі — мне вельмі не хапала беларускамоўнай імшы і нашых спеваў. Па сутнасці, мая першая беларускамоўная імша пасля выезду з Беларусі адбылася толькі праз два гады. І гэта было неапісальнае адчуванне, калі ты ў касцёле, і спяваюць, як у Мінску, і тыя самыя людзі, як у нашай мінскай катэдры.

У нас ёсць і дзіцячыя імшы, і вельмі важна назіраць, як мы фармуем нашых людзей — ад самых маленькіх і да дарослых. І гэта дазваляе нам не асімілявацца з польскай супольнасцю, а інтэгравацца з ёй. Так, мы ходзім у польскі касцёл, на святы ўдзельнічаем у польскіх імшах. І ў гэтыя святы — на Вялікдзень, Божае Нараджэнне — гучыць Евангелле і па-беларуску. Лічу вельмі важным захоўваць сваю беларускасць і перадаваць яе наступным пакаленням.

 

Сапраўднымі патрыётамі становяцца за межамі радзімы

Цікаўлюся ў суразмоўцы, як на яго дзейнічае эміграцыя, якія высновы ён для сябе робіць і як наогул ставіцца да таго, што цяпер не можа вярнуцца ў Беларусь.

— Я недзе прачытаў, што сапраўднымі патрыётамі становяцца па-за межамі радзімы. І сапраўды, нешта ёсць у гэтым і для мяне. Цяпер у сваім жыцці я карыстаюся беларускай мовай на 60%, расійскай — на 30%, англійскай — на 10%. Зразумела, нейкі адсотак — польскай.

Я стаў значна больш чытаць на беларускай мове, часцей размаўляць на ёй, асабліва ў публічнай прасторы, пачаў весці сацсеткі па-беларуску. Калі ты ў эміграцыі і бачыш, што ва Украіне гавораць па-украінску, у Грузіі — па-грузінску, то думаеш: ёсць жа і наша мова, вельмі і вельмі прыгожая.

І нейкі такі імпэт у мяне ўзнік — як мага болей прасоўваць беларускае, паказваць сваю наяўнасць. І такім уласным прыкладам паўплываць на кагосьці, нават калі на невялікі адсотак — але зматываваць беларусаў вяртацца да сваёй мовы.

Максім даволі аптымістычна настроены і верыць, што беларуская мова зойме з часам належнае месца і ў самой Беларусі. Маўляў, на ўсё патрэбны час...

 

Павел ЗАЛЕСКІ

На здымку: Максім Кавалёў. Фота з архіва Максіма Кавалёва.