У польскім заканадаўстве петыцыя — гэта «запыт або патрабаванне, адрасаванае дзяржаўнаму органу».
На належным чынам пададзеную петыцыю павінен быць дадзены адказ органу ўлады. Установа таксама абавязана публікаваць петыцыю і адказ на яе на сваім вэб-сайце.
У цяперашні час у Польшчы продаж алкаголю і цыгарэт абмежаваны толькі для непаўналетніх. Прадаўцы маюць права патрабаваць пашпарт, каб пацвердзіць, што пакупніку больш за 18 гадоў.
Паводле слоў аўтара петыцыі, пажылыя людзі, якія жадаюць купіць гарэлку ці цыгарэты, таксама павінны будуць прадставіць пацвярджэнне асобы, што ім менш за 60 гадоў.
«Можа ўзнікнуць цікавая з'ява. Гэтак жа, як падлеткі цяпер просяць пажылых людзей купіць ім піва, пенсіянеры будуць прасіць маладзейшых людзей, напрыклад, тых, каму за 50, купіць ім бутэльку піва ці пачак цыгарэт», — кажа Лукаш Вацлавік (Łukasz Wacławik) з факультэта менеджменту Кракаўскага ўніверсітэта навукі і тэхналогій.
Як можна здагадацца, петыцыя не была добра ўспрынята алкагольнай і тытунёвай прамысловасцю.
«Забарона на алкаголь для старэйшых за 60 гадоў абсурдная. Па-першае, узрост не з'яўляецца крытэрыем здароўя. Яго вызначае лад жыцця і ўмеранасць, а не дата нараджэння. Па-другое, гэта пытанне культуры і свабоды. Віно — частка традыцый і сямейных рытуалаў. Пазбаўленне яго пажылых людзей — гэта форма дыскрымінацыі», — катэгарычна сцвярджае дырэктар аднаго з вядучых імпарцёраў, дыстрыб'ютараў і вытворцаў віна ў Польшчы.
Кшыштаф Бжузка (Krzysztof Brzózka), былы кіраўнік Дзяржаўнага агенцтва па вырашэнні праблем, звязаных з алкаголем, які крытыкуе алкагольную прамысловасць на кожным кроку, называе петыцыю «арыгінальнай ідэяй, дрэнна прадуманай і даволі акрабатычнай». Ён пытаецца, ці трэба нейкім чынам ідэнтыфікаваць людзей старэйшых за шэсцьдзесят?
Таму што, калі б ужыванне алкаголю або курэнне ў іх прысутнасці было б забаронена, іншым людзям трэба было б ведаць узрост чалавека, які сядзіць або стаіць побач з імі.
Бжузка таксама падкрэслівае, што калі мы хочам абмежаваць спажыванне алкаголю, нам варта сканцэнтраваць свае намаганні ў першую чаргу на маладых паляках, бо забароны і абмежаванні для пажылых людзей мала што зменяць.
Міністэрства аховы здароўя ўжо апублікавала адказ на апісаную петыцыю. Рашэнні «адносна забароны на продаж і спажыванне алкаголю і тытунёвых вырабаў асобам старэйшым за 60 гадоў у цяперашні час не плануюцца», — заявілі ў міністэрстве.
яс