Штотыднёвае выданне Polityka друкуе вялікі артыкул пра ўжываную вопратку. Палякі купляюць усё больш адзення, у вялікай ступені гэта танная вопратка нізкай якасці, якую цяжка перапрацаваць. Ад старой, знішчанай вопраткі пазбавіцца ўсё цяжэй. У Польшчы пачалі дзейнічаць новыя правілы сартавання смецця, згодна з якімі старую вопратку ўжо нельга выкідваць у звычайнае смецце. Ахвярай новых правіл сталі кантэйнеры для выкарыстанай адзежы. Яны знікаюць, паколькі людзі пачалі ставіцца да іх як да бакаў для тэкстыльных адходаў. А так па ідэі не павінна было быць.
Такіх кантэйнераў па ўсёй Польшчы амаль 30 тысяч. Кантэйнеры для выкарыстанай адзежы са знакам Польскага Чырвонага Крыжа сталі адным з элементаў польскага краявіду. Яны перажылі нават скандал у Ніжняй Сілезіі ў папярэднім дзесяцігоддзі, калі кіраўнікі мясцовага аддзялення ПЧК кралі вопратку з такіх кантэйнераў і зараблялі на яе продажы. Цяпер жа кантэйнеры з лагатыпам вядомай дабрачыннай арганізацыі пачынаюць знікаць у выніку новых правіл сартавання смецця.
Са студзеня гэтага года ўжо нельга выкідваць старую вопратку і іншыя тэкстыльныя адходы ў звычайныя чорныя кантэйнеры для змешанага смецця. Іх трэба вазіць у Пункты Селектыўнага Збору Камунальных Адходаў (PSZOK – Punkt Selektywnej Zbiórki Odpadów Komunalnych), але многія людзі выбралі іншае, значна зручнейшае для сябе рашэнне. Зразумела, нікому не хочацца ездзіць з адной або некалькімі старымі рэчамі і шукаць такі пункт. Таму адзенне аддаюць быццам бы на паўторнае выкарыстанне ў кантэйнер, а на самой справе проста выкідваюць.
Выданне адзначае, што сартаванне некаторых відаў смецця мае сэнс, але якраз у дадзеным выпадку яно прыносіць больш шкоды, чым карысці. Справа ў тым, што большасць старога тэкстылю і так неабходна ў канцы канцоў спаліць, паколькі яго немагчыма пусціць у абарот сэканд хэнд. Мы ўсё лепш умеем перапрацаваць пластык або паперу, а ў выпадку старога адзення аказаліся бяссільнымі.
нг