Міжнародная некамерцыйная структура Tent Partnership for Refugees аб'ядноўвае больш за 500 глабальных кампаній, якія дапамагаюць бежанцам па ўсім свеце. У Польшчы яна канцэнтруе сваю ўвагу перш за ўсё на бежанцах з Украіны, але не страчвае з поля зроку таксама беларусаў, якія былі прымушаныя з’ехаць з Беларусі па палітычных матывах. З якімі перашкодамі сустракаюцца бежанцы ў Польшчы, між іншым, на рынку працы? Аб гэтым мы паразмаўлялі з дырэктарам польскага аддзелу Tent Partnership for Refugees Паўлінай Яворскай (Paulina Jaworska).
— У чым заключаецца ваша праца? Каму вы дапамагаеце перш за ўсё? Ці гэта бежанцы, якія шукаюць працу, ці таксама вы аказваеце падтрымку ў афармленні дакументаў, як, скажам, від на жыхарства?
— Мы падтрымліваем бежанцаў усіх нацыянальнасцей, гэта значыць людзей, якія маюць магчымасць працаваць у Польшчы. Мы не дапамагаем кампаніям і не займаемся ніякай дзейнасцю, звязанай з афармленнем права на жыхарства або дазволаў на працу. Мы арыентуемся на людзей, якія ўжо маюць права працаваць у Польшчы. Бежанцы з Украіны маюць у Польшчы выключныя правы, таму што на іх распаўсюджваецца Еўрапейская дырэктыва аб часовай абароне, таму яны маюць права на працу, доступ да ўсіх сацыяльных выплат. Аднак, у іншых бежанцаў сітуацыя значна больш складаная, бо ім даводзіцца падаваць заяву на атрыманне прытулку і чакаць каля шасці месяцаў, каб атрымаць статус бежанца і тады ўжо шукаць працу. На працягу гэтых шасці месяцаў яны не могуць працаваць.
— Паводле маіх назіранняў, самы сур’ёзны бар’ер на рынку працы – гэта адсутнасць ведання польскай мовы. Бежанцы могуць скарыстацца дапамогай няўрадавых арганізацый, але няма дзяржаўнай праграмы выкладання польскай мовы замежнікам.
— Безумоўна, вельмі карыснай была б моўная праграма па ўсёй Польшчы, бо дагэтуль навучанне польскай мове прапануюць толькі некамерцыйныя арганізацыі і розныя фонды. Гэта ў асноўным моўная падрыхтоўка на базавым узроўні. Аднак, калі хтосьці хоча працаваць на больш высокай пасадзе, ён павінен лепш вывучыць мову. Патрэбная праграма па выкладанні польскай мовы не толькі бежанцам, але і ўсім мігрантам. Гэта насамрэч самая вялікая перашкода, якая прымушае многіх людзей працаваць ніжэй за сваю кваліфікацыю. Ёсць і іншыя перашкоды, скажам, сертыфікацыя дыпломаў. У Польшчы не прызнаюцца многія дыпломы, у тым ліку лекараў, медсясцёр, настаўнікаў. Таму людзі з вялікім прафесійным вопытам вымушаныя сертыфікаваць свае дыпломы або нават пачынаць вучобу з нуля.
— На вашую думку, якую карысць могуць прынесці асобы замежнага паходжання польскім кампаніям?
— Працадаўцы ў Польшчы высока цэняць працу бежанцаў, гэта часта вельмі лаяльныя, матываваныя людзі. Наша даследаванне, якое праводзілася ў ЗША і Германіі, пацвярджае, што бежанцы, якія добра інтэграваныя з грамадствам, радзей мяняюць працу ў параўнанні з іншымі супрацоўнікамі, яны таксама аказваюць вельмі станоўчы ўплыў на калег, прыносяць новыя навыкі, павышаюць крэатыўнасць, эфектыўнасць у кампаніі. Фінансавыя вынікі кампаніі таксама павышаюцца дзякуючы найму людзей, якія маюць іншы погляд і глядзяць на некаторыя пытанні з зусім іншага пункту гледжання, прыносяць свежы позірк на розныя праблемы. Украінцы, напрыклад, могуць дапамагчы кампаніям, якія абслугоўваюць замежнікаў, прадаюць тавары ўкраінскім спажыўцам, якіх зараз у Польшчы шмат. Яны таксама могуць даваць парады па пытаннях маркетынгу, кансультаваць, які прадукт будзе добра ўспрыняты.
— У Польшчы сярод грамадства, магчыма, таксама сярод наймальнікаў, існуе стэрэатып, што асобы замежнага паходжання, між іншым, украінцы, працуюць на пасадах, якія не патрабуюць высокай кваліфікацыі. Тым часам, калі пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне, у Польшчу прыехала шмат асоб з вельмі высокай прафесійнай падрыхтоўкай.
— Мы таксама стараемся распавядаць кампаніям пра такія несвядомыя стэрэатыпы. Гэты стэрэатып узнік, на маю думку, яшчэ да поўнамаштабнай вайны, да 2022 года, таму што да гэтага шмат людзей, асабліва мужчын, прыязджала ў Польшчу на фізічную працу. Тады быў попыт на працу, між іншым, у будаўніцтве. Мы спрабуем адукаваць кампаніі, што дэмаграфічны профіль людзей, якія прыбылі пасля эскалацыі баявых дзеянняў, адрозніваецца. Гэта ў асноўным адукаваныя жанчыны з вялікім прафесійным вопытам і падрыхтоўкай, якім прыходзіцца працаваць ніжэй за сваю кваліфікацыю.
— У гэтых жанчын часта ёсць дзеці. Пры гэтым, іх мужчыны, мужы не могуць выехаць з Украіны, а многія змагаюцца на фронце. Ці кампаніі могуць неяк улічваць, што гэтым жанчынам прыходзіцца сумяшчаць працу з доглядам за дзецьмі?
— Таму мы стараемся прапанаваць розныя рашэнні кампаніям, якія могуць дапамагчы маці-адзіночкам. Напрыклад, некаторыя кампаніі, з якімі мы супрацоўнічаем, вырашаюць адкрыць дзіцячыя садкі на сваіх працоўных месцах, альбо ўвесці магчымасць няпоўнай занятасці ці гнуткага графіку працы. Такія рашэнні з'яўляюцца выдатнай падтрымкай, каб гэтыя маці маглі сумяшчаць апеку над дзецьмі з працай.
Размаўляла Наталля Грышкевіч