Беларуская Служба

97 гадоў таму ўпершыню адбыўся Tour de Pologne (ФОТА/ВІДЭА)

07.09.2025 06:02
7 верасня 1928 года гоншчыкі стартавалі з Варшавы па маршруце працягласцю ў 1 тыс. 491 км, які пралягаў праз Львоў, Познань і Кракаў.
Аўдыё
  • 97 гадоў таму ўпершыню адбыўся Tour de Pologne
Tour de Pologne. 1930-
Tour de Pologne. 1930-я гадыNarodowe Archiwum Cyfrowe

97 гадоў таму ўпершыню адбылося мерапрыемства, якое аказала вялізны ўплыў на развіццё польскага веласпорту. Гэта «Тур Польшчы» – штогадовая шашэйная шматдзённая велагонка па дарогах краіны. У свеце, у тым ліку і ў самой Польшчы, прыжылася і ўжываецца французская назва спаборніцтва Tour de Pologne.

Першы «Тур Польшчы» адбыўся 7 верасня 1928 года, а яго арганізатарамі былі кракаўская газета «Спартыўны агляд» і Таварыства веласіпедыстаў Варшавы – адна з найстарэйшых спартыўных арганізацый на польскіх землях. Яе членамі былі, дарэчы, Нобелеўскі лаўрэат па літаратуры Генрык Сянкевіч і выбітны польскі пісьменнік Баляслаў Прус. У першым спаборніцтве прыняў удзел 71 веласіпедыст.

Пераможца гонкі Чэслаў Марцэляк. 30 ліпеня 1939 года. Narodowe Archiwum Cyfrowe Пераможца гонкі Чэслаў Марцэляк. 30 ліпеня 1939 года. Narodowe Archiwum Cyfrowe

Веласіпедная гонка Tour de Pologne карысталася папулярнасцю яшчэ ў міжваенны перыяд, а сёння лічыцца адным з найважнейшых веласпаборніцтваў у свеце.

Tour de Pologne – гэта шашэйная шматдзённая велагонка, якая штогод праходзіць у Польшчы. Часам яе называюць самым прэстыжным спартыўным мерапрыемствам краіны, бо ў ёй удзельнічалі і ўдзельнічаюць сусветныя зоркі веласпорту. Агульная працягласць трасы складае больш за 1 тыс. км, а рэпартажы з месца падзей прыцягваюць да экранаў тэлевізараў дзясяткі мільёнаў спартыўных заўзятараў.

Велагоншчык Чэслаў Марцэляк. 1939 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe Велагоншчык Чэслаў Марцэляк. 1939 год. Narodowe Archiwum Cyfrowe

І так, 7 верасня 1928 года гоншчыкі стартавалі з Варшавы па маршруце працягласцю ў 1 тыс. 491 км, які пралягаў праз Львоў, Познань і Кракаў. Пераможцам дзесяцідзённых спаборніцтваў стаў Фелікс Венцэк, які абагнаў удзельніка, што заняў другое месца, на адну гадзіну і дзесяць хвілін. Да пачатку Другой сусветнай вайны адбыліся яшчэ чатыры велагонкі.

На трасе гонкі. 1930-я гады. Narodowe Archiwum Cyfrowe На трасе гонкі. 1930-я гады. Narodowe Archiwum Cyfrowe

У міжваеннай Польшчы гонка Tour de Pologne карысталася вялікай папулярнасцю. Спаборніцтва збірала сотні тысяч гледачоў, а некаторым спартсменам, якія ўдзельнічалі ў ёй, удалося заваяваць сапраўдную славу, у прыватнасці, двойчы пераможцу Баляславу Наперале, якому далі мянушку «Тыгр дарог». Вядома, што велагонкі тых часоў мала чым нагадваюць цяперашнія. Так, раней удзельнікі спаборніцтваў спыняліся, каб з'есці паўнавартасны абед, а не выпівалі энергетычны гель, як цяпер, каб не траціць часу.
Пасля Другой сусветнай вайны першая велагонка адбылася ў 1947 годзе, а з 1952 года спаборніцтвы пачалі праходзіць штогод.

Удзельнікі Tour de Pologne у 1949 годзе. Narodowe Archiwum Cyfrowe Удзельнікі Tour de Pologne у 1949 годзе. Narodowe Archiwum Cyfrowe

У 1980-я гады гонку тры разы выйграваў Анджэй Межаеўскі, праўда, не запар. Камуністычныя ўлады не любілі гэтае спаборніцтва і ніяк не садзейнічалі яго папулярызацыі, аднак турнір пачаў атрымліваць шырокую падтрымку пасля палітычнай трансфармацыі 1989 года.

Чэслаў Лянг з журналістам Першага каналу Патрыкам Міхальскім у студыі Польскага радыё. 2023 год. Крыніца: Polskie Radio Чэслаў Лянг з журналістам Першага каналу Патрыкам Міхальскім у студыі Польскага радыё. 2023 год. Крыніца: Polskie Radio

Да 1992 года Tour de Pologne лічыўся аматарскай велагонкай, але ў 1993 годзе польскі веласіпедыст Чэслаў Лянг, сярэбраны прызёр маскоўскай алімпіяды, дамогся надання «Туру Польшчы» статусу прафесійнага велатурніру. Дарэчы, Лянг – гэта той чалавек, які апынуўся на адпаведным месцы, бо веласпорт – гэта ўсё яго жыццё. Пра гэта ён сам згадваў у размове з Польскім радыё.

- Веласпорт – гэта, безумоўна, мая вялікая любоў. Я езджу на ровары больш за 50 гадоў. Я пачаў займацца веласпортам ва ўзросце 13-14 гадоў, а на ровар сеў мо ў 6 гадоў, і мне гэта вельмі падабалася. Я памятаю, як ездзіў на ровары з самага дзяцінства. Нават калі ў мяне не было машыны ці іншых магчымасцей, то гэта давала мне свабоду. Я сядаў на ровар у сваёй вёсцы, дзе вырас, і ехаў з аднаго месца ў іншае: на возера, у наступную вёску, ехаў па лесе. І гэта была сапраўды свабода! Я думаю, што гэта самае класнае адчуванне ад язды на ровары. Ровар – гэта цудоўная, магічная прылада, якую хтосьці некалі вынайшаў. І да сённяшняга дня не створаны іншы механізм, які дазваляе нам пераадольваць такія вялікія адлегласці, выкарыстоўваючы нашы мышцы.

У наступныя гады польская велагонка стабільна развівалася. У 2005 годзе велагонку Tour de Pologne уключылі ў прэстыжную серыю спаборніцтваў UCI World Tour, і цяпер яна лічыцца адным з найважнейшых сусветных турніраў нараўне з Tour de France і Vuelta a Espana. У той год за гонкай сачылі 20 млн тэлегледачоў!

Дрэннае надворʼе перашкодзіла правесці турнір у 2008 годзе, і з таго часу Tour de Pologne праходзіць у жніўні, а не ў верасні. У 2016 годзе спаборніцтвы пачаліся яшчэ раней, каб не супасці ў часе з Алімпійскімі гульнямі.

У 2016 годзе ўпершыню ў праграму «Тура Польшчы» была ўключаная жаночая гонка, якая пачалася праз дзень пасля заканчэння мужчынскай. Двухдзённае спаборніцтва стартавала ў вядомым Закапанэ, а яго маршрут пралягаў па велічных Татрах.

Валеры Саўко

слухайце аўдыёфайл

Больш на гэтую тэму: Машына часу