Gazeta Wyborcza, акрамя паведамлення пра ўступленне на пасаду прэзідэнта Караля Наўроцкага, задаецца таксама пытаннем, якой будзе першая дама Марта Наўроцкая. Ці будзе яна абараняць жанчын, ці замаўчыць?
«Я лаўлю гангстараў, а не выходжу за іх замуж», — пажартавала Марта, калі пачала часцей з'яўляцца побач з мужам пад канец выбарчай кампаніі. Раней яна не ўдзельнічала ў кампаніі так часта, як жонка кандыдата ад Грамадзянскай кааліцыі Рафала Тшаскоўскага. Малгажата Тшаскоўская закранала важныя сацыяльныя пытанні: легальныя аборты, адукацыя, доступ да медыцыны. Марта Наўроцкая перш за ўсё казала пра добрыя бакі свайго мужа. Яна ахвотна падкрэслівала, што ён – былы баксёр, моцны чалавек, таксама паказвала сваю фізічную сілу – як ездзіць на роліках або ходзіць па гарах.
Наўроцкія разам ужо каля 15 гадоў. Яны выхоўваюць траіх дзяцей, дваіх сыноў і дачку, прычым, старэйшага сына Марта нарадзіла, будучы яшчэ падлеткам, перад тым, як пазнаёмілася з Каралем. Яе муж ахвотна пра гэта казаў у кантэксце права на аборты – маўляў, яго жонка зрабіла выбар – даць жыццё дзіцяці, хаця ёй прапанавалі іншае.
У адказ на пытанне, ці Наўроцкая гатовая, каб прадстаўляць уласны погляд на важныя праблемы, яна адказала, што яна – не палітык, аднаго палітыка ў сям’і дастаткова. Хаця пры гэтым дадала, што калі б гаворка ішла пра вельмі важныя грамадскія тэмы, яна б прадставіла сваё меркаванне.
нг