Беларуская Служба

COVID-19 вяртаецца з новымі сімптомамі, не характэрнымі раней для гэтай віруснай інфекцыі

06.09.2025 14:05
Пацыенты ўсё часцей звяртаюцца да лекараў з сімптомамі змешанага характару.
Covid-19.
Covid-19.KAROLINA MISZTAL/REPORTER, Aeriform/Ikon Images/East News

Хоць у летнія месяцы статыстыка заражэнняў COVID-19 крыху супакоілася, эксперты папярэджваюць: гэта магла быць толькі цішыня перад бурай. Вірус вяртаецца ў новых варыянтах – чытаем на сайце Onet.

Лекары адзначаюць, што пацыенты ўсё часцей прыходзяць з сімптомамі змешанага характару — часткова як пры звычайнай прастудзе, часткова як пры ангіне. Яны скардзяцца на боль у горле, галаўны боль, хрыпату, стомленасць, але таксама праблемы са страўнікам: млоснасць ці дыярэю.

Як тлумачаць лекары, новыя падвіды, такія як німбус NB.1.8.1. ці стратаc, часта даюць аблегчаны, але неадназначны клінічны вобраз. У многіх выпадках сімптомы нагадваюць прастуду: насмарк, кашаль, стомленасць. Асабліва характэрнае адчуванне выключнай слабасці, калі нават простыя справы патрабуюць вялікіх высілкаў.

Добрая навіна ў тым, што цяперашнія варыянты, хоць і распаўсюджваюцца вельмі хутка, звычайна не прыводзяць да цяжкіх ускладненняў. Тым не менш, у пажылых людзей або ў асоб з хранічнымі хваробамі яны могуць працякаць цяжэй.

Паводле Галоўнага санітарнага інспектарата, выпадкаў COVID-19 становіцца больш, але пакуль без рэзкага скачка. Восень і зіма — традыцыйны сезон інфекцый, таму спецыялісты чакаюць росту як захворванняў на грып, так і на каранавірус. Міністэрства аховы здароўя нагадвае: у гэтым сезоне ўсе жадаючыя могуць бясплатна зрабіць прышчэпкі супраць COVID-19.

нг