Яна ў эміграцыі сем гадоў. Скончыла ўніверсітэт, працуе. Для яе эміграцыя — гэта мноства шанцаў набрацца досведу, каб потым, вярнуўшыся дамоў, выкарыстаць яго на карысць сваёй радзімы.
Адаптацыя праходзіла цяжка
Вікторыя атрымала вышэйшую адукацыю ў Польшчы і засталася тут працаваць. Распавядае, што сама этнічная полька і, калі жыла ў Беларусі, то часта разам з бацькамі сюды прыязджала. Але калі паехала сама вучыцца, то згадвае, што прызвычаіцца да жыцця ў новай краіне ёй давалася няпроста.
— Адаптацыя праходзіла цяжка. Усё для мяне тут было новым. Амаль усе сяброўкі і сябры былі палякамі, за выключэннем нас чатырох з Беларусі. Цяжка мне было адаптавацца.
— А ў чым была гэта цяжкасць?
— Найперш складана было з мовай. Нягледзячы на тое, што я з дзяцінства хадзіла з бацькамі ў польскі касцёл, але разумець і размаўляць на мове — гэта розныя рэчы. Ну і людзі таксама — тут у іх іншая ментальнасць. А яшчэ вельмі сумавала.
— Па чым сумавалі?
— Па бацьках, па сябрах, па такім спакоі ў сэрцы. Паколькі адаптацыя давалася няпроста, то адчувала такі неспакой у сэрцы, не да канца адчувала бяспеку. Я была тады практычна падлеткам, зусім маладзенькай дзяўчынкай, а побач не было бацькоў і сяброў, то так і выглядала ўсё няпроста.
Не варта баяцца, смялей размаўляйце, калі хочаце вывучыць мову
Цяпер Вікторыя бачыць, як шмат хто з беларусаў, якія прыехалі ў Польшчу пасля падзей 2020 года, сутыкнуліся перш за ўсё з праблемай мовы. І цяпер яна ўжо са свайго досведу можа ім нешта параіць, каб хутчэй справіцца з гэтай праблемай.
— Найперш варта знаходзіцца як мага больш у асяродку палякаў. І, па-другое, практыка — не баяцца гаварыць нават з памылкамі. Разумею, што такі бар’ер існуе заўсёды, але яго варта не баяцца. Старацца чытаць, слухаць музыку, глядзець фільмы на польскай мове. Але думаю, найважней не баяцца размаўляць з палякамі.
Мы адрозніваемся з палякамі, але гэта не перашкаджае нам сябраваць
Дарэчы, Вікторыя кажа, што ёй у Польшчы вельмі шанцавала на добрых людзей, і яна ніколі за ўвесь час не сустракалася з нейкім негатыўным стаўленнем да сябе.
— У мяне ніколі не здаралася тут нейкіх дрэнных сітуацый у адносінах з палякамі. Заўсёды былі цікавыя спатканні, файныя людзі, я тут знайшла шмат добрых сяброў, з якімі мы ўжо кантактуем шмат гадоў. Канешне, мы адрозніваемся адны ад другіх, але гэта не перашкаджае нам сябраваць.
— А ў чым гэтае адрозненне?
— Думаю, што мы, беларусы, здольныя моцна сябраваць паміж сабой. У нас ёсць такая асаблівасць. Канешне, існуе і нейкая канкурэнцыя, але не такая, як у палякаў. Яны на працы імкнуцца думаць больш толькі пра свае інтарэсы, а беларусы могуць адзін аднаму нешта і падказаць. Але, у прынцыпе, паўсюль ёсць розныя людзі.
Мой родны дом — гэта частка мяне
Цікаўлюся ў Вікторыі, чым для яе застаецца Беларусь, паколькі яна ўжо сем гадоў жыве ў Польшчы.
— Заўсёды, калі ў мяне пытаюцца, дзе лепш сябе адчуваю, то адказваю, што нават няма параўнання. Бо мой родны дом — гэта частка мяне. Так, я сем гадоў ужо тут жыву і маю добрую працу і сяброў, і наогул жыццё, але няма таго адчування жыцця, эмоцый, якія я адчуваю на радзіме побач з блізкімі, побач са сваім народам. Не ведаю, ці знайду калі-небудзь гэтае адчуванне тут, у Польшчы.
Эміграцыя для мяне — мноства шанцаў нешта асягнуць
Мы разважаем з Вікторыяй пра жыццё ў эміграцыі, пра тое, як яно адбіваецца на чалавеку, які вымушана жыве ў чужой краіне. Але ў Вікторыі іншая сітуацыя з эміграцыяй — яна расцэньвае яе як пэўную магчымасць.
— Для мяне гэта магчымасць развівацца, мноства шанцаў, каб нешта асягнуць, даведацца, набрацца досведу і, магчыма, некалі, вярнуўшыся дамоў, выкарыстаць гэта на карысць сваёй краіны. Я, канешне, думаю, калі сітуацыя зменіцца ў Беларусі, вярнуцца туды на стала.
Трохі падумаўшы, Вікторыя дадае, што ў яе ёсць свае думкі наконт таго, што б патрэбнага яна магла зрабіць у Беларусі.
Павел ЗАЛЕСКІ