Беларуская Служба

Перарабіць «амерыканку» у музей: план Ларысы Геніюш

16.08.2025 07:44
Валерыя Чарнаморцава, даследчыца савецкіх рэпрэсій, хоча ўвасобіць план Ларысы Геніюш — ператварыць мінскую турму «амерыканка» ў музей памяці ахвяр таталітарызму
Аўдыё
  • Валерыя Чарнаморцава, даследчыца савецкіх рэпрэсій, хоча ўвасобіць план Ларысы Геніюш — ператварыць мінскую турму «амерыканка» ў музей памяці ахвяр таталітарызму.
Валерыя ЧарнаморцаваБеларуская служба Польскага радыё, radyjo.net, Павел Залескі

У Познані адбылася вечарына памяці Ларысы Геніюш. Аб жыцці і творчасці выбітнай беларускай паэткі распавяла стваральніца віртуальнага музея савецкіх рэпрэсій, былая зняволеная Валерыя Чарнаморцава. З ёй пагутарыў наш карэспандэнт.

— Спадарыня Валерыя, вы прачыталі цудоўную лекцыю пра жыццё і творчасць Ларысы Геніюш, а як вас лёс наблізіў да яе асобы, як вы да яе дайшлі?

— Як і ўсе — чытала вершы, чытала «Споведзь». Найбольш мяне спачатку ўразіла «Споведзь», а потым пачала чытаць яе вершы. На мяне паўздзейнічалі тры асобы, дзякуючы якім я пачала займацца зборам успамінаў былых вязняў ГУЛАГу і, у выніку, быў створаны віртуальны музей савецкіх рэпрэсій — гэта Ларыса Геніюш, Францішак Аляхновіч і Сяргей Грахоўскі.

Дарэчы, са спадаром Сяргеем давялося яшчэ сустракацца. Але імя Ларысы Геніюш для мяне з’яўляецца жыццёвым прыкладам. Яна была патрабавальнай і да сябе, і да іншых. І часам, калі я ў нудзе, альбо ў расслабленасці ці ў ляноце, заўсёды думаю — а што б на гэта сказала Ларыса Геніюш? Яе асоба, яе лёс для мяне вельмі натхняльныя, таму і ў Беларусі, і зараз у эміграцыі імкнуся ладзіць мерапрыемствы, прысвечаныя яе памяці. А яна дагэтуль так і застаецца нерэабілітаванай.

Пасля я пазнаёмілася з паэткай, зняволенай у ГУЛАГу, Надзеяй Раманаўнай Дземідовіч, якая жыла пад Мінскам. Мы ладзілі сустрэчы з ёй, збіралі грошы, дапамагалі былым вязням ГУЛАГу. Гэта была ініцыятыва, праект «Пакаянне» ад БХД. А пасля выйшлі на ідэю стварыць віртуальны музей савецкіх рэпрэсій. І зараз працягваю падтрымліваць гэтую дзейнасць, але ўжо за мяжой.

— Што датычыць тэмы рэпрэсій — за гады савецкай улады былі рэпрэсаваны тысячы беларусаў. На вашу думку, як наогул распрацавана гэта тэма ў Беларусі навукоўцамі, гісторыкамі, якое месца яна займае ў нашым грамадстве?

— Канешне, ёсць вядомыя людзі ў Беларусі, якія займаліся і займаюцца гэтай тэмай. Дарэчы, зараз у Берліне будзе кангрэс даследчыкаў, і там ёсць асобная секцыя, звязаная з рэпрэсіямі ў Беларусі. Але праблема ў тым, што гэтая тэма павінна была распрацоўвацца на дзяржаўным узроўні, бо многія даследчыкі і навукоўцы займаюцца гэтым, што называецца, па сваёй ініцыятыве, а няма адмысловага інстытута, як, напрыклад, у Польшчы. Я, калі ў Беларусі вадзіла экскурсіі ў Курапаты, казала, што Курапаты — гэта такая лакмусавая паперка таго, што адбываецца ў цяперашнім грамадстве. Як толькі Курапаты стануць належным чынам ушанаваныя, то грамадства перастане жыць у гэтым постсаўку. Але, на жаль, пакуль у нас гэта не атрымалася, мы не зрабілі гэтую працу над памылкамі ў свой час, і таму гэтыя рэпрэсіі вярнуліся. І вярнуліся практычна з той самай сістэмай. Калі мяне затрымлівала КДБ, выбілі дзверы і паклалі тварам да падлогі, то кдбісты мне сказалі: «Ты вадзіла экскурсіі ў Курапаты, ганьбіла нашых папярэднікаў, вось мы і прыйшлі».

Цяперашні беларускі рэжым наўпрост асацыюе сябе з тым сталінскім рэжымам і праводзіць тую ж самую рэпрэсіўную палітыку, тыя ж самыя рэпрэсіі. А ўсё таму, што не было ў свой час асэнсавання, усведамлення. Я зараз жыву ў Літве і бачу, як там праводзяцца мерапрыемствы памяці, наколькі важная гэтая тэма і як працуюць з моладдзю, каб такое ніколі не паўтарылася. У нас, на жаль, гэтага зроблена не было.

— У многіх краінах Усходняй Еўропы, як у той жа Венгрыі, Нямеччыне, існуюць «Музеі Тэрору». Якім вам бачыцца такі музей у Беларусі?

—  Я не толькі задумвалася пра гэта, але зараз уласна скончыла магістратуру ЕГУ па гэтай тэме. У першую чаргу мяне цікавіць досвед Усходняй Еўропы, менавіта музеефікацыя савецкіх рэпрэсій у вуснай гісторыі. Я вывучаю гэтую тэму і бачу, што цяпер мы не можам зрабіць ужо толькі музей савецкіх рэпрэсій. Напэўна, мы будзем рабіць музей усіх рэпрэсій, у тым ліку цяперашніх. Некалі, у 2020 годзе, Зьміцер Дашкевіч зладзіў акцыю «Курапаты, Акрэсціна — звёны аднаго медаля», так яно і ёсць на самай справе. І, напэўна, гэта варта будзе падкрэсліваць.

Шкада, але мы ўжо не зможам належным чынам музеіфікаваць савецкія рэпрэсіі, бо сышоў час. У 80-я, 90-я гэта было магчыма, але ў нас быў толькі адзін прыватны музей у Бабруйску, які стварыла асацыяцыя рэпрэсаваных. Былі асобныя экспазіцыі, але музея на дзяржаўным узроўні мы не стварылі. Я думаю над праектамі, дзе параўноўваюцца савецкія рэпрэсіі і цяперашнія.

—  А як вам здаецца, гэтыя рэпрэсіі двухтысячных гадоў — працяг тых рэпрэсій 30-х ці нешта сваё, іншае?

— Я лічу, што гэта працяг тых рэпрэсій 30-х. Гэтыя каты нават таксама сябе паводзяць і ўсведамляюць, як і тыя. І тое КДБ нават назвы не змяніла. З савецкіх часоў засталіся «этапы», так званыя «паняцці», уся тая турэмная сістэма. Усё засталося нязменным з тых часоў, на жаль. Хацелася б, каб гэта засталося ў гісторыі, але яно існуе ў сучаснасці. Таму хочацца выканаць той план Ларысы Геніюш, які яна распрацоўвала, седзячы ў «амерыканцы», — зрабіць яе музеем. Я спадзяюся дачакацца, калі «амерыканка» і «Валадарка» стануць музеямі.

Павел ЗАЛЕСКІ

Здымак: Валерыя Чарнаморцава. Фота Паўла Залескага.