Маштабная праверка тых, хто прыдатны для службы ў войску, пачнецца ў пачатку лютага 2026 года і працягнецца да канца красавіка. Паводле ацэнак, у медыцынскія камісіі мусяць прыйсці агулам 235 тысяч палякаў, піша forsal.pl.
Хто павінен з'явіцца ў кваліфікацыйную камісію
Гэты абавязак тычыцца мужчын, народжаных у 2007 годзе, а таксама народжаных у 2002–2006 гадах, якія да гэтага часу не маюць вызначанай катэгорыі прыдатнасці да актыўнай вайсковай службы. У гэтым спісе таксама тыя, хто ў 2024 і 2025 гадах быў прызнаны медыцынскімі камісіямі часова непрыдатным для вайсковай службы.
Нават жанчыны і шасцідзесяцігадовыя
У Вайсковыя цэнтры камплектавання таксама павінны зʼявіцца жанчыны 1999–2007 гадоў нараджэння, якія валодаюць навыкамі, карыснымі ў войску. Праверка прыдатнасці да службы ўключае таксама жанчын, якія завяршаюць навучанне ў медыцынскіх, ветэрынарных навучальных установах, а таксама тых, хто вывучае псіхалогію. У гэтым спісе таксама асобы ва ўзросце да 60 гадоў з неўрэгуляваным вайсковым статусам.
А калі позва не прыйдзе?
Што рабіць, калі нехта не атрымае позвы, але трапляе ў групу, якая падлягае кваліфікацыі? Усё роўна трэба з'явіцца. Адсутнасць імяннога выкліку не вызваляе ад гэтага абавязку. Інфармацыя аб месцы і тэрмінах кваліфікацыі публікуецца ў аб'явах ваяводы, якія вывешваюцца ў грамадскіх месцах.
Вайсковая кваліфікацыя замяніла абавязковую тэрміновую службу, адмененую ў 2008 годзе. Пасля ўсёй працэдуры маладыя людзі атрымліваюць толькі даведку, што яны з'явіліся ў Вайсковым цэнтры камплектавання. Яе можна паказаць на працы або ў школе ў якасці апраўдання адсутнасці. Самае галоўнае – з'явіцца перад камісіяй.
Медыцынскі агляд – гэта толькі праверка стану здароўя і фізічнай падрыхтоўкі, а таксама таго, ці прыдатны хтосьці для войска. Ён уключае запаўненне анкеты і размову з псіхолагам. Таксама вымяраецца рост, вага і ціск. Затым лекар праслухоўвае, правярае зрок і іншыя параметры.
Пакаранні за няяўку на выклік вайсковай кваліфікацыйнай камісіі
Якія меры пакарання чакаюць тых, хто не з'явіўся перад вайсковай медыцынскай камісіяй? За гэта пагражае штраф або прымусовае дастаўленне паліцыяй на вайсковую кваліфікацыю ў парадку, устаноўленым правіламі выканаўчага вядзення ў адміністрацыі.
Што палякі думаюць пра вяртанне да абавязковай вайсковай службы?
Жыхароў Польшчы спыталі, ці павінна Польшча ў сувязі з бягучай міжнароднай сітуацыяй зноў увесці абавязковую вайсковую службу. Сабраныя дадзеныя паказваюць, што ў агульнай складанасці 50,5 працэнта ўдзельнікаў апытання падтрымліваюць такую ідэю, пра гэта сведчыць апошні сацыялагічны замер United Surveys, праведзены на замову Wirtualna Polska. З гэтай групы 21 працэнт адказаў «дакладна так», а 29,5 працэнта выбралі варыянт «хутчэй так».
Праціўнікаў вяртання да абавязковага прызыву крыху менш – 40,6 працэнта рэспандэнтаў. У гэтай групе 28,2 працэнта апытаных выбралі адказ «хутчэй не», а 12,4 працэнта выказалі рашучую незадаволенасць, выбраўшы варыянт «дакладна не».
Варта адзначыць, што 8,9 працэнта апытаных не занялі адназначнай пазіцыі, заявіўшы аб адсутнасці меркавання або цяжкасці ў прыняцці рашэння.
Апытанне было праведзена 13–15 верасня 2025 года на рэпрэзентатыўнай выбарцы, якая ўключала 1000 чалавек. Для збору меркаванняў выкарыстоўваліся як метад тэлефонных інтэрв'ю (CATI), так і інтэрнэт-апытанняў (CAWI).
Атрыманыя вынікі паказваюць, што пытанне нацыянальнай бяспекі і ролі арміі ў жыцці грамадства выклікае ў Польшчы моцныя эмоцыі і амаль пароўну дзеліць грамадскую думку.
вх