Драгічын(Drohiczyn) – гэта не толькі гістарычная сталіца Падляскага ваяводства, але таксама прывабны турыстычны цэнтр ва Усходняй Польшчы, які штогод у летнім сезоне становіцца сталіцай байдарачная спорту. «500 байдарак» – гэта назва штогадовага байдарачнага паходу па рацэ Буг, які стартуе менавіта з Драгічына. Паход мае інтэграцыйны і рэкрэацыйны характар, а яго мэта – прапагандаваць актыўны лад жыцця і любавацца прыродай і прыгажосцю ракі Буг.
Першы байдарачны паход у Драгічыне адбыўся ў 2013 годзе і быў прымеркаваны да 500-годдзя стварэння Падляскага ваяводства, што адбылося ў 1513 годзе. Драгічын быў першай гістарычнай сталіцай Падляскага ваяводства, нагадвае дырэктар Гарадскога і гміннага цэнтра культуры ў Драгічыне Рафал Сівэк(Rafał Siwek):
- Таму ў 2013 годзе, на 500-годдзе, у нас з'явілася ідэя арганізаваць паход на байдарках пад назвай «500 байдарак да 500-годдзя ваяводства». Мы хацелі рэкламаваць Драгічын, раку Буг і байдарачны спорт. Гэта мела быць аднаразовае мерапрыемства. Шчыра кажучы, спачатку мы не меркавалі, што гэта сапраўды будзе 500 байдарак. Нечакана для нас зарэгістраваліся 460 чалавек – 230 байдарак. Гэта пераўзышло нашы чаканні, бо мы лічылі, што гэта будзе, магчыма, 100 чалавек. Паход прайшоў выдатна і ўдзельнікі пачалі пытацца ў нас, ці будзем рабіць паход у наступным годзе. Такім чынам мы скарацілі першапачатковую назву да: «500 байдарак» і арганізавалі мерапрыемства ў другі раз.
З аднаразовай імпрэзы паход пераўтварыўся ў цыклічнае мерапрыемства. Сёлета ён адбываецца ўжо ў 12 раз, а колькасць удзельнікаў з года ў год павялічваецца:
– Так, здаецца, гэта быў пяты або шосты паход, калі колькасць байдарак дасягнула 500, і з гэтага часу кожны год утрымліваецца на падобным узроўні. Рэкордным годам быў, здаецца, 2019-ы, калі іх было 606, але гэта не значыць, што мы імкнемся да якіх-небудзь рэкордаў. Гаворка ідзе таксама пра выкананне арганізацыйных патрабаванняў і гэтак далей. Мы, перш за ўсё, зацікаўлены ў тым, каб гэта надалей была цікавая прапанова.
Нягледзячы на тое, што першы паход меў відавочны гістарычны падтэксты, то як паясняе прадстаўнік арганізатараў, у прынцыпе надалей гаворка ідзе пра прасоўванне рэгіёну, ракі Буг, якую называюць таксама адной з апошніх неўрэгуляваных рэк у Польшчы і байдарачнага спорту.
У Драгічыне пройдзе XІІ Паход «500 байдарак». Здымак: 500kajakow.pl/
Байдарачны паход «500 байдарак» не мае спаборніцкага характару. Перш за ўсё, гаворка ідзе пра тое, каб весела правесці час на свежым паветры і ў прыемнай атмасферы:
– Ніякіх рэальных абмежаванняў для ўдзельнікаў няма. Самому малодшаму ўдзельніку, які пакуль што плаваў з намі, было 10 месяцаў, а старэйшаму – 79 гадоў. Тут ніякіх абмежаванняў па ўзросту няма. Вядома, калі ёсць непаўналетнія, гэта значыць дзеці, яны павінны знаходзіцца пад наглядам дарослых. Ёсць правілы мерапрыемства – мы іх апісваем. Кожны ўдзельнік павінен запоўніць заяўку, даслаць яе нам, аплаціць уступны ўзнос, і гэта, мабыць, самае галоўнае. Трэба таксама прыслухоўвацца да загадаў парадкавых службаў, ратавальнікаў і арганізатараў, якія сочаць за бяспекай удзельнікаў – гэта аснова. Удзельнікі прыязджаюць, каб правесці час выдатна і бяспечна – усе гэта разумеюць. Сярод нашых удзельнікаў здараюцца людзі з абмежаванымі магчымасцямі. Ёсць сем’і з дзецьмі, удзельнікі з сабакамі, таму праблем няма.
Паход працягваецца два дні. Традыцыйна, гэта субота і нядзеля на пачатку жніўня, нагадвае Рафал Сівэк:
– Маршрут заўсёды адзін і той жа. Раніцай у суботу пачынаем на пляжы ў Драгічыне, плывем да мястэчка Граннэ (Granne) ў гміне Перляева(Perlejewo), што ў 29 кіламетрах ад месца старту. Некалькі гадоў таму мы пачалі арганізоўваць двухдзённы паход на байдарках, да чаго нас, скажам так, прымусілі самі ўдзельнікі. Яны пераконвалі, што, калі нехта прыязджае здалёку, з Польшчы, то хоча катацца на байдарках даўжэй, чым адзін дзень. Таму мы і стварылі таксама двухдзённы варыянт. Гэты другі дзень крыху карацейшы, бо яго працягласць складае 19 кіламетраў. Мы дабіраемся да горада Нур(Nur), дзе заканчваем, збіраем удзельнікаў і байдаркі.
Удзельнікі паходу могуць разлічваць на дадатковыя атракцыёны, такія як вогнішча, жывая музыка і рэгіянальныя далікатэсы.
Найлепшай рэкамендацыяй мерапрыемства зʼяўляюцца ўдзельнікі, якія вяртаюцца штогод, а такімі драгічынскі паход сапраўды можа пахваліцца:
– Безумоўна, у нас ёсць удзельнікі, якія прымаюць удзел у паходзе нават дзясяты раз. Ёсць тыя, хто ўпершыню быў у адзіночку, а цяпер прывозіць з сабой усю каманду сяброў. Ёсць тыя, хто вяртаецца пасля даўжэйшага або карацейшага перапынку. Вядома, увесь час зʼяўляюцца і новыя ўдзельнікі. Пра нас ужо ведаюць у Польшчы. У апошнія гады нам нават не трэба асабліва рэкламаваць мерапрыемства, каб сабраць дастатковую колькасць удзельнікаў. Зацікаўленыя асобы больш-менш ведаюць, калі адбываецца паход; яны сочаць за нашай старонкай і профілем у Фэйсбуку; яны ведаюць, калі пачынаецца набор. Кожны год мы таксама выпускаем фільм з паходу, які паказвае маштаб мерапрыемства, паказвае, што гэта за імпрэза.
Удзел у байдарачным паходзе варта спалучыць з наведваннем самога Драгічына, дзе на турыстаў чакае шмат прываблівасцей:
- Ужо больш за 10 гадоў у Драгічыне працуе адзіны ў Польшчы Музей байдарачнага турызму, дзе можна ўбачыць больш за 50 гістарычных байдарак, а таксама спецыялізаваныя сучасныя байдаркі ў спецыяльным намёце, прысвечаным сучаснаму абліччу байдарачнага спорту. Тут вы зможаце ўбачыць таксама гістарычныя байдаркі, якім 100 гадоў. У Драгічыне працуюць таксама: Музей старадаўніх матацыклаў, Цэнтр экалагічнай адукацыі і Цэнтр прасоўвання мясцовых прадуктаў. Ёсць Зона актыўнасці і ўяўлення, інакш SOWA – гэта такое месца для семʼяў з дзецьмі, дзе, як у Навуковым цэнтры Капернік у Варшаве, можна праводзіць розныя эксперыменты. Але ў нас таксама ёсць гістарычныя і рэлігійныя помнікі – прыгожая праваслаўная царква, тры касцёлы, Дыяцэзіяльны музей, у якім паказваюцца экспанаты сусветнага ўзроўню. Нельга забываць таксама пра ўнікальную прыроду, Замкавую гару з цудоўнай панарамай ракі Буг, аглядную вежу, месца для прагулак уздоўж ракі Буг і парк кемпераў, папулярнасць якога сярод турыстаў расце.
- заахвочваў дырэктар Гарадскога і гміннага цэнтра культуры ў Драгічыне Рафал Сівэк(Rafał Siwek).
Нагадваем, XІІ паход «500 байдарак» стартуе з Драгічына ў бліжэйшую суботу – 2 жніўня. Экстранна, то бок у апошні момант, да мерапрыемства можна далучыцца выключна з уласнай байдаркай. А мы са свайго боку жадаем, як арганізатарам, так і ўдзельнікам добрага надвор’я.
Анна Задрожна