Колькасць хакерскіх атак на Польшчу павялічваецца — інфармуе Onet са спасылкай на выданне Rzeczpospolita. Паводле аналізаў Check Point, кожнае прадпрыемства і ўстанова падвяргаюцца спробам узлому ў сярэднім 2,3 тысячы разоў у тыдзень. У Еўропе кампаніям і ўстановам прыходзіцца штотыдзень змагацца з больш як 1,6 тысячы ўдараў па ІТ-сістэмах. У Польшчы «каэфіцыент амаль на 50% вышэйшы», а галоўнымі аб’ектамі кібератак з’яўляюцца энергетычная галіна і дзяржаўныя ўстановы. Сярод еўрапейскіх дзяржаў горшы паказчык мае толькі Чэхія.
Пра нарастанне колькасці кібератак на Польшчу ў выданні Onet казаў Пшэмыслаў Шулецкі ( Przemysław Szulecki), дарадца ў сферы інфармацыйнай бяспекі і кібербяспекі. Паводле ягоных слоў, штогод назіраюцца сотні тысяч спроб атакаваць кібернетычную сістэму дзяржавы.
Па словах эксперта, «мы павінны чакаць усё большай колькасці такіх атак, калі адбываецца ўмяшанне ў тэхналогіі і рашэнні, якія пастаўляюцца прыватнымі суб’ектамі, але выкарыстоўваюцца дзяржаўнымі ўстановамі». Як адзначыў Шулецкі, «мы не ў стане гэтага пазбегнуць».
— Але Польшча сапраўды добра спраўляецца з выяўленнем гэтых атак і іх нейтралізацыяй, — дадаў Шулецкі, падкрэсліўшы, што колькасць атак на польскую сетку расце, але «колькасць паспяхова праведзеных атак зменшылася».
нг