Беларуская Служба

У Польшчы стартуе Школа лідарства для беларусаў

22.09.2025 14:00
Вядомая польская грамадская арганізацыя фонд «Школа лідарства імя Збігнева Пэлчыньскага», якая доўгія гады займаецца прасоўваннем у Польшчы актыўнага лідарства, прапануе для актывістаў беларускіх грамадскіх ініцыятыў ды няўрадавых арганізацый узяць удзел у праекце «Беларуская школа лідарства».
Аўдыё
  • Беларуская школа лідарства
   .  .
Заняткі ў Школе лідарства. Ілюстрацыйнае фота.Beata Czarnecka/Szkoła Liderstwa im. Zbigniewa Pełczyńskiego

Гэта прапанова для беларусаў і беларусак, якія пражываюць у Польшчы і займаюцца грамадскай дзейнасцю рознага характару: адукацыйнай, сацыяльнай, палітычнай, культурнай, медыйнай ды іншай.

Арганізатары зазначаюць, што ўдзел у праекце дазволіць удзельнікам адтачыць свае лідарскія навыкі і пашырыць свае веды аб грамадскай дзейнасці ў Польшчы. Пра тое, што яшчэ прапануецца і што такое лідарства ў цэлым, чаму яно важнае мы паразмаўлялі з прадстаўніцай фонду спадарыняй Юліяй Руковіч-Чэсняк.

— Ужо шмат гадоў мы рыхтуем лідараў для грамадскага жыцця ў Польшчы, з рознымі палітычнымі перакананнямі. Павінна адразу адзначыць: гэта людзі, якія працуюць у мясцовых органах улады і няўрадавых арганізацыях. Яны бяруць на сябе адказнасць за важныя змены, узначальваюць розныя сацыяльныя групы. Гэта вельмі розныя асобы, як маладыя, так і дарослыя лідары; людзі, якія больш палітычна арыентаваныя і тыя, хто больш сканцэнтраваны на мясцовым узроўні. Яны не з'яўляюцца з ніадкуль, і мы не фармуем іх, а хутчэй ўмацоўваем. Мы стараемся падцягнуць тое, што яны ўжо ведаюць і што яны ўжо робяць.

Акрамя вашай дзейнасці ў Польшчы, вы таксама супрацоўнічаеце з арганізацыямі і лідарамі з Усходняй Еўропы, Украіны і Беларусі. Адкуль ваша цікавасць, і ці адрозніваюцца беларускія лідары ​​ад польскіх?

— Гістарычна кажучы, наш заснавальнік сам быў мігрантам, які перажыў Варшаўскае паўстанне, паступіў у Оксфард і стаў там прафесарам. Ён быў звязаны з лідарствам, бо выкладаў паліталогію. У 1990-х гадах, пасля трансфармацыі ў Польшчы, ён вырашыў умацаваць новыя эліты, якія адчайна мелі патрэбу як у ведах, так і ў новых навыках. Натхнёныя яго падыходам, і проста жадаючы падзяліцца тым, што мы ведаем пра лідарства, мы вырашылі падтрымаць людзей, якія займаюць лідарскія пасады і паходзяць з Беларусі, Украіны, ці ўвогуле з Усходу. Апошнія некалькі год нам удалося сапраўды засяродзіцца на асобах беларускага паходжання. тым больш, што беларусаў цяпер шмат у нас, яны актыўныя ў Варшаве, Уроцлаве, Гданьску, Кракаве ці Беластоку, сталі часткай нашага грамадства. Чаму б нам не падтрымаць іх, асабліва пасля 2020 года.

У 2020 годзе сітуацыя ў Беларусі рэзка пагоршылася, была запушчана махіна палітычных рэпрэсій, і шмат каму давялося з'ехаць за мяжу, у тым ліку ў Польшчу. Ці было складана пачаць з імі працаваць?

— У нашай школе менш лекцый, больш семінараў і практычных заданняў, а таксама навучанне на вопыце, бо так вучацца дарослыя. Калі мы даём розныя заданні ці практыкаванні людзям з Беларусі, яны іх вырашаюць так жа, як і лідары ​​з Польшчы. Супрацоўніцтва, якое існуе паміж людзьмі, сапраўды ўніверсальная рэч, і таму мы лічым, што можам дзяліцца і вучыцца лідарству разам, бо ў нас адна мэта: пераканаць кагосьці, прыцягнуць да агульнай дзейнасці, згуртаваць людзей, каб ажыццявіць важныя сацыяльныя змены. Адрозненне, напэўна, у адукацыйным вопыце. Паколькі мы абапіраемся на практычныя практыкаванні, беларускім лідарам спачатку патрэбны час, каб зразумець наш метад. Некаторыя з іх чакаюць лекцый, прэзентацый і падрабязных інструкцый, бадай, у гэтым самае вялікае адрозненне.

Што вы прапануеце людзям з Беларусі сёння? Калі хтосьці зацікаўлены ў гэтай школе лідарства, чаму ён зможа навучыцца?

— Мы прапануем практычныя інструменты, карысныя для лідараў, звязаныя з камандаўтварэннем, кіраваннем людзьмі і фарміраваннем узаемадзеяння вакол агульных мэт. Гэта прадугледжвае працу з камандай такім чынам, што мы не заўсёды можам плаціць заробкі як у карпарацыях. Тут патрэбна большая матывацыя, каб пераканаць людзей паверыць вам, што агульная мэта на карысць усіх нас і што для яе варта працаваць.

Гэта не першы год, як працуе гэтая школа для беларусаў?

— Так, праўда, гэта не першы год. Вы пыталіся пра тое, што атрымаюць удзельнікі. Гэта інструменты, пра якія я згадвала, звязаныя з працай з людзьмі, але таксама інструменты для пераконвання іншых. Будзе шмат практыкі публічных выступаў; кожны год у нас праводзяцца майстар-класы і практыка па розных спосабах публічных выступаў. І трэцяя рэч, якая вельмі важная як для польскіх, так і для беларускіх удзельнікаў, — гэта кантакты з новымі людзьмі, у тым ліку з польскімі лідарамі, выпускнікамі нашых бягучых праграм. Гэта дазваляе абменьвацца вопытам і інфармацыяй, а таксама ствараць групу падтрымкі. І ёсць яшчэ адна рэч, не менш важная для нас - усведамленне лідарства. Гэта значыць, вы знойдзеце адказ на пытанне, чаму я хачу быць лідарам, з кім, для каго і як, якія мае моцныя бакі і на чым я магу пабудаваць сваё лідарства.

Раскажыце, што вы рыхтуеце ў гэтым годзе?

— Мы цяпер запускаем новы набор у Беларускую школу лідараў, якая пачнецца ў кастрычніку, мы збіраем заяўкі да 22 верасня. Мы прапануем тры семінары па камандаўтварэнні, яшчэ пра тое, як працуюць няўрадавыя арганізацыі ў Польшчы, як збіраць сродкі, як больш эфектыўна функцыянаваць у няўрадавым сектары ў Польшчы. Таксама будзе падрыхтоўка да публічных выступаў, каб умець пераконваць людзей падтрымліваць вашу дзейнасць і місію. Таксама запланаваныя два навучальныя візіты ў Варшаву і Гданьск. Некалькі, можа, тры, онлайн-сустрэчы з цікавымі гасцямі ды індывідуальнае ментарства. Мы плануем прыняць сёлета 14 чалавек на гэты праект. Такім чынам, будзе невялікая група, дзе вы зможаце развіць свае лідарскія якасці.

Ці ёсць у вас веды пра тое, што робяць тыя, хто быў раней на Школе. Ці ў іх ёсць ужо поспехі?

— Так. Ёсць ужо першыя поспехі за апошнія гады. Напрыклад, Алена заснавала цэнтр творчасці ў варшаўскім раёне Грохаў у форме сацыяльнага прадпрыемства, працуюць бежанцы, пераважна з Беларусі, і яны выкарыстоўваюць свае творчыя таленты. Гэта фонд «Арцель». Напрыклад, у Гданьску Раман працуе ў складзе Беларускага культурнага таварыства «Хатка», надаючы ўвагу падтрымцы культуры, каб беларускія гадавіны адзначаліся на высокім, прафесійным і мастацкім узроўні. Ва Уроцлаве Таццяна арганізуе Фестываль незалежнай беларускай культуры. 12-ы па ліку адбыўся ў мінулым годзе, у кастрычніку.

На чым яшчэ сканцэнтраваны беларускія лідары ў Польшчы і ці заўважаюць палякі беларускі элемент?

— Мы бачым, што многія людзі з Беларусі засяроджваюцца на культурнай, сацыяльнай, грамадзянскай дзейнасці, і яшчэ на правах чалавека. Яны вельмі актыўныя і могуць быць натхненнем для нашых лідараў. Я не раз чула, калі мы запрашалі іх разам на семінары, што польскія выпускнікі нашых праграм казалі, што прысутнасць людзей з Беларусі для іх вельмі важная, што яны з'яўляюцца пасламі беларускага грамадства ў Польшчы.

Спадарыня Юлія, вы згадалі, што польскія ўдзельнікі праграм па развіцці лідарства кажуць, што беларускія калегі іх натхняюць. А што вы адкрылі для сябе пасля кантактаў з беларусамі?

— Я ўвесь час адкрываю для сябе нешта новае. Мне, безумоўна, цікавая крэатыўнасць беларусаў у пошуку спосабаў умацавання грамадзянскіх пазіцый, беларускай культуры і мовы. Часта гэта робіцца праз моўныя курсы або вывучэнне традыцыйных беларускіх песень, але не толькі. У нас быў удзельнік, які кіруе футбольнай камандай, трэніруе дзяцей па футболе і імкнецца да таго, каб беларускія каманды маглі гуляць у афіцыйных спаборніцтвах у Польшчы. Гэта вельмі цікавы прыклад для мяне, бо гэта зусім незвычайна і пакуль што рэдкі сярод нашых удзельнікаў, каб нехта імкнуўся ўмацоўваць пачуццё нацыянальнай ідэнтычнасці праз прафесійны спорт.

 Размаўляў Юры Ліхтаровіч