Беларуская Служба

Не ўсе ўдаўцы і ўдовы атрымаюць з ZUS фінансавую дапамогу. Ёсць некалькі фактараў адмовы

06.09.2025 09:00
Гэта новая дапамога, якой пажылыя людзі чакалі гадамі.
Renta wdowia - nowe świadczenie z ZUS w 2025 roku
Renta wdowia - nowe świadczenie z ZUS w 2025 rokuArtur Szczepanski/REPORTER

Выданне Forsal паведамляе, што Упраўленне сацыяльнага страхавання (ZUS - Zakład Ubezpieczeń Społecznych) выплаціў ужо больш за 800 тысяч пенсій для ўдоў і ўдаўцоў. Гэта новая дапамога, якой пажылыя людзі чакалі гадамі. Яна пачала дзейнічаць з 1 ліпеня пасля ўступлення ў сілу новых правіл.

Цяпер асобам, якія страцілі партнёра, не прыходзіцца выбіраць паміж уласнай пенсіяй і сямейнай дапамогай пасля мужа ці жонкі. Яны могуць атрымліваць абедзве выплаты. Аднак не ўсе заяўнікі атрымалі станоўчы адказ. ZUS падкрэслівае, што ўжо больш за 100 тысяч чалавек атрымалі адмовы. Найчасцей прычына ў тым, што іх уласная пенсія занадта высокая і перавышае трайны памер мінімальнай — гэта больш за 5600 злотых брута.

Сярод іншых прычын адмовы: занадта ранняе атрымання права на сямейную дапамогу, адсутнасць права на ўласную пенсію, новы шлюб, адсутнасць маёмаснай супольнасці з памерлым мужам або жонкай, а таксама ўзрост — для жанчын менш за 60 гадоў, для мужчын менш за 65 гадоў.

Тыя, хто не згодны з рашэннем, могуць яго абскардзіць. Скарга падаецца праз ZUS у суд працы і сацыяльнага страхавання. На гэта ёсць 30 дзён. І ўжо больш за тысячу чалавек скарысталіся такой магчымасцю.

Некаторыя людзі маюць права на пенсію, але пакуль не атрымалі яе. Гэта звязана з неабходнасцю ўзгодніць з іншымі пенсійнымі інстытутамі — KRUS (Kasa Rolniczego Ubezpieczenia Społecznego), МУС ці вайсковымі фондамі. ZUS завярае, што ўсе заяўкі, пададзеныя да канца ліпеня, будуць выплачаныя.

нг