Беларуская Служба

Як маніпулявалі ўлады ПНР, каб польская футбольная каманда магла паехаць на Алімпійскія гульні?

03.08.2025 07:11
У камуністычную эпоху спорт быў не толькі важным элементам грамадскага жыцця, але і формай прапаганды. 
Аўдыё
  • Як маніпулявалі ўлады ПНР, каб польская футбольная каманда магла паехаць на Алімпійскія гульні
. 1938
Футбалсты. 1938 годфота: NAC

Якія маніпуляцыі выкарыстоўвалі камуністычныя ўлады Польскай Народнай Рэспублікі, каб польская футбольная каманда магла паехаць на Алімпійскія гульні? Як спорт у Польскай Народнай Рэспубліцы падпарадкоўваўся правілам палітычнай сістэмы?

У камуністычную эпоху спорт быў не толькі важным элементам грамадскага жыцця, але і формай прапаганды. Спартыўныя поспехі былі звязаны з меркаванымі поспехамі дзяржавы.
Сёння многія людзі ўспамінаюць поспехі польскай зборнай у 1970-х і 1980-х гадах. За гэтым поспехам стаялі таленавітыя асобы – гульцы і трэнеры, але, як звычайна, пасля спартыўных поспехаў заслугу прыпісвалі сабе ўлады.

Палітыка прысутнічала ў спорце ПНР. Як і ўсе аспекты жыцця ў Польскай Народнай Рэспубліцы, футбол і спорт у цэлым падпарадкоўваліся правілам гэтай краіны і яе палітычнай сістэме. Правілам, якія часта былі абсурднымі і часта прыгнятальнымі.

Цікава, што польская зборная выйгравала медалі на чэмпіянаце свету, але ніколі ў барацьбе за еўрапейскае першынства. Больш за тое, у камуністычную эпоху польскія футбалісты ніколі не ўдзельнічалі ў фіналах, заўсёды фінішавалі ў кваліфікацыйных раўндах.

Журналіст, пісьменнік, спартыўны каментатар і футбольны гісторык Стэфан Шчэплэк гаворыць, што гэтаму ёсць тлумачэнне:

- Ёсць адзін адказ, хоць ён і няпоўны, ці, прынамсі, для некаторых можа быць спрэчным, але гэта факты. Звярніце ўвагу, што фіналы чэмпіянату Еўропы заўсёды прыпадалі на адзін год з Алімпійскімі гульнямі. Для Польшчы ўдзел у Алімпіядзе быў прыярытэтам. Бо, як мы ведаем, гульні – гэта не толькі футбол, ці, магчыма, зусім не футбол, да пэўнага моманту.

Стэфан Шчэплэк гаворыць, што калі гаворка ідзе пра спорт, то ПНР была крывадушнай краінай. На Алімпійскія гульні маглі ехаць аматары, а не прафесійныя спартсмены. У ПНР аматары былі аматарамі толькі фармальна. Гэта былі прафесійныя спартсмены, якія займаліся толькі спортам, прысвячаючы яму ўсе свае дні, але афіцыйна былі працаўладкаваныя на розных прадпрыемствах, гаворыць наш суразмоўца:

- Вядома, што каманду Гурнік Забжэ фінансавалі сілезскія шахты. Рух Хожаў – сталеліцейны завод «Баторы». Легію Варшава – армія, а Гвардыю Варшава ці Віслу Кракаў – міліцыя. Карацей кажучы, спартсмены, якія спаборнічалі за гэтыя клубы, мелі фіктыўныя пасады. Фармальна яны былі афіцэрамі Войска Польскага ці Грамадзянскай міліцыі.

Такая практыка была ва ўсім спорце, не толькі ў футболе. Таму спартсмены з ПНР, як «аматары», мелі на Алімпійскіх гульнях перавагу:

- Спартсмены ў Польшчы фармальна былі аматарамі, але на самой справе яны былі прафесіяналамі. Як прафесіяналы, яны не маглі ўдзельнічаць у Алімпійскіх гульнях ні ў адным відзе спорту, у тым ліку ў футболе. Дык што ж рабілі нацыянальныя алімпійскія камітэты, у выпадку Польшчы – Польскі алімпійскі камітэт? Кожныя чатыры гады перад гульнямі яны выдавалі кожнаму спартсмену даведку аб «невінаватасці», коратка кажучы, у якой гаварылася, што ён з'яўляецца аматарам. А ў выпадку з футболам тыя ж «аматары», якія гулялі на Алімпійскіх гульнях, адначасова ўдзельнічалі ў адборачных спаборніцтвах чэмпіянату Еўропы. Гэта была тая ж каманда.

Стэфан Шчэплэк падкрэслівае, што санкцыянаванне фікцыі ФІФАй і Міжнародным алімпійскім камітэта не былі выпадковым:

- Такія паводзіны былі санкцыянаваны ФІФАй. Пасля 1945 года, калі Савецкі Саюз прызнаў, што спорт зʼяўляецца выдатным інструментам прапаганды, і ўпершыню ўдзельнічаў у спаборніцтвах на Алімпійскіх гульнях 1952 года ў Хельсінкі, і з таго часу іншыя так званыя народныя дэмакратыі рушылі ўслед за Савецкім Саюзам, падманваючы як мага больш, каб толькі заваяваць алімпійскія медалі. Свет цалкам змяніўся, і рускія забяспечылі сабе, гарантавалі сабе ў статуце, што яны павінны мець віцэ-прэзідэнта па пасадзе ФІФА. У той час гэта быў Валянцін Гранаткін, і тое ж самае было ў МАК. Расійскі ўплыў у МАК быў вельмі значным, асабліва ў народных дэмакратыях, гэта значыць у сацыялістычных краінах.

Сярод спартыўных чыноўнікаў, якія падарожнічалі з камандай, заўсёды былі супрацоўнікі Службы бяспекі (СБ), а часта і супрацоўнікі ваеннай разведкі. Таемныя агенты сачылі за тым, каб спартсмены выпадкова не перабеглі ў заходнія спартыўныя клубы.

Тэму спорту ў ПНР – мы будзем працягваць на нашай хвалі.

М. Стрэмэцкі/ав