Беларуская Служба

Еўрапейскія выдаткі на абарону ў разліку на аднаго прафесійнага вайскоўца дасягнулі гістарычнага ўзроўню

02.09.2025 12:40
У мінулым годзе 27 дзяржаў Еўрасаюза патрацілі на армію 343 мільярды еўра.
 .
Ілюстрацыйны здымак.Фота: Piotr Molecki/East News

Еўрапейскія краіны б’юць новыя рэкорды ў выдатках на ўзбраенне – нагадвае Forsal. Паводле дадзеных Еўрапейскага агенцтва па абароне, толькі ў гэтым годзе сумарныя выдаткі краін ЕС дасягнуць 381 мільярда еўра. Гэта прыкладна 2,1% агульнага ВУП і ўпершыню больш, чым даўні арыенцір НАТА — два працэнты.

У мінулым годзе 27 дзяржаў Еўрасаюза патрацілі на армію 343 мільярды еўра. Гэта амаль на адну пятую больш, чым у 2023-м. Паводле экспертаў, скачок тлумачыцца рэкорднымі заказамі на новую тэхніку і вялікімі ўкладаннямі ў даследаванні ды распрацоўкі.

Асобна адзначаецца роля Польшчы, якая стала лідарам усяго Еўрасаюза па выдатках на абарону. Летась яна прызначыла на вайсковыя патрэбы каля 3,75% свайго ВУП.

Гэтая тэндэнцыя паказвае: Еўропа рыхтуецца да ўсё больш няпэўнай сітуацыі ў свеце. — «Еўропа выдаткоўвае рэкордныя сумы, каб гарантаваць бяспеку сваім грамадзянам. І на гэтым мы не спынімся» — заявіла кіраўніца дыпламатыі ЕС і адначасова кіраўніца Еўрапейскага агенства па абароне Кая Калас. Яна адзначыла, што грошы пойдуць як на даследаванні і распрацоўкі, так і пакупку ды вытворчасць неабходных кампанентаў.

Цікава, што выдаткі ў разліку на аднаго прафесійнага вайскоўца дасягнулі гістарычнага ўзроўню — амаль 250 тысяч еўра. Гэта амаль у два разы больш, чым дзесяць гадоў таму.

Пры гэтым усё больш краін выдзяляюць грошы менавіта на інвестыцыі. Калі раней такі паказчык мелі толькі два дзясяткі дзяржаў, то цяпер — ужо 24. Асноўны рост адбыўся за кошт закупак тэхнікі. На гэта ў 2024 годзе пайшло 88 мільярдаў еўра, што на 39 працэнтаў больш, чым годам раней. І гэта яшчэ не мяжа: у наступным годзе чакаецца, што гэтая сума перавысіць 100 мільярдаў еўра.

Рэзка ўзраслі і ўкладанні ў даследаванні. На іх выдаткавана 13 мільярдаў еўра — на пяць мільярдаў больш, чым у 2023-м.

Такім чынам, Еўропа нарошчвае сваю вайсковую моц. Паводле экспертаў, мэта не толькі абараніць сябе, але і паказаць Маскве і іншым патэнцыяльным сапернікам, што кантынент сур’ёзна ставіцца да сваёй бяспекі.

нг