Чжыюань Ван вучыўся на бакалаўрыяце на рускай філалогіі, а потым скончыў магістратуру па славістыцы ў Мюнхенскім універсітэце. Падчас навучання ён вывучаў амаль усе асноўныя славянскія мовы: польскую, чэшскую, славацкую, сербскую, украінскую, харвацкую і іншыя.
— Я вывучаў некалькі славянскіх моў і кожная з іх мае свае асаблівасці і ўзроўні. Руская мова была маёй першай славянскай мовай, я хутка палюбіў яе, бо чытаў шмат пра Азію. У дзяцінстве памяць яшчэ добрая, таму я хутка навучыўся і зразумеў, як працаваць са славянскімі мовамі. Горад, дзе я нарадзіўся, знаходзіцца на паўночным усходзе Кітая, ён быў заснаваны рускімі людзьмі. Мой дзядуля працаваў прафесарам ва ўніверсітэце, і я палюбіў рускую мову – мне было 15-16 гадоў. Але трэба прызнаць, што граматыка складаная, асабліва скланенні і спражэнні, а ў беларускай мове – аканне, дзеканне. Гэта ўсё сапраўдны выклік для чалавека з Азіі, бо ў нашай мове такога няма, і спачатку гэта ўсё ўспрымаецца вельмі складана, — дзеліцца суразмоўца.
«На поўначы Кітая, у Паўночна-ўсходнім рэгіёне, захавалася шмат харчовых звычак, пакінутых рускімі, — праводзіць невялікі экскурс у культурныя традыцыі сваёй радзімы Чжыюань Ван. — Напрыклад, мясцовыя людзі ядуць каўбасу з часнаком, якую мы называем "чырвонай каўбасой" (hунчан), а таксама ядуць крывянку, прыгатаваную з квашанай капустай — гэта вядомая страва, якая ўжо стала мясцовай адметнасцю. Акрамя таго, ядуць квашаныя агуркі і квашаныя памідоры — такіх страў у іншых гарадах Кітая няма.
У паўночна-ўсходнім Кітаі халоднае надвор’е, асабліва зімой, калі тэмпература часта дасягае -20 з нечым градусаў. Таму людзям, якія павінны працаваць на вуліцы, даводзіцца есці больш ежы з насычаным смакам, напрыклад, салёныя стравы, а таксама шмат жывёльнага тлушчу. У часы матэрыяльнага дэфіцыту людзі загадзя, яшчэ да зімы, запасалі капусту, бульбу і зялёную цыбулю, каб хапіла на ўсю зіму.
Квашаная гародніна, якую гатуюць паводле славянскіх традыцый, атрымліваецца вельмі смачнай. Да Кітайскага Новага года людзі часта рэжуць свінню, а яе ўнутранасці і мяса тушаць разам з квашанай капустай — гэта традыцыйная зімовая страва.
Дарэчы, паўночныя кітайцы вельмі добра ставяцца да славянскіх народаў, магчыма, з-за таго, што Кітай мяжуе з Расіяй».
У Мюнхенскім універсітэце цяпер няма курсу беларускай мовы. Хаця яшчэ некаторы час таму вывучаць беларускую было магчыма.
«Тым не менш, я з самага пачатку быў вельмі зацікаўлены ў беларускай мове. Таму пасля магістратуры я паехаў па абмене ва Універсітэт у Варшаве, дзе на працягу аднаго семестра вывучаў беларускую мову пад кіраўніцтвам спадарыні Вольгі Трасяк. На наступны год працягнуў навучанне ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, дзе праходзіў два семестры заняткаў з доктарам Клібанаў», – распавядае пра свой шлях вывучэння славянскіх моў Чжыюань Ван.
Цяпер ён піша кандыдацкую дысертацыю (PhD) на тэму «Плюсквамперфект у нестандартных варыянтах славянскіх моў». Беларуская мова, асабліва яе паўночныя дыялекты, займае вельмі важнае месца ў даследаванні. Цяпер ідзе збор эмпірычных дадзеных, таму, калі вы паходзіце з Віцебшчыны ці Лідчыны, можаце запоўніць анкету і дапамагчы ў зборы моўнага матэрыялу.
Суразмоўца кажа, што засвоіў асновы граматыкі беларускай мовы, але трэба яшчэ працаваць з лексікай. Таксама Чжыюань цікавіцца гісторыяй і культурай Беларусі, бо гэта важна для разумення мовы. Ён рэгулярна бывае ў Беларусі, пры чым не толькі ў вялікіх гарадах, але і ў вёсках ды мястэчках. Найперш гэта звязана з яго лінгвістычнымі інтарэсамі:
— Мне ў Беларусі вельмі падабаецца, там чыста і акуратна – і ў гарадах, і ў вёсках. Людзі вельмі добрыя і гасцінныя. Аднойчы я быў у вёсцы каля Івацэвічаў, мая сяброўка пазнаёміла мяне са сваёй бабуляй, паказала вёску. Яны запрасілі мяне збіраць, а потым гатаваць грыбы – гэта было вельмі прыемна і душэўна. Таксама шмат людзей удзельнічалі ў маіх апытаннях для даследавання, і нават мне дзякавалі, што я вывучаю вашу мову. Для мяне гэта была вельмі цёплая падтрымка.
Чжыюань Ван у Мінску.
Чжыюань Ван, канешне, заўважыў, што ў гарадах Беларусь — рускамоўная:
— Так, у гарадах большасць людзей гаворыць па-руску. Калі я спрабаваў адказваць па-беларуску, то часта бачыў усмешкі —некаторыя ветлівыя, а некаторыя крыху нязручныя.
Людзі часта пераходзілі на рускую мову, гэта крыху мяне здзівіла, бо я чакаў больш актыўнага выкарыстання беларускай мовы.
Мяне вельмі ўразіла, што шмат маладых людзей адчуваюць адчужэнне да беларускай мовы, некаторыя саромеюцца ці не хочуць гаварыць па-беларуску. Некаторыя казалі, што беларуская мова для вясковых ці старых людзей і яны не бачаць сэнсу яе вучыць. Гэта для мяне было нечакана і крыху сумна, бо я лічу, што мова – важная частка культуры і ідэнтычнасці. Я шмат у якіх гарадах быў, найбольш падабаецца Мінск і Брэст.
Да слова, сярод таго, што кінулася ў вочы ў Беларусі, шмат дзеўчын паляць цыгарэты. У Кітаі гэта не пашырана сярод юных дзяўчат. Таксама цікавасць выклікае спадчына яшчэ з часоў Савецкага саюза, помнікі культурным дзеячам суседніх краін — Польшчы, Украіны, што «паказвае на адкрытасць культуры», заўважае Чжыюань Ван.
Ён таксама дзеліцца сваімі назіраннямі за славянскімі краінамі:
— Славяне гасцінныя, любяць спяваць, танцаваць, добра есці, шмат піць. Гэта ваша багацце, культура, якой варта ганарыцца. А яшчэ, калі вы жывяце ў Еўрасаюзе, то заўважыце, што транспарт тут паўсюль падобны — машыны, цягнікі. У славянскіх краінах усё крыху інакш, не так стандартна. У вас свой стыль. Для мяне гэта цудоўна, у 2025 годзе ніхто не павінен нас прымушаць быць аднолькавымі. Мы цэнім разнастайнасць.
Дарэчы, са славянскіх страў, якія падабаюцца найбольш, Чжыюань Ван называе сала.
Суразмоўца кажа, што ў Кітаі заўсёды быў інтарэс да вывучэння славянскіх моў. Ёсць традыцыя вучыць рускую мову, а цяпер ёсць інтарэс і да беларускай, украінскай моў. Паводле інфармацыі Чжыюаня, у Кітаі цяпер ёсць тры ці чатыры ўніверсітэты, дзе студэнты могуць вывучаць беларускую мову. Таксама шмат выходзіць падручнікаў па беларускай мове.
Чжыюань Ван прызнаецца, што яму таксама складана гаварыць на замежных мовах, кшталту польскай ці беларускай, ёсць страх памылак, але як бачым – мэтанакіраваная праца прыносіць вялікі плён.
вх